Школа Актыўнага Грамадзяніна

 

Школа Актыўнага Грамадзяніна

Общество
27.01.2020
1304
У межах рэалізацыі акцыі  “Школа Актыўнага Грамадзяніна” навучэнцам  і педагогам Сінькоўскага ясляў-сада - сярэдняй  школы пашчасціла вітаць у сябе  скульптара, члена Беларускага Саюза мастакоў, ганаровага грамадзяніна Смаргоні  Уладзіміра Васільевіча Церабуна.  Гэтаму паспрыяла тэма сустрэчы: “Ганарымся сваімі землякамі”.

Адзін з аўтараў мемарыяльнага комплексу памяці герояў і ахвяраў Першай сусветнай вайны, аўтар “Мядзведжай Акадэміі” у Смаргоні,  знакамітага  мемарыялу “Дальва” на Лагойшчыне і шматлікіх іншых скульптурных твораў насамрэч аказаўся вельмі сціплым і шчырым суразмоўцам, які ўжо з першых хвілін сустрэчы захапіў цікавым аповедам пра сваё жыццё і творчасць. Не адразу прыйшло прызнанне, поспех. Двойчы паступаў у тэатральна-мастацкі інстытут, шмат працаваў,  па 14 гадзін у дзень. І нарэшце, першы поспех – мемарыяльны комлекс “Дальва” на Лагойшчыне. І па сённяшні дзень застаецца ўлюбёнай работай скульптара.

DSC_0092.JPG

 У ходзе сустрэчы навучэнцы задавалі пытанні пра сям’ю земляка, яго дзяцей, побыт. Самымі галоўнымі, важнымі сталі пытанні пра творчасць. Вядомы беларускі мастак падрабязна расказаў пра тое, як нараджаюцца яго манументальныя работы, паказаў эскізы, альбом, а таксама выдадзеную ў 2015 годзе  кнігу “На хвалях часу” пра яго жыццё і дзейнасць,  аўтарам якой з’яўляецца сам мастак.  

DSC_0097.JPG

Кніга змяшчае багаты ілюстратыўны матэрыял і можа быць выкарыстана на ўроках гісторыі і літаратуры.  У ходзе гутаркі майстар падзяліўся з выпускнікамі сакрэтамі сваёй паспяховасці, падкрэсліўшы, што за любым поспехам стаіць вялікая праца. Працаваць, аддана служыць сваёй справе – вось асноўныя жыццёвыя запаветы У.В. Церабуна.

Таленавіты чалавек - таленавіты ва ўсім, і ў гэтым упэўніліся ўсе прысутныя асабліва,  калі Уладзімір Васільевіч узяў у рукі гітару. Раманс у выкананні госця  стаў меладычнай кульмінацыяй сустрэчы і прыкладам непамернага таленту мастака. Уражаныя навучэнцы ў якасці падарунка паабяцалі напісаць сачыненні-водгукі і вершы-прысвячэнні знакамітаму земляку.

На развітанне Уладзімір Васільевіч  Церабун перадаў установе адукацыі  новы экспанат - гравюру “Мядзведжая акадэмія”, якая зойме пачэснае месца ў гісторыка-краязнаўчым музеі школы, а таксама экзэмляр кнігі “На хвалях часу”.

DSC_0068.JPG

Вольга ІЛЬІНА, намеснік дырэктара Сінькоўскіх ясляў-сада - сярэдняй  школы.

Статьи по теме: