Ацаніць мінулае малой радзімы, зразумець сучаснае, зазірнуць у будучае

 

Ацаніць мінулае малой радзімы, зразумець сучаснае, зазірнуць у будучае

Общество
05.07.2024
375

Яна дагэтуль захоўвае паўтара дзясятка папак з рукапіснымі тэкстамі-ўспамінамі жывых сведкаў Вялікай Айчыннай вайны, якія ўвайшлі ў кнігу «Памяць». Былы захавальнік фондаў Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея Надзея Маркава на працягу пяці гадоў збірала матэрыял па вёсках Смаргоншчыны, сустракалася з тымі, хто вайну бачыў не ў кіно, а сваімі вачыма.

Для яе гэта была не проста работа. Без перабольшання – місія. Выконвала Надзея Емяльянаўна яе адказна, шчыра, апантана. І праз гады жанчына трапятліва гартае рукапісныя старонкі, а яе голас пачынае дрыжэць…

IMG_6908.JPG

IMG_6909.JPG

– Адкуль у Вас такая зацікаўленасць да ваеннай тэматыкі? – задаю пытанне гераіні і разумею, што адказ – на паверхні.

– Я нарадзілася ў Боркавічах Верхнядзвінскага раёна. Тут праходзіць мяжа з Латвіяй. З усіх раёнаў нашай краіны Верхнядзвіншчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны пацярпела найбольш, - сцвярджае суразмоўца. - У мемарыяльным комплексе «Хатынь», на каменным знаку ля ўвахода на «Могілкі вёсак» пазначана, што на тэрыторыі Беларусі падчас вайны былі спалены і не адноўлены 186 вёсак, 51 з іх – на тэрыторыі Верхнядзвінскага раёна.

1110 дзён і начэй доўжылася нямецкая акупацыя раёна. У жніўні 1942 года партызаны паспяхова правялі аперацыю па падрыве 110-метровага чыгуначнага маста праз раку Дрысу. Супраць партызанаў гітлераўцы праводзілі карныя аперацыі. За тры гады акупацыі ў раёне былі спалены і расстраляны больш за шэсць тысяч чалавек, больш за тры тысячы былі патоплены ў рацэ Свольне, больш за шэсць тысяч – загналі ў рабства.

Усё насельніцтва нашай мясцовасці выхоўвалася на трагічнай ваеннай гісторыі. Помнікі загінуўшым можна сустрэць нават у лесе і полі. Выйшлі дзве кнігі «Памяць». Адна з іх амаль цалкам прысвечана загінуўшым жыхарам вёсак, другая – тым, хто ваяваў на фронце. Ды што казаць – у кожнай сям’і была свая гісторыя, звязаная с ваеннымі падзеямі.

– Раскажыце, калі ласка, сваю…

– Майго тату прызвалі на вайну ў чэрвені 1941 года. У ліпені, пад Полацкам, ён разам з саслужыўцамі трапіў у палон. Быў на тэрыторыі Польшчы (у Шчэціне ўсю зіму ваеннапалонныя пражылі на вуліцы), Германіі, Галандыі. Яго вызвалілі толькі ў 1945. Дадому вярнуўся страшэнна худы – важыў 46 кілаграмаў. Гаварыў, што выжыў толькі таму, што быў вясковым чалавекам, цягавітым. Цяжкага жыцця не вытрымалі нават моцныя маскоўскія спартсмены. Мой дзядзька-афіцэр таксама ваяваў і трапіў у палон, і выжыў. Я са смуткам слухала ваенныя гісторыі, успрымала іх блізка да сэрца.

– Напэўна, таму Вы і вырашылі паступаць на гістарычны факультэт?

– Я паступіла не на гістарычны, а геаграфічны факультэт БДУ. Калі была на пятым курсе, на нашым факультэце была створана кафедра турызму і краязнаўства. Набралі 12 чалавек. Пасля заканчэння БДУ мяне накіравалі на работу ў Магілёўскае бюро экскурсій і падарожжаў. Працавала метадыстам, праводзіла экскурсіі. Хатынь, Курган Славы, Трасцянец…

1.jpg

– А як Вы апынуліся ў Смаргоні?

– Неўзабаве я выйшла замуж і паехала ўслед за мужам у Смаргонь з даволі важкім  багажом ведаў пра Вялікую Айчынную вайну. Уладкавалася на работу ў гісторыка-краязнаўчы музей, дзе на той час наглядчыкам працавала Тамара Ватаева – легенда Смаргоні. Яна ўжо дасягнула пенсійнага ўзросту, але прадаўжала займацца краязнаўчай, пошукавай работай. Арганізавала і кіравала клубам «Пошук», які па ўсім былым СССР адшукваў удзельнікаў вызвалення Смаргоні. Разам з членамі клуба сабрала вялікі краязнаўчы матэрыял, што дазволіла адкрыць пры раённым Доме піянераў і школьнікаў Залу Славы і Памяці. Зала стала цэнтрам ваенна-патрыятычнага выхавання падлеткаў усяго раёна. Гледзячы на Тамару Сяргееўну, я таксама захапілася вывучэннем ваеннай гісторыі Смаргоншчыны. Прычым не толькі Вялікай Айчыннай вайны, але і Першай сусветнай.

IMG_6888.JPG

– Сапраўды, у газеце «Светлы шлях» у 1995 годзе быў надрукаваны цыкл Вашых матэрыялаў, прысвечаных Першай сусветнай вайне.

– Заўважце, у той час яшчэ ніхто глыбока не вывучаў гэту старонку гісторыі Смаргоншчыны. Недзе толькі гадоў праз пяць Уладзімір Лігута захапіўся даследчай дзейнасцю.

Напрыканцы 1990-х я пачала вывучаць і гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. Перада мной стаяла задача сабраць матэрыял для кнігі «Памяць». Сярод маіх рэспандэнтаў былі людзі 1912, 1914, 1921 гадоў нараджэння. З пошукам інфарматараў мне дапамагалі работнікі сельсаветаў, мясцовыя настаўнікі гісторыі. Збор інфармацыі мяне настолькі захапіў! Я зразумела, што я трапіла ў сваю стыхію.

Газета «Светлы шлях» публікавала ўспаміны, што я запісала ад жывых сведкаў вайны. Рабілася гэта для таго, каб людзі чыталі, а той, хто заўважаў нейкія недакладнасці, адразу паведамляў нам, і мы пераправяралі і правілі інфармацыю да таго, як аддаць для кнігі «Памяць».

З новымі ведамі я хадзіла па школах, дзялілася імі з падрастаючым пакаленнем. Бывала за дзень па шэсць урокаў праводзіла. І гэта было запатрабавана. Збіралася цэлая актавая зала школьнікаў, і яны слухалі мае аповеды, затаіўшы дыханне.

IMG_7768.JPG

IMG_7764.JPG

– Я ведаю, што ў Вас ёсць  юбілейны медаль «60 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», які звычайна ўручаецца ветэранам, удзельнікам вайны, а таксама людзям, якія зрабілі вялікі ўнёсак у захаванне памяці пра трагічныя старонкі ваеннай гісторыі. Калі б Вас папрасілі даць наказ маладому пакаленню, што б Вы сказалі?

- Беражыце мір, рабіце ўсё, што можаце, каб яго захаваць. Вывучайце гісторыю свайго краю, сустракайцеся з жывымі сведкамі гісторыі, запісвайце іх аповеды, бо гісторыя малой радзімы знаходзіцца ў кантэксце вялікай гісторыі краіны, якую мы павінны ведаць, каб не здзяйсняць памылкі мінулага.

Галіна АНТОНАВА

Фота аўтара і з архіва Надзеі Маркавай

Статьи по теме: