Панара - вёска з багатай гісторыяй

 

Панара - вёска з багатай гісторыяй

Галина АНТОНОВА
11.02.2024
449
Панара – невялікая вёска ў Каранёўскім сельсавеце. Вядомы беларускі тапаніміст Вадзім Жучкевіч выводзіў назвы паселішча Панара і рэчку Панарку, на якой яна ўзнікла, ад “балтыйскага “panarinti” – “нырнуць, пагрузіцца ў ваду”. Літоўскія ж этымолагі звязваюць назву з тым, што адсюль пачынаецца адзін з вытокаў ракі Нерыс (па Нерысу). Нарка сведчыць, што яна меньшая чым Нерыс, гэта значыць “маленькі Нерыс”.  

Упершыню ў пісьмовых крыніцах Панара ўзгадваецца ў 1490 годзе, калі Багдану, сыну татарскага князя Алі-Бердзея, быў выдзелены аднайменны маёнтак з абавязкам ваеннай службы. Сын Багдана Алі фігуруе ў спісе літоўскага войска за 1528 год. Ён – бацька   Сенькі і Багдана, якія далі пачатак родам Панарскіх і Палтаржыцкіх. Панарскія здаўна былі прыпісаны да Найманскай харугвы і да сярэдзіны 18 стагоддзя карысталіся тытулам князёў. Старадаўняя татарская сядзіба Панара ў 1540 годзе перайшла віленскаму ваяводу Ежы Радзівілу, наступным яе ўладальнікам стаў Фёдар Ластоўскі. У 1559 годзе яе прадалі татарыну Курману Ахметавічу, пасля яна праходзіла праз рукі Давідавічаў, Волкаў, Белякоў, Рагінскіх, Галецкіх, Наркевічаў…

Напрыканцы 19 стагоддзя існавала не менш за шэсць  паселішчаў з назвамі Панара, Панары, Панарка, і сёння цяжка вызначыць, да якога канкрэтна з іх адносіўся той ці іншы род. Можна адзначыць, што тыя населеныя пункты, якія ляжалі пры рэчцы Панарка адносіліся да крэўскай гміны і вясковай акругі Мыса, а тыя паселішча, што прытуліліся да рэчкі Мірклішкі, уваходзілі ў куцавічскую гміну і вясковую акругу Скірдзімы. Па звестках за 1859 год, вёска Панара налічвала 149 жыхароў, у тым ліку 39 праваслаўных, 105 каталікоў і 5 яўрэяў. У пачатку 20 стагоддзя тут жыло 197 месцічаў, а найбольшая колькасць насельнікаў вёскі налічвалася ў 1931 годзе – 261 чалавек. Сёння ў Панары зарэгістравана 7 чалавек.

Асобнай старонкай ў гісторыі Панары запісаны падзеі Першай сусветнай вайны. У часопісе ваенных дзеянняў 30-га Сібірскага палка за 10 (23) 1915 года адзначана: “У в. Панары жыхары ўжо пазнаёміліся з немцамі ў кароткачасовы перыяд знаходжання тут нямецкай кавалерыі. Немцы зазвычай звезлі адсюль усё, што было каштоўным, а маладых мужчын і жанчын ўзялі да работ”. У наступны дзень калона непрыяцельскай пяхоты прайшла праз панскі двор на мястэчка Крэва, і з таго часу ў Панары ўсталяваўся акупацыйны рэжым. Каля маёнтка былі разбіты бівакі (часовыя лагеры), каля фальварку Гай – усталявалі лазарэт і абозы. У вёсцы, побач з мясцовымі могілкамі, размяшчаўся паветраны атрад.

панара.jpg

Фота Панары ў 1915 -1916 гг., з палкавой хронікі 266 нямецкага палка

Панара карта.jpg

Фрагмент карты 1836 года

Упершыню ў рускай арміі тут быў збіты запальнымі ракетамі нямецкі аэрастат. Лётчык грэнадзёрскага корпуснага авіяатрада Аляксандр Кваснікаў 1 (14)  чэрвеня 1917 года вылецеў на знішчальніку “Ньюпар” для разведкі. На вышыні 900 метраў у вёсцы Панара ён выявіў змейкавы аэрастат праціўніка і, нягледзячы на моцны артылерыйскі і кулямётны агонь,  атакаваў яго ракетамі Ле-Прые. З выпушчаных шасці ракет тры трапілі ў аэрастат, які згарэў, адзін з назіральнікаў выкінуўся на парашуце. За гэтую адважную і рашучую атаку прапаршчык А. Кваснікаў быў узнагароджаны ордэнам Святога Георгія 4 ступені.

Памятка той далёкай вайны – абвалоўка аднаго з вайсковых могільнікаў, якая захавалася. Іх у вёсцы было некалькі, але ў кастрычніку 1936 года на падставе закона аб магілах Віленскі ваяводскі ўрад правёў камасацыю ваенных могілак, г. зн. адбылася ліквідацыя дробных і ўзбуйненне вызначаных. З удзелам ваяводскіх прадстаўнікоў была праведзена эксгумацыя праху загінуўшых салдат, і іх парэшткі перапахаваны на вайсковых могілках у вёсцы Глінна.

Цікавыя звесткі пра панскі двор Панары прывёў вядомы знаўца старадаўніх сядзіб нашага краю Анатоль Федарук у сваім апошнім даследаванні, прысвечаным Смаргонскаму раёну. Прыгадаю толькі частку інфармацыі, якую навуковец сабраў у час самастойнага пошуку ў гэтай мясціне: “Сядзіба размяшчалася прыкладна ў кіламетры на захад ад вёскі. Па словах мясцовых жыхароў, уключала драўляны аднапавярховы дом, гаспадарчы двор з кароўнікам, стайняй і іншымі гаспадарчымі пабудовамі, вялікі склеп і сад. У сядзібу вяла ліпавая алея, асобныя дрэвы якой захаваліся і знаходзяцца ў цяперашняй вёсцы. З пад’язной дарогі адкрываўся від на маляўнічы пагорак, на вяршыні якога ў атачэнні клёнаў і ліп стаяў сядзібны дом. Каля падножжа ўзгорка працякае ручай Панарка, яго сілкуюць ключы, якія выцякаюць з-пад пагорка, расплюхваючыся па шматлікіх, верагодна, спецыяльна калісьці раскладзеных валунах. У своеасаблівай ключавіне з валунамі пасяліўся белакапытнік гібрыдны, рэдкая ахоўная расліна Беларусі з незвычайна буйнымі лістамі (да 60 см у папярочніку) і пурпурнымі з фіялетавым адценнем кветкамі. На ўзгорку ад былых часоў засталіся фрагменты лінейных пасадак ліпы, адзіночныя клёны, таполя бальзамічная, зараснікі бэзу, закладзены культуры хвоі”.

У час пошуку звестак пра Панару пашчасціла сустрэць чалавека, ад якога пачуў незвычайную гісторыю, звязаную з лёсам сядзібы ў 20 стагоддзі. Гаспадар, быццам, прайграў яе ў карты, але мясцовы ксёндз адкупіў маёмасць і вярнуў ранейшаму ўласніку. Той не змог утрымацца ад азартнай залежнасці і паўторна прайграў маёмасць. Магчыма, гэта падзея разам з далейшай ўрбанізацыяй паклалі пачатак заняпаду і разбурэнню сядзібы. Сёння ў нашай памяці застаюцца толькі пісьмовыя звесткі пра панскі двор у Панары, а на мясцовасці можна разглядзець непрыкметныя сляды прысутнасці двара ў мінулым.

Уладзімір ПРЫХАЧ

Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях   Новости сельсоветов 

 

Статьи по теме: