Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі ў рознаўзроставай групе інтэграванага навучання і выхавання Асінаўшчызненскай пачатковай школы пачаўся з вандроўкі «Дзверы ў казку адчыні».
У госці да казкі
Выхаванцы сустрэліся з вядомымі казачнымі героямі, якія падрыхтавалі для іх розныя заданні. Баба Яга прынесла рэчы з вядомых казак, па якіх дзецям належыла адгадаць назву твора. Дзеці складалі з пазлаў і кубікаў, якія падрыхтаваў Чыпаліна, сюжэты чароўных казак і называлі іх. Чырвоная Шапачка прапанавала выхаванцам цікавую казачную віктарыну. Разам з Нязнайкам выпраўлялі памылкі ў ілюстрацыях да казак, з дапамогай выкарыстання сюжэтных малюнкаў выконвалі гульнявыя практыкаванні: «Назаві казку», «Ланцужок падзей», «Прапушчаны сюжэт» і інш. З задавальненнем дзеці гарталі старонкі ўжо добра вядомых і новых кніг, нагадалі правілы беражлівага абыходжання з кнігай, арганізавалі выставу малюнкаў «Мой любімы казачны герой», дзяліліся ўражаннямі пра свае любімыя казкі.
Вандроўка паказала, што ў выхаванцаў ёсць цікавасць да кнігі і мастацкага слова.
Святлана ЦЫБОЎСКАЯ,
выхавальніца Асінаўшчызненскай пачатковай школы