Вольга Лук’яненка: «Рабіць работу трэба сёння, а яшчэ лепш – учора»

 

Вольга Лук’яненка: «Рабіць работу трэба сёння, а яшчэ лепш – учора»

Общество
16.11.2024
1899

Аднойчы на раённай імпрэзе, прысвечанай Дню жанчын, у прывітальным слове тагачасны старшыня Смаргонскага райвыканкама Мечыслаў Гой адзначыў: «У гэта цяжка паверыць, але калі працоўныя справы ў калектыве не ладзяцца і даводзіцца мяняць кіраўніка, то на вакантнае месца мы прызначаем жанчыну – і яна паспяхова спраўляецца з цяжкасцямі». Адзін з такіх прыкладаў, несумненна, – Вольга ЛУК’ЯНЕНКА, дырэктар камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «АграСолы».

IMG_7353.JPG

Слязам не верыла Масква і сярэдніх памераў СВК

Верасень 2004 года. Навіна пра тое, што Вольга Іванаўна будзе старшынёй сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Солы» (у 2017 годзе яго перайменавалі ў камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «АграСолы») разляцелася па сольскіх ваколіцах імгненна. Мясцовыя жыхары добра ведалі Вольгу Лук’яненку. Яна хоць і працавала ў райсельгасупраўленні, але жыла ў Солах. «Хто? Жанчына – старшыня? Хіба гэта жаночая справа – кіраваць «калгасам»?» – многія людзі тады скептычна ставіліся да такой навіны.

Спадчына новаму кіраўніку дасталася незайздросная, уся з прыназоўнікам «без»: тэхніка застарэлая, жывёлагадоўчыя фермы патрабавалі рамонту, грошай у касе – шарам пакаці. Напэўна, мала хто верыў, што гаспадарка, якая, можна сказаць, ляжала на лапатках, падымецца. А яна не толькі распрастала крылы, але і ўзляцела – аказалася ў ліку лепшых у вобласці і рэспубліцы.

За апошнія два дзясяткі гадоў работнікі КСУП «АграСолы» неаднаразова атрымлівалі ўзнагароды на раённых і абласных «Дажынках», у спаборніцтвах па жывёлагадоўлі. Гаспадарка аказалася сярод лепшых прадпрыемстваў Гродзеншчыны, якія дасягнулі высокіх вынікаў работы ў 2022 годзе, і была занесена на абласную Дошку гонару.

Вольга Лук’яненка – лаўрэат прэміі «Чалавек года Гродзеншчыны ў вытворчай сферы за 2018 год», узнагароджана медалём «За працоўныя заслугі», ёй прысвоены званні «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь» і «Ганаровы грамадзянін Смаргонскага раёна».

2.jpg

Каб дасягнуць такога поспеху, спатрэбіліся неймаверныя намаганні. І старшыні, і калектыву. Адзін у полі не воін – з гэтым нельга не пагадзіцца. Таму Вольга Іванаўна ўвесь час сцвярджае, што за яе асабістымі ўзнагародамі стаіць работа каманды. Між іншым, менавіта ў руках кіраўніка знаходзіцца тая самая віртуальная кнопка «пуск»,  якая прыводзіць у дзеянне ўсе механізмы бізнес-працэсу і ад работы якой залежыць далейшы вынік.

«У 40 гадоў жыццё толькі пачынаецца», – сцвярджала гераіня фільма «Масква слязам не верыць». Тое ж самае гаворыць і Вольга Лук’яненка. Дарэчы, слязам не верыла не толькі вялікая сталіца магутнага СССР, але і сярэдніх памераў СВК, якому патрабавалася моцная гаспадарчая рука. Вользе Лук’яненцы было толькі 40, калі з пасады вядучага агранома райсельгасупраўлення яна перайшла на пасаду кіраўніка кааператыва, узваліла на свае плечы «нежаночы» груз.

10.jpg

– Памятаю, мой працоўны дзень задоўга да планёркі пачынаўся то на палях, то на фермах. Час папрацаваць з паперамі знаходзіла, калі з поля з’язджаў апошні трактар, а фермы завяршалі вячэрнюю дойку, – успамінае Вольга Іванаўна. – І хоць цяпер на кожным вытворчым участку ёсць спецыяліст, які асабіста ўсё кантралюе і якому я давяраю, тым не менш стараюся заўсёды трымаць руку на пульсе. Упэўнена: кіраўнік павінен быць усюды, ведаць «ад» і «да», што адбываецца штодзень у гаспадарцы. Таму ў рабочым  кабінеце не сяджу, за рулём аўтамабіля за дзень праязджаю да 200 кіламетраў.

Работа на зямлі – не гераізм, але нешта блізкае

– «Сама працавала ад світання да змяркання і работнікам спуску не давала, пастаянна паўтарала, што толькі стараннасцю можна дасягнуць жадаемага выніку», – пра гэта і цяпер успамінаюць тыя, з кім Вы пачыналі свой працоўны шлях у СВК «Солы». А ў сваім першым інтэрв’ю, якое Вы далі газеце «Светлы шлях», калі ўзначалілі гаспадарку, наогул заявілі, што спаць не любіце. Мяне гэта ўразіла! Нават такі момант яскрава сведчыць пра Вашу выключнасць. Раскажыце, калі ласка, а што ўспамінаеце з таго часу, калі пачалі кіраваць СВК?

– Прызнацца, на першым часе рукі апускаліся. Трактары, якім мінімум па два дзясяткі гадоў, ламаліся літаральна праз дзве гадзіны працы ў полі. Не было камбайнаў, на ўсю гаспадарку – адзін пагрузчык. Амаль усе кароўнікі драўляныя, старыя. Неяк на адным з іх абвалілася столь… Добра, што ніхто не пацярпеў. А грошай ледзь хапала выплаціць заробак. Безумоўна, людзям я не абяцала залатых гор, а кожны дзень гаварыла, што без працы нічога не атрымаецца.

Спатрэбіліся тры гады, каб толькі падцягнуць паказчыкі і ўбачыць найбліжэйшыя перспектывы. Але далей справы пайшлі не па плане: да СВК «Солы» далучылі адсталую гаспадарку – СВК «Кушляны». Плошча ворных зямель павялічылася з 1770 да 5 тысяч гектараў. Дадалося і эканамічных клопатаў: неабходна было разлічвацца з атрыманымі ў спадчыну даўгамі. Тады мы думалі не пра перспектывы, а пра тое, як забяспечыць штодзённы працэс, як тут і цяпер спрацаваць з максімальнай эфектыўнасцю, не ўпусціць ні хвіліны часу і атрымаць найбольшую аддачу. Гэта быў самы цяжкі год, трэба было не толькі паспяваць у полі, але і неяк мяняць адносіны новага калектыву да работы. Нашы людзі паверылі ўжо ў мяне, убачылі, што ёсць вынік, і прывыклі працаваць сумленна.

Цяжкі пераломны год перажылі, «прыраслі» да новых палёў, прывыклі да людзей і навучылі іх думаць па-новаму, ставіцца па-гаспадарску да сваёй справы. І гэта таксама дало добры плён.

Зразумела, без сучаснай тэхнікі, перадавых тэхналогій дабіцца жаданага выніку  было немагчыма, таму сталі абнаўляць машынна-трактарны парк, рамантаваць старыя фермы, будаваць новыя.

– Прызнацца, мяне прымусіла задумацца Ваша меркаванне наконт таго, што рабіць работу трэба сёння, а яшчэ лепш – учора, і так, як патрабуе тэхналогія.

– У гэтым і заключаецца сакрэт нашага поспеху! Што гаварыць, работа на зямлі – цяжкая. Не гераізм, безумоўна, але нешта блізкае да гэтага паняцця. У чалавека, які працуе на зямлі, пачуццё адказнасці больш развітае. Адказнасці і трывогі, бо многае залежыць ад цябе самога і тваёй стараннасці.

6.jpg

5.jpg

3.jpg

– Ведаю, што землі гаспадаркі не вельмі ўрадлівыя. Таму дыплом агранома, веды, атрыманыя ў сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках, Вы прымянялі па поўнай. Ураджайнасць якіх культур стала рэкорднай для КСУП «АграСолы»?

– Землі ў нас сапраўды – не падарунак: лёгкія, вільгаць у іх не трымаецца. Тым не менш, на асобных участках, калі культуры атрымлівалі  дастаткова вады, збіралі рэкордны для гаспадаркі ўраджай азімага рапсу (80 ц/га), азімай пшаніцы (90 ц/га) і цукровых буракоў (900 ц/га). А рэкордны сярэдні ўраджай зерневых у гаспадарцы дасягнуў 60 ц/га.

– Тое ж самае можна сказаць і пра жывёлагадоўлю. У гэтым кірунку таксама былі прыкладзены неймаверныя намаганні, каб выйсці ў абласныя лідары па рэалізацыі малака.

– Калі ў 2004 СВК «Солы» рэалізоўвала 1,5 тоны малака ў дзень, то сёння гэта лічба дасягае 90. Па аб’ёме малака, якое рэалізуецца, КСУП «АграСолы» займае другое месца ў вобласці. Цяпер у нас налічвацца 10 з паловай тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку дойны статак – больш за тры тысячы галоў.

8.jpg

Майстар «рознасолаў»

Асаблівая гордасць КСУП «АграСолы» – новыя малочнатаварныя комплексы «Солы» і «Вікторыя», міні-завод па вытворчасці камбікорму…

– Так, новыя аб’екты патрабавалі вялікіх фінансавых укладанняў, але, па нашых падліках, яны сябе апраўдаюць і прынясуць яшчэ лепшыя вынікі. На міні-заводзе робім самі адрасныя кармы. Побач пабудавалі цэх па перапрацоўцы рапсу, цяпер мы поўнасцю забяспечаны высокабялковым жмыхам. 

У планах – будаўніцтва рамонтнай майстэрні, забойных цэхаў на буйных жывёлагадоўчых комплексах, рэканструкцыя кафэ ў Солах…  Я ўжо зразумела: колькі мы будзем жыць, столькі будзем будаваць.

9.jpg

– Ёсць у аграгарадку Солы невялікае кафэ з арыгінальнай назвай «РознаСолы», якое ўдала спалучае і кулінарны, і геаграфічны сэнсы. У адным інтэрв’ю журналіст, прымяніўшы мову метафар назваў Вас майстрам  «рознасолаў», якія праяўляюцца ў пастаянным клопаце пра гаспадарку і пра тых, з кім працуеце…

– Упэўнена, што ўкладваць сродкі трэба не толькі ва ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, але і ў людзей. У нас у гаспадарцы – цудоўныя работнікі. Радуе, што яны сумленна ставяцца да работы.

Мы імкнёмся, каб людзі атрымлівалі вартыя зарплаты. Клапоцімся аб працаўніках у перыяд адказных сельскагаспадарчых работ. З пачаткам вясны ў нас арганізавана гарачае харчаванне для механізатараў, якое прывозіцца на поле. Калі павялічваецца працоўны дзень, людзям выдаецца дадаткова сухая пайка. Жывёлаводаў кормім на працягу года: на малочнатаварных фермах для гэтага ёсць пакоі для прыёму ежы.

Акрамя кафэ «РознаСолы», у нас ёсць база адпачынку «Прычал», дзе могуць спыніцца ўсе жадаючыя. І нашы работнікі любяць там адпачываць. На «Прычале» традыцыйна збіраемся і святкуем «Дажынкі», Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі.

4.jpg

– Шмат увагі ўдзяляеце і будаўніцтву жылля.

– За дваццаць гадоў у гаспадарцы пабудаваны і куплены 80 дамоў і 13 кватэр з усімі выгодамі. У Солах з’явіўся маладзёжны пасёлак. І цяпер будуем 4-кватэрны дом для новых работнікаў гаспадаркі. Важна, каб маладыя людзі прыязджалі да нас працаваць і пускалі тут свае карані. Цяпер насельніцтва ў аграгарадку больш за 1200 чалавек. Мая мара, каб гэта лічба штогод павялічвалася. 

– Вядома, быць жанчынай-кіраўніком нялёгка. Але вытворчыя поспехі складана ўявіць без надзейнага тылу – сям’і.

– Сапраўды, для мяне было вельмі важна, каб з паразуменнем да маёй работы ставіліся родныя. Мне ў гэтым плане пашанцавала. Я ўвесь час адчуваю падтрымку мужа і дзяцей. Цяпер муж таксама працуе ў гаспадарцы, а дзеці ўжо сталі самастойнымі, займелі свае сем’і. Я шчаслівая жонка, маці, бабуля.

– Як бы Вы адказалі на пытанне: «Што для Вас Смаргоншчына?»

– Словы «зямля», «ураджай», «хлеб», «праца» знаёмыя мне з дзяцінства. Мой тата, калі працаваў вадзіцелем у калгасе, часта браў мяне на ўборку збожжа. Напэўна, тады, у далёкія 1970-я гады, калі я жыла ў Семянках, нарадзілася ўва мне любоў да роднай зямлі, да роднага краю. Смаргоншчына – гэта мая радзіма, мой шлях, маё шчасце, маладосць і сталасць, узлёты і падзенні, гора і радасць. Мая Смаргоншчына – гэта маё ўсё!».

Галіна АНТОНАВА

Фота аўтара і з архіва Вольгі ЛУК’ЯНЕНКІ

Статьи по теме: