Настаўнік прадаўжаецца ў сваім вучні

 

Настаўнік прадаўжаецца ў сваім вучні

Общество
06.10.2024
1211

Ручнік - гэта не проста прыгожы від народнага мастацтва, гэта адлюстраванне гісторыі народа, лёс чалавека вышыты на палатне, думкі і мары, уплеценыя ў ручніковы ўзор. Пра гэта добра ведае член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Зоф’я ВОЙТКА, якая жыве ў Залессі. Сорак гадоў жанчына займаецца вышываннем ручнікоў.

3.jpg

4.jpg

Выхаванка Смаргонскай школы-інтэрната яшчэ дзесяцігадовай дзяўчынкай прыйшла ў кабінет працоўнага навучання да Марыі Радзішэўскай. Ахнула ад захаплення, убачыўшы вялікую колькасць прыгожых работ: тканыя паясы, вырабы з макрамэ, вышываныя крыжыкам ручнікі і касцюмы на ляльках… Усё гэта стваралі дзеці пад кіраўніцтвам настаўніцы. «Найбольш мяне ўразіла вышыўка, – зазначае Зоф’я. – Пасля той сустрэчы я пачала вышываць. Кожную вольную хвіліну аддавалася любімаму занятку. У восьмым класе нават ездзіла разам з Марыяй Ільінічнай у Маскву на выстаўку дасягненняў народнай гаспадаркі, дзе экспанаваліся работы смаргонскіх дзяцей. З Масквы мы прывезлі важкую ўзнагароду – крыштальную вазу і некалькі дыпломаў».

Атрымаўшы пасведчанне аб заканчэнні базавай школы, Зоф’я пайшла вучыцца на… цырульніка. Марыя Радзішэўская, якая лічыла дзяўчыну сваёй пераемніцай, расцаніла гэта як здрадніцтва. Тры гады Зоф’я не трымала ў руках пяльцы. А потым зноў пайшла да настаўніцы – з пакаяннем. Марыя Ільінічна дала ёй вялікі стос недаробленых дзіцячых работ, якія трэба было завяршыць. «Я іх стала вышываць. Доўга, крапатліва, часам – са слязамі. Нарэшце, даказала настаўніцы, што буду прадаўжаць яе справу. І ў апошнія гадзіны яе жыцця паабяцала, што не кіну вышываць, – успамінае суразмоўца. – Пазней я вярнулася ў школу-інтэрнат у якасці кіраўніцы гуртка па вышыванні і адраджальніцы музея Марыі Радзішэўскай. У гурток прыходзілі праблемныя ў плане паводзін хлопчыкі. Многія дзівіліся: хуліганы – а як вышываюць!». На той час майстрыха ўжо моцна захапілася вышываннем беларускіх ручнікоў.

«Праз шэсць гадоў школу-інтэрнат ліквідавалі. У Залессі ў гэты час адкрылі раённы Дом рамёстваў, і мяне запрасілі туды працаваць. Удзел у выставах, стварэнне нацыянальных строяў – шмат было цікавага ў жыцці. Але з’явіліся сур’ёзныя праблемы са здароўем – і я вымушана была звольніцца. Лячылася, паціху вышывала. Пазней стала рамеснікам. Многае давялося перажыць, але заўсёды дапамагала маё рамяство. І ад цяжкіх думак ратавала, і вока радавала, і на хлеб зарабляла», - усміхаецца суразмоўца. 

5.jpg

7.jpg

6.jpg

Месяц таму Зоф’я вярнулася ў родныя пенаты ў якасці педагога дадатковай адукацыі. Як вядома Смаргонскі ліцэй закрылі,  туды «пераехала» СШ №2. Памяшканне зноў напоўнілася дзіцячымі галасамі – і Зоф’я, як і раней, вучыць вышываць крыжыкам школьнікаў. «Прызнацца, я ўвесь час марыла вярнуцца ў сцены гэтай установы, праводзіць там майстар-класы, заняткі для дзяцей, адрадзіць музей Марыі Радзішэўскай. Хаджу на працу, як на свята. Тут такое ўсё роднае, блізкае, знаёмае! Мая настаўніца была б шчаслівая, што яе справа прадаўжае жыць».

Галіна АНТОНАВА

Фота з архіва Зоф’і ВОЙТКА

Статьи по теме: