Незабыўная мелодыя для цымбалаў
На гарызонце музыка
Вольга Грагоўская з дзяцінства вельмі любіла спяваць. Бацькавы гены перадаліся. Яе тата, баяніст-самавучка, спяваў у хоры “Сельгастэхнікі”. Неверагодна, але факт: да дзесяцігадовага ўзросту Вольга не ведала пра існаванне музычнай школы ў Смаргоні. Аднойчы ў СШ №1, у Вольгін клас, прыйшлі настаўнікі і сталі прапаноўваць дзецям запісацца на заняткі ў музычную школу. Дзяўчынка і яе сяброўкі-аднакласніцы, без сумнення, адразу згадзіліся. Збіраліся стаць піяністкамі. Не атрымалася. На фартэпіянным аддзяленні трэба было вучыцца сем гадоў. А за “пяцігодку” можна было асвоіць, да прыкладу, цымбалы.
Настаўніцай у Вольгі была Марына Бортнік. Пазней, калі дзяўчына з’ехала ў Маладзечна, - Юрый Церабун. Дарэчы, абодва настаўнікі - былыя выхаванцы Аляксандра Дзяругі, удзельнікі цымбальнага аркестра.
Анастасія ВАНЕЕВА і Вольга ГРАГОЎСКАЯ.
Неўзабаве Вольга сама стала ўдзельніцай (праўда, нядоўга, толькі на год) цымбальнага аркестра імя Дзяругі, якім на той час кіраваў Ольгед Апановіч.
У апошнія два класы сярэдняй школы дзяўчына нават не брала ў рукі цымбальных палачак. Марыла стаць сцюардэсай. Нават спецыяльную медкамісію прайшла. Павінна была ехаць на ўступныя іспыты ў Харкаў, але бацькі не пусцілі: ”Куды ты паедзеш? Такая юная. А Харкаў – няблізкі свет. Кропка”. Безапеляцыйна.
Тады зноў на гарызонце Вольгі замільгала светам музыка. Дзяўчына з бацькамі паехала ў Лідскае музвучылішча, каб паспрабаваць паступіць на харавога дырыжора. Але калі ў Лідзе даведаліся, што яна грала на цымбалах, прапанавалі выканаць якую-небудзь кампазіцыю. Вольга нечакана для сябе даволі ўпэўнена сыграла “Паланэз Агінскага” і мелодыю з кінафільма “Беражыся аўтамабіля”. Успомнілі рукі і галава.
Пасля музвучылішча два гады Вольга адпрацавала ў Вішнеўскай музычнай школе. Выйшла замуж, нарадзіла дзіця, а пасля ўслед за мужам паехала ў Маскву. Затрымалася там на шэсць гадоў. Працавала ў элітным дзіцячым садку спачатку выхавацелькай, пасля – музычным работнікам. Сярод выхаванцаў Вольгі былі дзеці расійскіх “зорак” і бізнесменаў. Можна толькі ўявіць, якія патрабаванні ставіліся да педагогаў гэтай дашкольнай установы.
Салодкія плады выхавання
Інеса, дачка Вольгі, калі падрасла, таксама зацікавілася цымбаламі. Марына Бортнік стала сямейнай настаўніцай у Грагоўскіх. Праўда, да ўступных экзаменаў у каледж дзяўчыну рыхтавала ўжо мама, Марына Казіміраўна пайшла на адпачынак.
У 2008 годзе Вольга ўладкавалася на работу ў Смаргонскую школу мастацтваў імя Агінскага, была тады адзіным спецыялістам на ўсё аддзяленне. Прыйшоў час на ўсю моц пусціць у ход свой педагагічны патэнцыял. Праз чатыры гады Алёна Савіцкая, выхаванка Вольгі Грагоўскай, стала лаўрэатам ІІ ступені на Рэспубліканскім адкрытым конкурсе выканаўцаў на народных інструментах імя І. І. Жыновіча і стыпендыятам Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Інеса Грагоўская скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, яна - салістка аркестра Заслужанага калектыву Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі. Алена Савіцкая – студэнтка акадэміі музыкі. Яшчэ адна выхаванка Вольгі Грагоўскай – Ангеліна Клачкевіч – навучэнка гімназіі-каледжа мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка.
У фотаальбоме Вольгі Анатольеўны ёсць два фотаздымкі, зробленыя Аляксандрам Дзяругам. Адзін з іх – вось гэты. Аглядконкурс строя і песні.
Год прыкладна 1976. Вольга Грагоўская трэцяя справа ў першым радзе.
Сёлета заканчвае Смаргонскую школу мастацтваў Анастасія Ванеева, якую на АНТ назвалі самай вядомай юнай цымбалісткай Беларусі. А Насця марыць стаць вядомай цымбалісткай свету і пашыраць папулярнасць цымбалаў далёка за межамі рэспублікі. Гэта не пафас. Мініяцюрная Насця з моцным унутраным стрыжнем ужо нямала зрабіла, каб наша Смаргонь і цымбалы прагучалі не толькі па ўсёй Беларусі. Свой талент Насця прадэманстравала на ўкраінскім праекце “Круче всех”, праз год - у расійскім забаўляльным шоу “Лучше всех”.
Пераможца шматлікіх абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Сярод іх - дыплом лаўрэата I ступені, спецыяльны дыплом “За артыстызм” Рэспубліканскага фестываля-конкурса выканаўцаў на цымбалах “Перазвоны”, дыплом I ступені VIII рэспубліканскага творчага радыёконкурса “Маладыя таленты Беларусі”, дыплом лаўрэата І ступені на Рэспубліканскім адкрытым конкурсе выканаўцаў на народных інструментах імя І. І. Жыновіча.
Летась Насця была ўдастоена заахвочвальнай прэміяй Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. А зусім нядаўна дзяўчынка стала стыпендыятам абласной прэміі імя А. І. Дубко і стыпендыятам Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Цяпер у Вольгі Грагоўскай трынаццаць вучняў. “Дзеці вельмі здольныя. Падаюць вялікія надзеі. Будзем займацца, будзем працаваць. Насця для іх - своеасаблівы маяк у цымбальнай музыцы, - усміхаецца Вольга Анатольеўна. – Адпачываць няма калі, бо чым больш мае вучні сябе праяўляюць, тым большыя планкі я стаўлю для сябе”.
Настаўніца расказала, што з нядаўняга часу мае чатырохгадовую выхаванку, з якой у гульнёвай форме спрабуе спасцігаць азы цымбальнага майстэрства. Як вядома, у Аляксандра Дзяругі была свая, лічбавая, сістэма навучання ігры на цымбалах. Вольга Анатольеўна выпрацоўвае сваю сістэму – з дапамогай дробных цацак яна тлумачыць размяшчэнне нотаў на цымбалах. І ўжо можа гаварыць пра эфектыўнасць такой методыкі. У планах настаўніцы – выставіць на конкурс сямігадовую падапечную. У адказ Вользе Грагоўскай так і хочацца сказаць: “Веру!”. Тут афарызм Канстанціна Станіслаўскага ўжо хочацца перафразаваць. Веру, што цымбальная будучыня ў Смаргоні ёсць.
Грайце і ўзбагачайцеся
Дзесяць гадоў Вольга Грагоўская кіруе цымбальным аркестрам. Калектыў налічвае 20 чалавек. У снежні 2018 года адзначылі 70-годдзе аркестра. Свой разнастайны рэпертуар музыкі прэзентавалі гледачам.
Цымбальны аркестр – першы ў Беларусі – Аляксандр Дзяруга стварыў у 1948 годзе. Эстафету ад яго пераняў Ольгерд Апановіч, які больш за трыццаць гадоў кіраваў аркестрам. Пэўны час калектыў узначальвала Ірына Гавіна. Апошнія дзесяць гадоў – Вольга Грагоўская. Побач з ёй у аркестры граюць былыя вучаніцы – Інеса Грагоўская, Алена Савіцкая, Ангеліна Клачкевіч, “зорачка” школы мастацтваў Анастасія Ванеева.
З юбілеем аркестр прыехалі павіншаваць калегі з Астраўца – народны ансамбль народных інструментаў “Скарбніца”. І калі адбылося зводнае выступленне калектываў са Смаргоні і Астраўца, здаецца, нават нябёсы здрыгануліся, і сам Аляксандр Дзяруга памахаў рукой – блаславіў музыкаў на далейшае творчае ўзбагачэнне.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара і з архіва Вольгі ГРАГОЎСКАЙ.