Сярод юбілейных дат вядомых людзей, жыццё і дзейнасць якіх звязана з нашым краем, сёлета адзначаецца 210-годдзе з дня нараджэння вядомай пісьменніцы і мемуарысткі Габрыэлі ПУЗЫНЫ. Яе імя на Смаргоншчыне часцей упамінаецца пры наведванні Дабраўлянаў, дзе дачка Гюнтараў правяла значную частку свайго жыцця. Але не меншую цікавасць уяўляюць суседнія Нястанішкі, якія Габрыэля атрымала ў спадчыну ад бацькоў.
Сцежкамі Нястанішак
Ля вытокаў рачулкі Крынічнай прытулілася былое мястэчка Нястанішкі. У архіўных крыніцах паселішча ўпамінаецца з 1497 года, калі ўласнік маёнтка Паніжаны Багдан Андрэевіч заклаў там драўляны касцёл пад назвай Святой Тройцы. Гісторыя мясцовага касцёла моцна пераплецена з гісторыяй мястэчка. У вопісе нястанішскай парафіі за 1784 год паведамлялася, што «само мястэчка належала плябаніі». Калі звярнуцца да статыстычных дадзеных за 1863 год, то Нястанішкі былі самым малалюдным мястэчкам у Свенцянскім і суседніх з ім паветах. Яно складалася з двух драўляных жылых дамоў, дзе пражывала 6 мужчын і 8 жанчын хрысціянскага веравызнання, 5 яўрэйскіх гандляроў і 2 святары. Пазней колькасць жыхароў пачала расці, у пачатку ХХ стагоддзя дасягнула лічбы 65. У міжваенны перыяд у Нястанішках існавала некалькі культурна-асветніцкіх і рэлігійных арганізацый, дзейнічала пажарная каманда, каса ўзаемадапамогі, аптэкарскі склад і паштовае агенцтва, працавалі дзве спажывецкія крамы.
Разглядаючы цэнтр былога мястэчка, нельга пакінуць без увагі два аднайменныя маёнткі і вёску з такой жа назвай. Напэўна, яны ўсе разам у мінулым складалі тутэйшую Нястанішскую акругу. Першы маёнтак знаходзіўся бліжэй да ракі Віліі і належаў з 1779 года Свянціцкім. Габрыэля Пузына ў сваіх успамінах «У Вільні і літоўскіх маёнтках» адзначыла, што ў першай палове ХІХ стагоддзя там гаспадарыла «сур’ёзная матрона з Контрымаў Свянціцкая». Усё ў яе доме насіла старапольскія рысы, пра што сведчылі ломаны дах дома з высокім франтонам, вялікія вокны, мэбля была ў стылі ракако, а вялікія печы ўстаноўлены на «дужыя тачоныя ножкі». Цэнтральную частку дома займала сталовая, шкляныя дзверы з якой выходзілі ў прыгожы сад. Пасля 1867 года гэтая сядзіба перайшла іншым гаспадарам, з цягам часу набыла назву Свянцішкі, сёння месцазнаходжанне былой маляўнічай мясціны вызначае толькі стаў, які захаваўся.
З іменем вядомай мемуарысткі Габрыэлі Пузыны звязаны другі нястанішскі маёнтак, які знаходзіўся ў некалькі соцен метраў ад першапачатковага касцёла. У 1744 годзе яго набыў князь Павел Кароль Сангушка, потым маёнтак перайшоў Абрамовічам, якія ў 1818 годзе прадалі яго графу Адаму Гюнтару. Пасля падзелу ўладанняў графа ў 1851 годзе маёнтак стаў уласнасцю дачкі Габрыэлі, якая заклала на левым беразе рачулкі невялікую рэзідэнцыю і назвала яе Патуліна. Наведаўшы ў ліпені 1855 года гэтую мясціну, Адам Кіркор занатаваў свае ўражанні ад убачанага: «Больш адпаведнай назвы знайсці было немагчыма. Тут сапраўды так утульна і добра: невялікія пакоі дыхаюць прыгожай прастатой. А што тут кветак, старадрэў, кніг, гравюр, пераплеценага ў кнігі цікавага ліставання з найвыдатнейшымі карэспандэнтамі нашай аўтаркі! І ўсюды прастата і спакой спалучаюцца з гасціннасцю і шчырасцю гаспадароў, якія па-сапраўднаму атуляюць чалавека».
Стаўшы жонкаю Тадэвуша Пузыны, Габрыэля пераехала жыць у Гарадзілава, але з мужам наведвала Патуліну, якую лічыла «ўласнай справай». У сядзібе аўтарка таленавітых літаратурных твораў прымала Уладзіслава Сыракомлю, іншых вядомых гасцей.
Вядомы даследчык старажытных сядзібаў нашага краю Анатоль Федарук, які ў 1980-я гады мінулага стагоддзя наведаў Патуліну, адзначаў: «Невялікая сядзіба была проста ўладкавана, адрознівалася спакоем і самотнасцю. У кампазіцыі дамінуе вялікі вадаём (плошчай каля 1,5 га), уладкованы на невялікім вадатоку, летам на ім гняздуюцца лебедзі. На высокім беразе вадаёма размешчаны грузны (у шырыню да 12 м.) драўляны сядзібны дом, ад якога захавалася толькі частка будынка. Маляўнічасць яму надае вялікі франтон фахверкавай канструкцыі. Чэслаў Янкоўскі называў дом «прыемным і мілым». Яго атачалі кветкавыя рыбаткі і старыя дрэвы… На месцы невялікага пейзажнага парка зараснікі бэзу, барбарысу, дрэвападобнай караганы, рабінніку, язміну».
У 1873 годзе маёнтак Нястанішкі, які звалі Патуліна, перайшоў праз аўкцыён да генерала Станіслава Хамінскага, а пасля Першай сусветнай вайны ў 1923 годзе маёмасць была перададзена дзяржаве. Восенню 2019 года сядзібны дом згарэў, і сёння рэшткі падмурка, фрагменты прысядзібнага парка са ставам нагадваюць пра мінулае гэтай прыгожай мясціны.
Дададзім некалькі краязнаўчых звестак пра гаспадарчыя аб’екты, якія раней існавалі ці планавалі пабудаваць у Нястанішках і ваколіцах. У вопісе мясцовай парафіі за 1784 год сустракаецца паведамленне, што на рэчцы Крынічнай, працягласць якой складае крыху больш за два кіламетры, знаходзіліся тры ставы з млынамі. У нашы дні ставы існуюць на сваіх першапачатковых месцах, а вось пра млыны засталася толькі пісьмовая згадка. Варта падкрэсліць, што такая шчыльнасць млыноў у рэгіёне больш нідзе не сустракаецца.
На працягу чвэрці стагоддзя ў Нястанішках працавала вінакурня пад нумарам 326. Заснаваў яе Станіслаў Хамінскі ў 1890 годзе, знаходзілася ў межах Патуліны і праіснавала да пачатку Першай сусветнай вайны. У росквіце сваёй дзейнасці на прадпрыемстве працавала 5 рабочых, выкарыстоўваўся паравы рухавік у 15 конскіх сіл. Гадавая вытворчасць складала 15 тысяч вёдзер спірту на суму 13 371 рубель – значныя на той час грошы.
У 1930 годзе сустракаецца інфармацыя пра Нястанішкі ў адным электратэхнічным праекце: меркавалася злучыць возера Свір з ракой Віліяй 14-кіламетровым каналам. Перапад узроўню вады ў возеры, у параўнанні з узроўнем вады ракі, складаў бы 28 метраў, гэтую розніцу планавалася выкарыстаць пры ўзвядзенні гідраэлектрастанцыі каля Нястанішак. Папаўнялася б возера Свір водамі ракі Страчы. Для гэтага пры вёсцы Страчаны рака перагароджвалася б плацінай і частка вады адводзілася ў возера альбо ў тым месцы размяшчалася б помпавая станцыя, якая б пампавала рачную ваду ў возера. Гадавы аб’ём вытворчасці электраэнергіі склаў бы прыблізна 13 мільёнаў кілават-гадзін. На той час адсутнічалі матэрыяльна-тэхнічныя магчымасці для рэалізацыі праекту, таму ён застаўся толькі на паперы. Невядома, да якіх экалагічных наступстваў магло прывесці такое ўмяшанне ў прыроду. Сёння, наведваючы гэты куток Смаргоншчыны, мы атрымліваем асалоду ад яе краявідаў.
Уладзімір ПРЫХАЧ