З даўніх часоў загадкавы свет планет і зорак прыцягваў да сябе ўвагу людзей, вабіў іх сваёй таямнічасцю і прыгажосцю. Але бліжэйшым і больш даступным ён стаў пасля палёту Юрыя ГАГАРЫНА 12 красавіка 1961 года, калі была адкрыта сучасная эра асваення касмічнай прасторы чалавекам. У далейшым шлях першага касманаўта працягнулі іншыя героі, а іх подзвіг назаўжды застанецца сімвалам мужнасці, імкненнем да пазнання і прагрэсу.
Наша повязь з касманаўтыкай
Перабіраючы падзеі і факты, якія адлюстроўваюць гісторыю касманаўтыкі, паспрабуем заўважыць яе сляды на Смаргоншчыне. Пачнём з вуліц, назвы якіх звязаны з тэмай артыкула. З паведамлення мясцовай газеты «Перамога» стала вядома, што «ўсхваляваныя першым палётам савецкага чалавека ў касмічную прастору работнікі раённай канторы сувязі напісалі ў выканкам гарадскога Савета пранікнёнае пісьмо. Выказаўшы захапленне геройскім учынкам Юрыя Гагарына, яны папрасілі выканкам гарадскога Савета перайменаваць вуліцу Крэўскую на імя Юрыя Гагарына». Выканаўчы камітэт задаволіў просьбу працоўных сваім рашэннем ад 15 красавіка 1961 года. Адна са старажытных вуліц горада набыла новае імя, але да сённяшняга часу старэйшымі гараджанамі яна ўспрымаецца пад першапачатковай назвай. Напрыканцы мінулага стагоддзя ў зоне новай забудовы горада з’явілася Зорная вуліца, а побач з ёю пралягла вуліца Цыялкоўскага. Нагадаю, што Канстанцін Цыялкоўскі з’яўляецца заснавальнікам тэорыі міжпланетных палётаў, ён распрацаваў асновы ракетадынамікі і касманаўтыкі.
У другой палове 1960-х гадоў у гістарычным цэнтры Смаргоні пабудавалі цагляны будынак кінатэатра, які атрымаў папулярную і актуальную на той час назву «Космас». Сёння тут размешчаны начны клуб, але даўнейшая прыгожая назва кінатэатра засталася на фасадзе будынка і нагадвае пра мінулую гісторыю гарадской культурна-асветніцкай установы.
Яскравай старонкай у летапісе ансамбля песні і танца імя Агінскага з’яўляецца выступленне творчага калектыву ў Зорным гарадку летам 1966 года. Там удзельнікі ансамбля сустрэліся з лётчыкам-касманаўтам Паўлам Паповічам. За паспяховае ажыццяўленне першага ў свеце групавога касмічнага палёту, праяўленую мужнасць і гераізм Паповіч атрымаў званне Героя Савецкага Саюза. Смаргонцам ён запомніўся як адкрыты, просты і душэўны чалавек.
Распачатая касмічная эра мела шырокі водгук у школьных калектывах. З артыкула піянерважатай Залескай васьмігадовай школы М. Багдановіч, які пабачыў свет на старонцы газеты «Светлы шлях» 19 лістапада 1968 года, стала вядома, што «ўжо тры гады піянерская дружына школы носіць імя лётчыка-касманаўта Г. С. Цітова. Піянеры трымаюць перапіску з героем, распавядаюць яму аб сваіх справах. Герман Сцяпанавіч у сваю чаргу адказвае рабятам, натхняе іх, заклікае добра вучыцца, вучыць мужнасці і стойкасці». Герман Цітоў быў дублёрам Юрыя Гагарына, стаў другім савецкім касманаўтам і самым маладым чалавекам у гісторыі, які здзейсніў арбітальны касмічны палёт. Працягнула традыцыі, якія раней сфарміраваліся на Смаргоншчыне, піянерская дружына Сольскай сярэдняй школы імя Мар'яна Дукса. Яна носіць імя беларускага савецкага касманаўта Пятра Клімука.
Напэўна, цікава будзе даведацца, а ці бывалі самі касманаўты на смаргонскай зямлі? У жніўні 2012 года гасцяваў на Смаргоншчыне вядомы касманаўт Георгій Грэчка. У час візіту ён разам з жонкай наведаў сядзібу Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі, пазнаёміўся са славутасцямі Крэва і Смаргоні. У час падарожжа касманаўт адзначыў добразычлівасць і гасціннасць беларусаў, асабліва спадабалася аграсядзіба ў Вайнідзенятах, дзе Грэчкі правялі два дні.
У межах 12-га Усесаюзнага фестывалю тэлефільмаў Смаргонь, Снігяны, Кушляны і заказнік «Блакітныя азёры» ў верасні 1987 года наведаў лётчык-касманаўт, кандыдат тэхнічных навук Віталь Севасцьянаў. Шмат гадоў запар ён вёў на Цэнтральным тэлебачанні перадачу «Чалавек. Зямля. Сусвет». Ён аўтар шасці вынаходніцтваў і аднаго адкрыцця, быў абраны акадэмікам шэрагу замежных акадэмій, у тым ліку Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі. Суправаджаў касманаўта старшыня Дзяржкамітэта БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні, вядомы беларускі паэт, публіцыст і грамадскі дзеяч Генадзь Бураўкін.
8 верасня 1987 года наш раённы цэнтр наведаў савецкі касманаўт пад нумарам 17, генерал-лейтэнант авіяцыі Георгій Шонін. Ён выступіў у актавай зале ЗАСа перад калектывам работнікаў прадпрыемства, адказаў на шматлікія пытанні завадчан. Дарэчы, Смаргонскі завод аптычнага станкабудавання таксама меў дачыненне да касманаўтыкі. Спажыўцамі тэхналагічнага абсталявання завода з’яўляліся буйныя вытворцы касмічных прыбораў.
Нагадаем некаторых вядомых асоб, лёс якіх быў цесна пераплецены з касманаўтыкай і Смаргоншчынай. Савецкі военачальнік, маршал Савецкага Саюза, кавалер ордэна «Перамога» Радзівон Маліноўскі з першых дзён знаходжання на пасадзе Міністра абароны СССР пільную ўвагу надаваў касмічнай праграме з выхадам чалавека ў космас. 12 красавіка 1961 года менавіта маршал Маліноўскі падпісаў загад аб прысваенні Юрыю Гагарыну пазачарговага звання маёр.
Падчас Першай сусветнай вайны Радзівон Маліноўскі служыў у кулямётнай камандзе 256-га Елісаветградскага пяхотнага палка і ў кастрычніку 1915 года пад Смаргоні атрымаў цяжкае раненне. На багажнай стойцы чыгуначнай станцыі Залессе яму паспяхова была зроблена аперацыя, пасля якой яго накіравалі ў тылавы шпіталь.
Вядомага канструктара ракетнай тэхнікі і апантаннага прапагандыста міжпланетных палётаў міжваеннага перыяду мінулага стагоддзя Макса Валье называюць «нямецкім Цыялкоўскім». Разам з іншымі знакамітымі распакоўшчыкамі ракет Макс Валье стаяў ля вытокаў будучых палётаў чалавека ў космас. Сам канструктар прынцыпова адрозніваўся ад большасці ракетчыкаў, бо ніколі не працаваў на ваеннае ведамства і лічыў, што космас служыць для міру на Зямлі, а таму пры яго асваенні павінны быць забыты спрэчкі і войны. Яго перакананні сфармаваліся і ўмацаваліся ў гады Першай сусветнай вайны на розных участках фронту, дзе яму давялося зведаць ваенныя выпрабаванні. У тым ліку пад Крэвам і Смаргонню ў пачатку 1917 года, калі ён служыў у аўстрыйскім спецыяльным сапёрным батальёне. Яго галоўная кніга 1924 года «Палёт у сусветную прастору як тэхнічная магчымасць» да 1930 года вытрымала шэсць перавыданняў, яе пераклад 1936 года набыў вялікую папулярнасць у Савецкім Саюзе.
Праз некалькі дзён пасля вызвалення нашага раённага цэнтра ад ворага 7 ліпеня 1944 года палявы аэрадром каля Святлян прыняў авіяцыйны полк з 3-га знішчальнага авіяцыйнага корпуса, якім камандаваў генерал-лейтэнанта авіяцыі Яўген Савіцкі. Паветраны ас Вялікай Айчыннай сам займаўся ўладкаваннем мясцовага аэрадрома, удзельнічаў у аперацыі па вызваленні Вільнюса і знішчэнні варожай групоўкі ва Усходняй Прусіі, спланаваў налёт эскадрыллі знішчальнікаў са Святлянаў на горад Інстэрбург. Яго дачка Святлана Савіцкая стала другой жанчынай у свеце, якая паляцела ў космас і з’яўляецца першай сярод жанчын, якая выйшла ў адкрытую касмічную прастору. І заслугі бацькі, і дачкі двойчы былі адзначаны зоркамі Герояў Савецкага Саюза. Прычым Святлана Савіцкая стала адзінай жанчынай у СССР, якая двойчы атрымала гэта званне.
У Заходнім мікрараёне Смаргоні з 2019 года ўзвышаецца памятны знак у выглядзе корпуса баявой ракеты С-200. Гэтая ракета хоць і не з’яўляецца той самай ракетай, якая базіравалася ў ракетных частках каля нашага райцэнтра, але вельмі нагадвае паменшаную копію касмічнага карабля «Усход» Юрыя Гагарына. Першапачаткова на баявым дзяжурстве нашых воінаў-ракетчыкаў стаяла аднаступеньчатая балістычная ракета Р-14, якая ў далейшым выкарыстоўвалася ў касмічных мэтах. На яе базе была спраектавана геафізічная ракета «Вертыкаль» для вывучэння атмасферы і касмічнай прасторы.
Дапоўніць прапанаваную тэму артыкула зможа сам чытач уласнымі матэрыяламі па касманаўтыцы. Камусьці варта пераглядзець свае калекцыі марак, значкоў, манет на касмічную тэматыку. Хтосьці яшчэ раз па здымках з фотаальбомаў згадае наведаныя раней музеі касмічнай тэхнікі і касмадромы. Ці проста паглядзіць у начное зорнае неба з надзеяй заўважыць рух спадарожніка, а калі пашчасціць, то і пабачыць парад з ланцужка спадарожнікаў ад Ілана Маска.
Уладзімір ПРЫХАЧ