У гісторыі краю ёсць знамянальныя даты, якія людзі ўшаноўваюць. Адна з іх – 15 студзеня 1940 года, дзень утварэння Смаргонскага раёна ў складзе Вілейскай вобласці (з 1944 года ўвайшоў у Маладзечанскую, з 1960 года – у Гродзенскую). З гэтай нагоды ў гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылася выстава “Край родны, табой ганаруся”.
“Край родны, табой ганаруся!”: у гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылася выстава, прысвечаная 85-годдзю Смаргонскага раёна
На выставе прадстаўлены ўсе гістарычныя этапы, якія прайшоў раён з моманту заснавання і да сённяшніх дзён. Сярод цікавых экспанатаў – адмысловая карта Смаргонскага раёна, гістарычныя фотаздымкі, узнагароды, дзелавыя паперы, музычныя інструменты, вырабы народнай творчасці… Па экспанатах можна прасачыць, як развіваліся розныя сферы жыцця нашага раёна.
“Юбілейная дата – гэта нагода для аналізу: што зрабілі, чаго дабіліся жыхары Смаргоншчыны за 85 гадоў. Гэта і нагода памарыць, спланаваць, што можна зрабіць у бліжэйшай перспектыве. Гэта і нагода сказаць словы падзякі тым людзям, які зрабілі свой унёсак у станаўленне і росквіт той прыгожай Смаргоншчыны, якой мы яе бачым сёння”, - адзначыў ва ўступным слове Ігар Шчасны, намеснік старшыні Смаргонскага райвыканкама.
“Смаргоншчына перажыла розныя перыяды: і трагічныя, і стваральныя. Вялікія страты былі нанесены раёну ў гады фашысцкай акупацыі: разбурана гаспадарка, амаль чатыры с паловай тысячы загінуўшых. У пасляваенны час раён як і ўся краіна вярталіся да мірнага жыцця. Завяршылася калектывізацыя. У калгасах і саўгасах зрання да вечара рупліва працавалі сяляне, - зазначыла вядучая імпрэзы, навуковы супрацоўнік музея Вольга Самаркіна. - Перыяд індустрыялізацыі вызначыўся для Смаргоншчыны карэннай рэканструкцыяй і пашырэннем дзеючых прадпрыемстваў і будаўніцтвам новых. Вялікае значэнне на працягу гадоў надавалася развіццю культуры і адукацыі. Колькі працоўных подзвігаў здзейснена землякамі за гэтыя гады! Колькі выдатных імёнаў з’явілася на яскравым небасхіле Смаргонскага раёна!”.
Перад прысутнымі таксама выступіла былая супрацоўніца музея Надзея Маркава, якая актыўна збірала матэрыялы для хронікі “Памяць. Смаргонскі раён”.
Зоя Дурэйка, загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Смаргонскай раённай бібліятэкі, перадала ў фонды экспанат – фотаздымак нашага таленавітага земляка, паэта, пісьменніка, журналіста Артура Цяжкага, які некалі падарыла бібліятэцы яго маці.
А Вера Чапёлкіна, удава вядомага смаргонскага доктара, падарыла музею кнігу “Запіскі правінцыйнага хірурга”. Кніга была выдадзена пасля смерці аўтара Юрыя Чапёлкіна.
Пасля выступлення гасцей вядучая імпрэзы прапанавала пазнаёміцца з прадстаўленай экспазіцыяй.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.