У віры рынкавага пляца

 

У віры рынкавага пляца

Общество
30.09.2024
593

Кожнае самабытнае мястэчка нашага краю раней пазнавалася па наяўнасці рынка ў яго цэнтры. Калі духоўнае жыццё старажытнага паселішча было звязана з храмам, то яго грамадска-гандлёвым цэнтрам можна смела лічыць рынкавую плошчу. На ёй адбываўся гандлёвы абмен, абмяркоўваліся важныя падзеі, праводзіліся ўрачыстасці і забавы. У Смаргоні такі пляц утварыўся на скрыжаванні важнага камунікацыйнага шляху з Вільні ў Мінск і дарогі з Крэва ў Жодзішкі.

Смаргонь рынак.jpg

Ад рынка адыходзілі самыя першыя гарадскія вуліцы: Віленская (сучасная вул. Савецкая), Крэўская (вул. Гагарына), Дворная (пачатак вул. Леніна), Скамарохавая (вул. Танкістаў) і Скепянская (вул. Кірава). Што цікава, у мястэчках Ашмянскага павета, якія ляжалі на шляху старога Віленскага паштовага тракту, спачатку ад рынка адыходзіла па пяць вуліц. Их назвы дапамагалі арыентацыі ў гарадской прасторы і адна з іх абавязкова мела назву Віленскай.

Сёння месцы гэтых былых гандлёва-рамесніцкіх плошчаў у Солах, Жупранах, Ашмянах і Мураванай Ашмянцы можна пазнаць па прыгожых і добраўпарадкаваных цэнтральных скверах. У 70-я гады мінулага стагоддзя было зменена архітэктурнае аблічча былога смаргонскага рынка ў сувязі з узвядзеннем рэстарана «Вілія», кінатэатра «Космас» і паштовага аддзялення. Аднак месца рынка сёння можна вызначыць, калі ўлічыць, што памятны знак у гонар 500-годдзя горада знаходзіцца ў цэнтры гістарычнага гандлёвага пляца. Памеры смаргонскага рынка, які паводле сваёй формы набліжаўся да прамавугольніка, складалі каля двух гектараў. Гэта быў найбуйнейшы пляц сярод пералічаных рынкаў Ашмянскага павета, памеры якіх былі не больш за гектар.

Гандаль увогуле займаў важнае месца ў жыцці гараджан, таму што трэцяя частка насельніцтва горада была гандлярамі. У пачатку 20 стагоддзя ў Смаргоні праводзілася 5 кірмашоў: у сераду на чацвёрты тыдзень Вялікага паста, 6 жніўня, 8 і 29 верасня, 20 снежня. Таваразварот на кірмашах з гадамі прыкметна рос, горад стаў уваходзіць у лік найважнейшых кірмашовых месцаў краю.

Каштоўную інфармацыю пра жыццё смаргонскага рынка перад Першай сусветнай вайной узгадаў ва ўспамінах старажыл горада Уладзімір Жабінскі. Аказваецца, рыначная плошча была асабліва шматлюднай тры разы на тыдзень. У нядзелю, калі адбываліся набажэнства ў царкве, і ў гандлёвыя дні – сераду і пятніцу.

На рынку гандлявалі харчовымі прадуктамі, абуткам і адзеннем, скабянымі і сталярнымі вырабамі, іншай рознай дробяззю. Пад адкрытым небам, на сталах, па адной лініі гандлявалі абаранкамі. Буйны абаранак каштаваў 1 капейку, вязанка маленькіх (іх называлі бублікамі) – 3 капейкі, а вязанка салодкіх сушак з ванілінам – 10 капеек. На заводзе газіраванай вады можна было набыць шклянку чыстай газіроўкі за капейку, за тры – шклянку газіроўкі, у якую дадавалі салодкі сок.

Прыцягвалі ўвагу наведвальнікаў рынка клеткі з сініцамі, шчыгламі, чыжамі і іншымі птушкамі. Аматары прыроды маглі набыць гэтых «нявольнікаў» і тут жа выпусціць іх у паветра. Па рынку хадзіў стары яўрэй, які ў высока паднятай руцэ трымаў вязанку доўгіх вузкіх папяровых палосак. Падпальваў адну з іх – і прысутныя маглі адчуць пах дыму ад тлеючай паперы. Той, каму спадабаўся такі пах, мог набыць палоску.

Вакол рынкавага пляца сфарміраваліся гастранамічныя, мануфактурныя, аптэчныя крамы, розныя майстэрні, крама сельскагаспадарчых прылад Хадароўскага, піўныя ларкі, корчмы…  Вазы сялян, якія прыехалі на рынак, выстройваліся на плошчы ў некалькі радоў. Аглоблі падымаліся ўверх і прывязваліся да ваза, паміж імі ставілі каня, які бадзёра жаваў сена. Для прыцягнення ўвагі і рэкламы на верх аглобляў прымацоўваўся тавар, якім гандлявалі.

У агульнай архітэктурнай панараме рынка Смаргоні дамінавала старадаўняя царква Праабражэння Гасподня. Каля яе доўгі час знаходзіліся могілкі, якія былі адгароджаны ад рынка плотам. Пасля прынятага дзяржаўнымі ўладамі ў 1791 годзе рашэння аб пераносе могілак з гарадскіх цэнтраў, пахаванні сталі адбывацца ў іншых месцах. У Смаргоні з 1866 года яны былі перанесены на старыя могілкі, на якіх хавалі каталіцкіх вернікаў.

Каля царквы знаходзіўся будынак пажарнай аховы і трыбуна. Падчас гарадскіх урачыстасцей на гэтым месцы адбываўся цікавы рытуал.  Пасля набажэнства ў цэрквах сюды накіроўвалася мясцовая грамада. На трыбуну падымаліся святары, скарбнік, прыстаў, начальнік пошты, інспектар вучылішча і іншая гарадская знаць. Пачыналася цырымонія з падрыхтоўкі да ўручэння сцяга пажарнай ахове. Для гэтага ўсе прысутныя на трыбуне па чарзе прыбівалі гафрыраванымі цвікамі палатно сцяга да драўлянай асновы.  Пасля гэтага сцяг асвячалі, згортвалі і перадавалі на захоўванне начальніку пажарнай дружыны.

На рагу былой Скамарохавай вуліцы (у той час ужо Мядзвецкай) узвышаўся будынак валасной управы. Адсюль у 1914 – 1915 гадах выпраўляліся на вайну ваеннаабавязаныя жыхары горада і бліжэйшых паселішчаў. Той, хто вярнуўся ў Смаргонь пасля Першай сусветнай вайны, убачылі разбураны горад. У пасляваенны час адным з першых аднавілі мясцовы рынак: ад яго дзейнасці залежала хуткае ўзнаўленне і развіццё як горада, так і пацярпелых ад вайны навакольных мясцін.

З 1926 года базары ў Смаргоні і Жодзішках сталі праводзіцца ў сераду, у Крэве, Солах і Вішневе – у аўторак, у Войстаме – у панядзелак. Пра тагачасныя рэаліі гандлёвых дзеяў распавёў настаўнік мясцовай гандлёвай школы і краязнаўца Альфонс Высоцкі ў сваім артыкуле «Купіць ці не купіць, а патаргавацца «можна», надрукаваным у часопісе «Ілюстрацыя Польска» за 1936 год. У міжваенны перыяд ён шмат распавядаў пра тутэйшае жыццё. У віры смаргонскага рынка разглядаў амаль тое ж, пра што ў даваенны час згадваў Уладзімір Жабінскі.

Акрамя таго, што кошт тавараў быў у іншай валюце, аўтара артыкула здзівілі нізкія цэны на харчовыя тавары, асабліва на грыбы і ягады. Попытам карысталіся танныя саматужныя вырабы мясцовых рамеснікаў, сельскагаспадарчыя прылады, немудрагелісты ганчарны посуд, скруткі лёну, які на той час лічыўся адным з галоўных «прадуктаў» віленскай зямлі.

Напрыканцы 1936 года на рынку была адкрыта артэзіянская студня, якая забяспечвала гандляроў і жыхароў якаснай вадой. З мэтаю адводу лішкаў вады быў пабудаваны драўляны трубаправод да ракі Гервяткі. Справа каштавала 500 злотых з гарадскога бюджэту.

У савецкія часы кірмашовая традыцыя пакрысе станавілася іншымі. Гэтаму паспрыяла новая арганізацыя продажу прадуктаў і тавараў праз магазіны. Рынак захаваўся, быў падзелены на харчовы і рэчавы, іх месцазнаходжанне некалькі разоў пераносілася. Але гэта ўжо тэма для іншага краязнаўчага даследавання.

Рынак Смаргони 1.jpg

Уладзімір ПРЫХАЧ

Статьи по теме: