Цікава і змястоўна прайшоў тэматычны тыдзень “Транспарт: на зямлі, у паветры, на вадзе” ў рознаўзроставай групе інтэграванага навучання і выхавання Асінаўшчызненскай пачатковай школы. На працягу пяці дзён выхаванцы пашыралі свае ўяўленні пра транспарт.
Транспартны калейдаскоп. Дашкольнікам – пра сродкі перамяшчэння
Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся пра разнавіднасці транспарту па асяроддзі перамяшчэння і па прызначэнні, знаёміліся з будовай і ўласцівасцямі розных транспартных сродкаў. На занятках па выяўленчым мастацтве дашкольнікі малявалі караблікі для казачных герояў і майстравалі самалёты.
У вольны час гулялі ў гульні “Вераб’і і аўтамабіль”, “Каляровыя аўтамабілі”, “Смелы капітан” і іншыя, разважалі над тым, як уплывае транспарт на навакольнае асяроддзе, а таксама стараліся вызначыць, што будзе, калі знікне ўвесь транспарт і як гэта паўплывае на чалавека. На прагулках звярталі ўвагу на тое, якія транспартныя сродкі можна ўбачыць часцей за ўсё на вуліцах роднага аграгарадка. Не забылі ўзгадаць і правілы паводзін у транспарце.
Напрыканцы тыдня выхаванцы з вялікім задавальненнем дзяліліся сваімі фантазіямі пра тое, якім будзе транспарт у будучыні.
Алена БІСЛЮК,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
Асінаўшчызненскай пачатковай школы.