Вучні 9 “А” класа СШ №5 павіншавалі настаўнікаў-пенсіянераў з Днём настаўніка
Дзень настаўніка адзначаецца ў Беларусі ў першую нядзелю кастрычніка. Прафесійнае свята – добрая нагода сказаць словы ўдзячнасці тым, хто сёння працуе, і тым, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Бо настаўнікі, як вядома, былымі не бываюць.
Цёплымі словамі, паштоўкамі і сувенірамі, зробленымі сваімі рукамі, павіншавалі настаўнікаў-пенсіянераў Пяткевіч Яніну Пятроўну і Махнача Юрыя Генрыхавіча вучні 9 “А” класа сярэдняй школы №5. Усмешкі, шчырыя словы ў адказ – найлепшая падзяка за добрыя справы. Падчас гутаркі Яніна Пятроўна адзначыла, што педагог – прафесія складаная, шматгранная, якая патрабуе пастаяннага творчага гарэння, самаўдасканалення, душэўных сіл і намагання. Затое ва ўзнагароду – мяккае святло чыстых дзіцячых вачэй, цеплыня, даверлівасць, удзячныя словы выпускнікоў. І – задаволенасць вынікамі сваёй працы, усведамленне правільнасці абранай прафесіі. “Вядома, галоўная заслуга настаўніка – у дасягненнях дзяцей, – разважае Юрый Генрыхавіч Махнач. – Гэта вялікая радасць, бо ў вучня мы ўкладваем душу, веды, час”. На традыцыйнае пытанне вучняў аб тым, ці не пашкадавалі пра выбар прафесіі, Яніна Пятроўна Пяткевіч пераканана адказала:
– Ведаеце, калі задаюся пытаннем, кім магла б быць, акрамя як педагогам, то не знаходжу іншых варыянтаў. Разумею, што ў іншай прафесіі не змагла б сябе настолькі праявіць.
Напрыканцы гутаркі і Юрый Генрыхавіч, і Яніна Пятроўна зазначылі, што пры сустрэчы з іншымі сваімі калегамі-пенсіянерамі не здзіўляюцца, чаму яны добра выглядаюць, бадзёрыя і аптымістычныя. Таму што ўсё жыццё працавалі з дзецьмі! А гэта добрая энергетычная падсілкоўка. З дзецьмі не засумуеш!
Таццяна Васілеўская,
класны кіраўнік 9 “А” класа СШ №5.