80-годдзе вызвалення: мітынг-рэквіем на мемарыяльным комплексе "Пераправа"
На мітынг-рэквіем “Вогненны след нашай Памяці!” сабраліся жыхары Смаргоні, прадстаўнікі ўлады, прадпрыемстваў і арганізацый раёна, навучэнцы і запрошаныя госці, каб ушанаваць памяць аб загінуўшых і аддаць даніну павагі вызваліцелям.
Урачысты настрой стваралі аркестр Смаргонскай пагранічнай групы, харавая група народнага ансамбля песні і танца імя Агінскага і ганаровая вахта воінаў. Пад гукі ваеннага аркестра ўдзельнікі мітынга занялі свае месцы, гатовыя пачуць успаміны пра тыя грозныя дні.
Вядучыя мітынга, нагадваючы аб падзеях 80-гадовай даўнасці, чыталі паэтычныя радкі, расказалі прысутным пра вызваленне Смаргоні: “Роўна 80 гадоў мінула з тае пары, як праз Смаргонь прайшлі танкі з чырвонымі зоркамі, што прынеслі на нашу знявечаную зямлю вызваленне ад фашысцкага ярма. Менавіта тут, з боку Вілейкі, наступаў 3-ці гвардзейскі Сталінградскі механізаваны корпус пад камандаваннем генарал-палкоўніка Віктара Обухава ў складзе 35-ай танкавай і 7-ай механізаванай брыгад пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Азі Асланава і палкоўніка Міхаіла Радзіёнава. У вызваленні Смаргонскага раёна прымалі ўдзел партызаны. Гэта партызанскія брыгады імя Суворава і Варанянскага, атрад Фрунзе брыгады імя Будзённага, асобны Смаленскі полк Садчыкава, спецгрупа Бура.”
Перад прысутнымі выступіў начальнік вучэбнага цэнтра Інстытута пагранічнай службы Сяргей Антанюк.
Выступленні госцяў з Расійскай Федэрацыі – Алены Арутунян - дачкі Мікалая Іванавіча Палякова, які прымаў удзел у вызваленні Смаргонскага раёна, Ірыны Галалобавай, намесніка старшыні Савета ветэранаў 3-га гвардзейскага Сталінградскага механізаванага корпуса, узгадалі пра мужнасць і самаадданасць вызваліцеляў. Ірына Юр’еўна уручыла падзякі за супрацоўніцтва старшыні райвыканкама Генадзю Харужыку, старшыні раённага Савета дэпутатаў Сяргею Кудзеньчуку, намесніку старшыні райвыканкама Ігару Шчаснаму, начальніку аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Ганне Джумкавай, перадала экспанаты ў музей.
У памяць аб усіх загінуўшых была аб’яўлена хвіліна маўчання, пасля якой харавая група народнага ансамбля песні і танца імя Агінскага выканала песню “Поклонимся великим тем годам”.
У завяршэнне мітынга-рэквіема прысутныя ўсклалі кветкі да мемарыяльнага комплекса “Пераправа”, аддаючы даніну памяці героям, якія ахвяравалі сваім жыццём дзеля свабоды і незалежнасці нашай Радзімы. Мітынг-рэквіем “Вогненны след нашай Памяці!” стаў важным напамінам пра подзвіг нашых продкаў і іх уклад у нашу сучаснасць.
Ларыса ТАТАРЫНАВА
Фота аўтара