Выбраў свой шлях – ідзі па ім

 

Выбраў свой шлях – ідзі па ім

Общество
23.09.2022
1649
“Век жыві – век вучыся”. Нельга застойвацца на месцы, іначай закіснеш, будзе сумна жыць”, - менавіта з гэтай думкі пачалася наша размова з Ганнай Сабінскай (на фота), намеснікам дырэктара раённага Цэнтра культуры.
“Трэба працаваць. Будзеш працаваць – будзеш мець”, - такі арыенцір мне вызначыла бабуля Ядвіга Іпалітаўна, якая рана стала ўдавой, адна, па сутнасці, выгадавала траіх дзяцей. Цяпер ёй 93 гады, яна ў добрай фізічнай форме, мае дапытлівы розум. Таму калі з’яўляюцца цяжкасці ў рабоце, я, як і бабуля, не панікую. Для мяне гэта выклік, заўсёды цікава знаходзіць выйсце са складаных сітуацый, спазнаваць нешта новае”, - прызналася мая гераіня.

Ні хвіліны супакою

Свой шлях.jpg

«Культура альбо спорт?» - гэта пытанне хвалявала Аню, без перабольшання, на працягу ўсёй вучобы ў школе. Да музыкі дзяўчынку цягнула з маленства. “Гады ў тры я ўжо на маленькім гармоніку падбірала на слых мелодыю песні “Во поле берёза стояла”, якую спявала бабуля. У пяць гадоў тата дазволіў мне ўзяць у рукі мамін акардэон, а ў шэсць – запісаў у Вілейскую музычную школу, дзе я вучылася граць на акардэоне і фартэпіяна. Недзе ў пятым класе ў мяне дома з’явіўся вялікі сінтэзатар (бацькі добра за яго заплацілі), а сваячка падарыла гітару, іграць на якой я сама навучылася, - успамінае суразмоўца. - Настаўнікі па музыцы гаварылі, што ў мяне добры слых. Адкуль? Магчыма, ад дзеда, музыкі-самавучкі, які граў у вясковай капэле на гармоніку. Мне раілі ісці ў музычны каледж, але я не вельмі згаджалася, бо не магла вызначыцца з любімым інструментам.

Да таго ж я выхоўвалася ў сям’і, дзе ўсе дружылі са спортам. Мама з маладосці захаплялася гандболам, тата (майстар спорту па акадэмічнай грэблі) і дагэтуль захапляецца сілавымі відамі спорту, выступае на спаборніцтвах. Брат – заядлы футбаліст”.

IMG_0224.JPG

А Ганна… Чым яна толькі не займалася?! Гандболам, настольным тэнісам, лёгкай атлетыкай, валейболам, баскетболам. Нават планавала паступаць у каледж фізкультуры і спорту, але пад канец вучобы ў школе атрымала  траўму галавы і не змагла здаваць спартыўныя іспыты. Тады вырашыла пайсці ў Горацкі педкаледж на спецыяльнасць “Настаўнік пачатковай школы і фізічнага выхавання”.  І там не забывалася пра музыку, выступала ў складзе ансамбляў: народнай песні “Рэчанька” і народных інструментаў (іграла на балалайцы). Дадаткова атрымала спецыяльнасць “Настаўнік музыкі”.

Па размеркаванні дзяўчына вярнулася на Вілейшчыну, у Іжскую школу. Пасля заканчэння сельгасустановы ў аграгарадок Іжа размеркаваўся і яе будучы муж Ігар. Затым маладая сям’я накіравалася ў Маладзечна,  Ганна ўладкавалася на працу ў дзіцячы сад, але і ў вялікім райцэнтры жыць давялося нядоўга. Муж знайшоў работу на ІТАА “Кранаспан”, сям’я купіла дом у 10 кіламетрах ад Смаргоні. Ганна ў гэты час вучылася на завочным аддзяленні  Інстытута сучасных ведаў імя А. Шырокага, пазней атрымала дыплом культуролага-менеджара.

IMG_6426.JPG

“Сям’я падсілкоўвае мяне…”

На Смаргоншчыне першым рабочым месцам для Ганны стаў Сольскі Дом культуры, дзе яна працавала мастацкім кіраўніком.  Актыўную і зацікаўленую работніцу заўважылі ў раёне і прапанавалі месца метадыста па фальклоры ў раённым Цэнтры культуры, пасля – загадчыка аддзела па развіцці народнай творчасці. Апошнія паўтара года Ганна працуе намеснікам дырэктара РЦК. І адначасова вучыцца. Неўзабаве скончыць магістратуру Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Тэма яе магістарскай дысертацыі “Рэалізацыя арт-праектаў у маладзёжнай сферы”.

Сакрэт поспеху нашай гераіні, па сутнасці, універсальны. “Бабуля вучыла бацькоў, а таксама нас, унукаў, заўсёды быць разам. І мы ўвесь час імкнёмся да гэтага, - кажа Ганна Сяргееўна. - Раней я адчувала сябе ўпэўнена за шырокай татавай  спінай. А цяпер яшчэ і за спінай мужа. Сям’я падсілкоўвае мяне і дае веру, што ўсё будзе добра. Увогуле, мы адно ў аднаго верым і падтрымліваем”. Мая гераіня прыпомніла, як прыйшла на работу ў РЦК метадыстам па фальклоры і ёй даручылі арганізаваць дзіцячую пляцоўку на абласных “Дажынках”, то на дапамогу прыйшла ўся сям’я.

саб.JPG

Гэтак жа ўсе родныя падтрымліваюць ініцыятыву Жэні – брата Ганны, які ў 2016 годзе на малой радзіме, у Куранцы, арганізаваў і правёў першы “Футбольны Спас” (раённы чэмпіянат па футболе). Бацька адказваў за абсталяванне стадыёна, мама ўзяла на сябе абавязкі повара, а Ганна займалася арганізацыяй культурнай праграмы. Штогод турнір толькі павялічвае свае маштабы.

“З 2014 года, калі ў Вілейцы перасталі праводзіць чэмпіянат раёна, Жэня стварыў у сацсетках групу, прысвечаную футболу ў Куранцы,  і стаў збіраць аднадумцаў, каб разам паганяць мяч на стадыёне. У 2016 – вырашыў правесці спаборніцтвы, на якія звярнулі ўвагу ў федэрацыі футболу. Яўгена запрасілі на спецыяльныя трэнерскія курсы, а пазней прапанавалі стаць рэгіянальным лідарам АБФФ у Вілейскім раёне і прысвоілі трэнерскую ліцэнзію «D» УЕФА, - расказвае мая субяседніца. - Жэня пазнаёміўся з начальнікам аддзела масавага футбола АБФФ Віталём Крупіцай, якому так спадабалася ідэя з «Футбольным Спасам», што ён прыехаў на фінал і прапанаваў супрацоўніцтва ў развіцці турніру. З 2019 года «Футбольны Спас» трансфармаваўся ў фестываль масавага футбола MassFootball. У праграме: турнір сярод аматарскіх камандаў, дзіцячы, дзень нараджэння ФК «Куранец» і фестываль «адзін пераможца». На адборачны турнір сярод дарослых аматарскіх камандаў у 2019 годзе падалі заяўкі 17 удзельнікаў з сямі раёнаў, у тым ліку і Смаргонскага. Рэспубліканскія СМІ асвячалі турнір. Па прычыне каронавірусу яго правядзенне давялося спыніць, але прадаўжэнне абавязкова будзе”. 

“Арганізоўваць мерапрыемствы для мяне заўсёды ў ­радасць, - зазначае Ганна Сяргееўна. - Асабліва, калі ў адказ чуеш словы падзякі. Пасля гэтага хочацца яшчэ больш працаваць для ­людзей”.

Галіна АНТОНАВА.

Фота Юрыя ЯНУШКЕВІЧА.

Статьи по теме: