Маляваныя дываны Ніны Бохан

 

Маляваныя дываны Ніны Бохан

Культура
17.03.2021
4461
Амаль два гады пошукаў, знаходак – і, нарэшце, выстава ў Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі “Маляваныя дываны Ніны Бохан”. Гэта сумесны праект музея і газеты “Светлы шлях”.

IMG_3278.jpg

IMG_3442.jpg

IMG_3309.jpg

Самабытная мастачка Ніна Бохан некалькі разоў была гераіняй матэрыялаў, якія друкаваліся ў нашай газеты. Яна не мела ні пашпарту, ні жылля, хадзіла па вёсках і стварала прыгажосць у вясковых хатах. 

IMG_3235.jpg

IMG_3248.jpg

IMG_3236.jpg

На выставе прадстаўлены работы самой Ніны Бохан, што былі знойдзены на тэрыторыі Смаргонскага, Астравецкага і Маладзечанскага раёнаў, а таксама маляванкі са Смаргоншчыны, аўтарства якіх дакладна не ўстаноўлена. Экспазіцыя дапоўнена відэаматэрыялам, багатым фотаархівам і іншымі цікавымі экспанатамі – усе яны прадстаўлены шырокай аўдыторыі ўпершыню.

IMG_3389.jpg

IMG_3358.jpg

У адкрыцці выставы прынялі ўдзел сябра этнаграфічнага таварыства Аляксей Крукоўскі, які ў 2018 годзе ўдзельнічаў у этнаграфічнай экспедыцыі па Смаргоншчыне, і журналіст газеты “Светлы шлях” Галіна Антонава. Яны вывучалі жыццёвы і творчы лёс мастачкі, шукалі па людзях яе работы. Галіна таксама прадставіла на выставе сваю кнігу “Самародкі”, у яе ўвайшлі матэрыялы газетнага праекта “З крыніц народных, жыватворных” – пра таленавітых людзей Смаргоншчыны, якія не мелі спецыяльнай адукацыі, але дабіліся вялікіх поспехаў у сваёй любімай справе. Ёсць у гэтай кнізе нарыс і пра Ніну Бохан.

IMG_3314.jpg

IMG_3461.jpg

Выступіла  Эдзіта Бранцэвіч,  выхавальніца дзіцячага сада №8, якая прыдумала казкі і заданні для дзяцей па матывах маляванак Ніны Бохан, разам з творчай групай навучальнай установы “выпусцілі” рукатворную кнігу. Дачка Эдзіты Эдуардаўны,  дызайнер Дзіяна Бранцэвіч, пачала шыць торбачкі з выявамі маляванак самабытнай мастачкі, якія таксама прадстаўлены на выставе. Да імпрэзы яна стварыла для мамы сукенку, на якую перамалявала кветкі з работы Ніны Бохан.

IMG_3237.jpg

IMG_3241.jpg

На экспазіцыі можна пабачыць копію работы (у натуральны велічыню ), якую напісала гомельская мастачка Святлана Наздрын-Платніцкая. Яна выпадкова знайшла інфармацыю пра Ніну Бохан на нашым сайце. Гісторыя самабытнай творцы моцна ўразіла Святлану. На працягу двух месяцаў яна стварала партрэт Ніны Бохан, завяршыла работу 27 студзеня – якраз да імянін Святой Ніны.

IMG_3247.jpg

IMG_3467.jpg

Адкрыццё выставы ўразiла атмасферай – цёплай і ўтульнай, - кажа Наталля Чырвонцава, выкладчыца малюнка, жывапісу, тэорыі арнаменту Маладзечанскага музыкальнага каледжа імя Агінскага. -  Такое ж цёплае i ўтульнае мастацтва. Творы нясуць радаснае святло мары аб iдэальным, райскiм iснаваннi на зямлi. Поўныя годнасцi аленi, iльвы, мядзведзi, рысi, зайчыкi iснуюць разам. Нават паляўнiчы са смешнай стрэльбай, здаецца, не жадае нiкога забiць. Жаночая душа ўвасабляецца ў кветках. Якая ж у Нiны яна шчодрая, моцная! Хараство i разнастайнасць кветак ураджваюць: ружы, пiвонi, фiялкi, ландышы. Напiсаны з вялiкай любоўю, нейкiм вельмi тонкім, трапяткім пачуццём. Здаецца, Нiна сама захацела з’явiцца з небыцця, каб падзяліцца гэтай прыгажосцю. Дзякуй усім добрым людзям, якiя за такi невялiкi час зрабiлi вельмi важную справу – адкрылі новае iмя ў беларускiм iнсiтным мастацтве”.

У прыватнай бяседзе сваяк мастачкі Павел Бохан прамовіў: ”Якое свята… Каб Ніна ўбачыла ўсё гэта, не паверыла б... Яна ж простая жанчына была”.

Выстава будзе працаваць да 2 красавіка.


P.S. На наступны дзень пасля выставы смаргонская паэтка Вера Вайцюль, якая таксама была на адкрыцці, прыслала нам верш, які нарадзіўся літаральна за ноч.


Малюнкі Ніны Бохан

Пакуль жыве балючасць у душы

да краю роднага, малой радзімкі,

не адлятуць у тло імёнаў матылі,

не перасохнуць ведаў ручаінкі.

 

І ажыве, паўстане аж здаля,

надзей людскіх усцешаная радасць,

і праз мяцеліцы жыццёвага быцця

свае заслоны прыадкрые памяць.

 

Ацепліць сэрца рэдкі абразок,

што ў Ручыцкай царкве намаляваны,

сурвэтак шэрых саматканых палатно

расквецяць ружы Ніны палымяна.

 

Вандроўніца, усе сумоўі вашы

у адным памкненні: хараство тварыць,

у вясковых хатках ажывалі птахі,

і волаты стаялі на мяжы.

 

І ручнікі, настольнікі, і сцены

у роспісах, як цуд, які нятленны.

Малюнкі паўставалі знізу ўверх,

прастора вобразаў-адна з манер.

 

Што можа неспакойная душа

сабе фальклор асноваю абраўшы?

- Тварыць, як творыць геній чалавечы,

ды дзівы дзіўныя на векі вечныя.

 

Як па спіралі зноўку знізу ўверх

ад зусім простага да найвышэйшага,

каб перадаць адзіны рэдкі міг –

праяву Творцы нашага мудрэйшага.

Аляксандра ЦЫБОЎСКАЯ.

Фота Дзяніса ЯРОЎСКАГА.

Статьи по теме: