Пашпарт з рук губернатара
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – асноўны Закон Рэспублікі Беларусь, які мае вышэйшую юрыдычную сілу і замацоўвае асноватворныя прынцыпы і нормы прававога рэгулявання важнейшых грамадскіх адносін. Такое вызначэнне прыводзіцца ў артыкуле 12 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2018 года «Аб нарматыўных прававых актах» канстытуцыі нашай краіны. 15 сакавіка Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь адзначае свой 27-ы Дзень нараджэння.
У гэты дзень у Гродзенскай філармоніі ў рамках Усебеларускай акцыі «Мы – грамадзяне Беларусі!» уручаліся пашпарты 14-гадовым грамадзянам нашай вобласці.
На дадзенае мерапрыемства ў ліку 20 навучэнцаў Гродзеншчыны быў запрошаны вучань 8 «А» класа сярэдняй школы № 7 Дзяніс Вяршковіч – уладальнік дыпломаў за перамогі ў прадметных алімпіядах па фізіцы і матэматыцы. Акрамя вучобы, Дзяніс займаецца дзюдо. Удзел у спаборніцтвах па гэтым відзе спорту таксама прыносіць яму прызавыя месцы.
Уручэнне першага і самага галоўнага дакумента адбылося ў незвычайнай, ўрачыстай абстаноўцы. Падлеткі атрымлівалі пашпарт з рук самога губернатара Гродзенскай вобласці Уладзіміра Караніка, таму крыху хваляваліся. Справіцца з эмоцыямі падчас важнага мерапрыемства Дзянісу дапамаглі яго мама Вольга Вяршковіч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Шчасная, аднакласнікі.