Урляняты, якія сталі Арлянатамі

 

Урляняты, якія сталі Арлянатамі

Общество
30.04.2023
763
На скрыжаванні Ашмянскага, Валожынскага і Смаргонскіх раёнаў, уздоўж ракі Ластайкі, раскінуўся маляўнічы населены пункт, які ў мінулым набыў аднайменную з ракой назву Ластая. Першы чалавек узняўся на стромкія тутэйшыя пагоркі яшчэ невядомага яму краю ў той час, калі апошні ледавік пакінуў гэты куточак зямлі. 

пріхач.jpg

Ластайскія ваколіцы. 1916 год.

Наступнае за ім пацяпленне сфармавала цяперашні ландшафт. Першыя людзі трапілі на гэтыя землі ў каменным веку, аб чым сведчыць самае старажытнае паселішча – мезалітная стаянка каля вёскі Падбярэззе. Кароткачасовае паселішча было выбрана невыпадкова і заснавана на першай тэрасе левага берага ракі Заходняя Беразіна пры ўпадзенні ў яе ракі Ластайкі.

З цягам часу адны прышэльцы змянялі іншых, працэс засялення не заўсёды адбываўся мірна. Сведкамі таго з’яўляюцца знойдзеныя ў 1976 і 1989 гадах у самой Ластаі дзве шліфаванныя каменныя сякеркі і большая па памерах сякера з суседняга фальварка Баўдыры. У раннім жалезным веку ў гэтым краі ўзніклі ўмацаваныя гарадзішчы, насельніцтва якіх належала да плямён культуры штрыхаванай керамікі. Абапал Крэва сфарміравалася даволі ўрэгуляваная арганізацыя жыцця і абароны мясцовага насельніцтва. Вакол крэўскага гарадзішча, на адлегласці 9 - 10 кіламетраў, ля вытокаў невялікіх рэчак ці ў сярэднім іх цячэнні, стварыліся гарадзішчы ў Крыўску, Лоску, Сіньках, Суцькаве, Мысе, Монтацішках і Ластаі. Яны сталі абараняць і звязваць водныя шляхі рэк басейна Віліі і Заходняй Беразіны. Крэва стала важным цэнтрам, які кантраляваў міжрэчча Віліі і Нёмана.

У перыяд ВКЛ для абароны муроў Крэўскага замка сюды былі запрошаны татарскія воіны.У раёне пералічаных гарадзішчаў заклаліся моцныя татарскія асады. Заслону замка ад варожых нападаў з паўднёва-заходняга кірунку трымаў асяродак пад назвай Ластая. У часопісе “Татарскае жыццё” за 1938 год Рамуальд Мурза-Талькоўскі ў артыкуле “Ластая” прывёў паданне, згодна з якім з’явілася назва мясцовасці. Калісьці літоўскі князь, будучы ў ваколіцах Крэва на паляванні, заўважыў пры адной рачулцы, названай потым Ластайкай, вялікі статак ласёў, на якіх наладзіў тут загоны. На памяць аб шчодрым паляванні наказаў гэтую мясцовасць назваць “Лосьстая” ці “Ластая”. Як адзначаў аўтар публікацыі: “Цяпер аб слядах тых ласёў і іншай жывёльнасці, якая калісьці вадзілася ў ластайскай старонцы, нагадваюць звярыныя косткі, што часам трапляюцца, і скамянелыя пні дрэў, якія засталіся ад былых літоўскіх пушч”.

Мы ўжо не дазнаемся, ці быў на самой справе прыведзены выпадак на паляванні ў мінулым, аднак з XVІ стагоддзя ўзгаданая назва трапляе ў пісьмовыя крыніцы. Трэба адзначыць, што Ластаёй называюць абшар маёнткаў і фальваркаў татарскага асадніцтва ўздоўж усёй аднайменнай ракі. Па сённяшні дзень шматлікія паселішчы з нетутэйшымі назвамі нагадваюць пра тыя далёкія часы.

Вернемся да разгляду гісторыі мясціны, якая першапачаткова займела назву Урляняты. Сустракаюцца і іншыя назвы паселішча – Урленента ці Вурлянята, якія з цягам часу трансфармаваліся ў Арляняты. Падобна, што назва мясціны ўтварылася ад імя першага яго ўладальніка “Урлі”, якое было распаўсюджана ва ўсходнім племені Найманаў і літоўскага канчатка “ -няты”. Але гэта не адзіная версія. Ёсць таксама меркаванне, што вытокі наймення паходзяць ад башкірскага слова “Урле”, што ў перакладзе азначае “вяршыня”, “падымацца”. Пагоркавы характар мясцовасці мог таксама ўтварыць такую назву.

Апрацаваная ў 1631 годзе земскім пісарам Ашмянскага павета Янам Кэрдзеям “Рэвізія Татарскіх маёнткаў у ВКЛ” адзначае, што з Урлянят павінна было выстаўляцца ў войска тры кані і пералічаны чатыры прозвішчы татар Уланскай харугві: улан Ахмет Фурсавіч, улан Багдан Фурсавіч, улан Чымбай Яхіч і Абрам Гурздаў. Але гэтыя звесткі браліся пад сумнеў, так як адзначаныя татары Фурсы прадалі той фальварак Урляняты “на вечнасць” пану Андрэю Тачыле, а самі загінулі падчас вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй. Пасля 1617 года наваградскі ваявода Юрый Літавор-Храптовіч скупіў дробныя татарскія паселішчы, у тым ліку і фальварак Урляняты. Юрый Храптовіч, уласнасць якога месцілася толькі з аднаго боку ракі Ластаі, прысвоіў другі бераг, што належаў татарам. Ён загадаў збудаваць там мост і браць з татар маставое. І праз гэта татары збіраліся з ім судзіцца.

З пазнейшых звестак вядома, што фальварак і вёска Арляняты знаходзіліся за паўтыры вялікія мілі на летні поўдзень ад Крэва, уваходзілі ў вясковую акругу Вярэбушкі.

“Спіс населеных мест Віленскай губерні” за 1905 падае наступныя звесткі: вёска Урленяты складалася з 51 мужчыны і 49 жанчын, валодалі яны 139 дзесяцінамі зямлі, а засценак той жа назвы складаўся з 19 мужчын і 17 жанчын, належала ім 97 дзесяцін зямлі. Амаль такімі ж заставаліся па колькаснаму складу жыхароў вёска Арляняты і засценак у 1931 годзе. Падзеі Другой сусветнай вайны, пазнейшыя сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні на вёсцы і ўрбанізацыя наклалі свой адбітак на развіццё населенага пункта і па стану на пачатак 2022 года ў вёсцы Арляняты Крэўскага сельсавета стала пражываюць 9 жыхароў у 7 жылых дамах. Мясціна надалей застаецца малой радзімай для многіх, хто раз’ехаўся па ўсяму свету і час ад часу ўзгадваюць светлыя моманты сваёй маладосці ў ёй.

Уладзімір ПРЫХАЧ,

краязнаўца.