Аграэкатурызм – прапаноўваць!

 

Аграэкатурызм – прапаноўваць!

Общество
09.02.2025
923

Каб знайсці новыя ўражанні, цікава і прыемна адпачыць, неабавязкова адпраўляцца ў далёкае падарожжа. Дзіўнае, вартае ўвагі, тое, што пакажа нам новыя грані жыцця, можна знайсці, не выязджаючы з Беларусі. Для гэтага нават не трэба браць водпуск, збіраць шмат грошай на паездку і пакаваць вялікі чамадан. Дастаткова правесці выходныя на аграэкасядзібе – і ўспамінаў хопіць надоўга.

Лічыцца, што да развіцця аграэкатурызму ў Беларусі падштурхнула стварэнне музейнага комплексу старых народных промыслаў і тэхналогій «Дудудкі», які размешчаны непадалёку ад Мінска на тэрыторыі былога шляхецкага маёнтка ­Дудзічы. Адкрылі комплекс у кастрычніку 1994 года. Аналіз першых вынікаў работы паказаў, што сельская тэрыторыя мае значны і прывабны патэнцыял для турыстычнай і адукацыйнай ­дзейнасці.

Сельскі турызм у рэспубліцы зарадзіўся на мяжы 2002 і 2003 гадоў. У гэты час утварылася грамадскае аб’яднанне «Агра- і экатурызм», пачалі наладжвацца кантакты з замежнымі партнёрамі, з’явіліся  першыя аграсядзібы.

Горанские.jpg

горанские 1.jpg

На Смаргоншчыне распачалі гэту справу ­Аляксандр і Тэрэза Гаранскія. У 2006 годзе яны гасцінна прынялі першых наведвальнікаў у аграэкасядзібе «Гаранскіх», якая адкрылася ў Поцевічах. Сюды пачалі прыязджаць адпачывальнікі, каб на некалькі дзён злучыцца з прыродай, пакаштаваць беларускія стравы, пажыць у доме, дзе пахне натуральным дрэвам, пазнаёміцца з рэчамі, якія ­раскажуць пра вясковы побыт і традыцыі беларускай вёскі, ­схадзіць у лазню, падобную да той, у якой мыліся нашы продкі. Нацыянальны каларыт стаў прывабліваць вялікую колькасць наведвальнікаў. Аграэкасядзіба ў Поцевічах працуе і дагэтуль. Прычым, у сямейны бізнес прыйшоў Віталь Гаранскі, сын Аляксандра і Тэрэзы, які ў 2009 годзе адкрыў у Поцевічах яшчэ адну аграэкасядзібу пад назвай «Панскі фальварак».

вялес.jpg

вялес 1.jpg

У 2012 годзе з’явіліся агра­экасядзібы «Вялес» у Жо­дзішках (яе «фішка» – захапляльныя веласіпедныя, пешыя і водныя паходы і экскурсіі), «Мара» ў Заблоцці і «Бацькова хата» ў Суць­каве (цудоўныя месцы для адпачынку, правядзення сямейных святаў і ўрачыстас­цей). У 2014 годзе прыняла першых адпачываючых агра­сядзіба «Лясная» ў Гарыдзенятах, у 2015 годзе – аграэка­сядзіба «Ялінка» ў ­Мізулічах. Штогод, на працягу апошняга дзесяцігоддзя, у нашым раёне з’яўляліся новыя ­аграэкасядзібы.

батькова.jpg

мара.jpg

лесная.jpg

Аграэкасядзіба «Квітнеючыя берагі», якая адкрылася ў 2021 годзе ў Жодзішках, стала дыпламантам ХХІІ рэс­публіканскага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь» (намінацыя «Аграэкасядзіба года»), ушанаванне пераможцаў адбылося ў Мінску ў снежні 2024 года.

цветущие.jpg

Літаральна ў ­лістападзе мінулага года ў Крэве пачала дзейнічаць аграэкасядзіба «Ляліва», дзе гасцям прапаноўваюць пазнаёміцца з мясцовымі прыроднымі і архітэктурнымі аб’ектамі, лакальнымі традыцыйнымі стравамі і праводзяцца майстар-класы па вырабе смаргонскіх абаранак.

лялива.jpg

«Цяпер на Смаргоншчыне зарэгістраваны 19 суб’ектаў аграэкатурызму, 13 з іх  размешчаны ў радыусе 20 кіламетраў ад Смаргоні, – адзначыла Анастасія Загорская, дырэктар Смаргонскага раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра. – З мэтай стварэння на тэрыторыі раёна спрыяльных умоў для ўзаемадзеяння з суб’ектамі аграэкатурызму ў райвыканкаме створана рабочая група па развіцці аграэкатурызму, сістэматычна ажыццяўляецца маніторынг дзейнасці суб’ектаў ­аграэкатурызму.

Тым, хто займаецца агра­экатурызмам, і тым, хто жадае ім займацца, спецыялісты нашага цэнтра аказваюць кансультацыйна-метадычную дапамогу, тлумачаць заканадаўства, якое рэгулюе ­дзейнасць у сферы ­аграэкатурызму».

На працягу многіх гадоў «Белаграпрамбанк» з’яўляецца надзейным партнёрам суб’ектаў аграэкатурызму. Сёння кожная чацвёртая аграсядзіба ў Беларусі працуе, адкрываючы новыя напрамкі і фарматы, у тым ліку пры фінансавай падтрымцы банка. «Белаграпрамбанк» прапануе суб’ектам аграэкатурызму карыстацца праграмай ільготнай падтрымкі. Крэдыт на развіццё аграэкатурызму прадастаўляецца ў беларускіх ­рублях са стаўкай 5% гадавых. Тэрмін крэдыту – да 7 гадоў.

У Беларусі прыняты меры па стварэнні дабратворных умоў для развіцця аграэкатурызму, паляпшэння ўмоў жыцця грамадзян у сельскай мясцовасці і ўдасканалення сельскай інфраструктуры. Рашэнне замацавана ­Указам Прэзідэнта Рэспублікі ­Беларусь ад 4 кастрычніка 2022 года №351 «Аб развіцці аграэкатурызму».

Сёння аграэкатурызм з’яўляецца адным з прыярытэтных кірункаў развіцця турыстычнага патэнцыялу Беларусі. Актыўны адпачынак і аздараўленне, знаёмства з нацыянальнай культурай, традыцыямі, кухняй і побытам – усім гэтым ­могуць парадаваць турыстаў беларускія аграэкасядзібы.

Галіна АНТОНАВА

Фота з архіва Смаргонскага раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра

Теги: общество

Статьи по теме: