Капліца-пахавальня, якая служыла храмам

 

Капліца-пахавальня, якая служыла храмам

Общество
20.12.2024
253

Мяжу паміж вёскай Івашкаўцы і аграгарадком Солы праводзіць чыгунка. На могілках, якія знаходзяцца каля чыгуначнага палатна, знайшлі свой спачын жыхары абодвух згаданых населеных пунктаў. Тут знаходзіцца і гісторыка-культурная каштоўнасць «Капліца-пахавальня Качаноў».

Ад Смаргоншчыны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключаны 19 капліц. Гэта прыдарожныя, могілкавыя, сядзібная капліцы. Аднак неагатычная капліца-пахавальня ў Івашкаўцах вылучаецца сярод іх сваёй непаўторнай архітэктурай і велічнасцю.

Каплица Ивашковцы.jpg

Наталля Чудакоўская, метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны раённага Цэнтра культуры, адзначыла, што капліца-пахавальня Качаноў была ўзведзена недзе ў 1908 годзе, калі быў выраблены праект, у якім згадваецца прозвішча Качан. Таксама яна вядома па інвентары за 1932 год. Хутчэй за ўсё, Качаны былі сольскімі парафіянамі, пра якіх, на жаль, больш нічога невядома.

Капліца была пабудавана ў той час, калі неаготыка, звязаная з будаўніцтвам касцёлаў, дасягнула апошняй стадыі папулярнасці. Праект, несумненна, быў выкананы прафесійным архітэктарам, але, на жаль, ён нікім не падпісаны. Не хапае індывідуальных асаблівасцей, якія б дапамаглі ідэнтыфікаваць аўтара. Можна толькі меркаваць, што гэта мог быць Вільгельм Сарока, які ў 1906 годзе зрабіў праект вельмі падобнай капліцы Святога Роха ў Грандзічах, што каля Гродна.

«Капліца-пахавальня – яскравы прыклад неагатычнай архітэктуры. Яна сведчыць пра існаванне роду Качаноў, дзе знайшлі вечны спачын члены гэтай сям’і (у крыпце знаходзіцца не менш за 6 пахаванняў). Вядома, што пасля таго, як парафіяльны касцёл у Солах згарэў, у 1915 годзе, набажэнства было перанесена ў івашкаўскую капліцу, да якой у 1917 годзе быў дабудаваны драўляны неф, які пазней, пасля ўзвядзення новага касцёла ў Солах, быў разабраны. Атрымліваецца, што на працягу амаль дваццаці гадоў капліца служыла храмам для вернікаў», – адзначыла Наталля Станіславаўна.

Каплица Ивашковцы 2.jpg

У 2018 годзе было вырашана надаць капліцы-пахавальні Качаноў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. На аб’екце замацавалі ахоўную дошку, зацверджаную Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Уласнікам гісторыка-культурнай каштоўнасці з’яўляўся Сольскі сельскі выканаўчы камітэт.  З ім было падпісана ахоўнае абавязацельства, у якім рэгламентаваліся рэжым утрымання і выкарыстання гісторыка-культурнай каштоўнасці.

З таго часу, згодна зацверджанага плана работы, двойчы на год тут праводзіцца агляд гісторыка-культурнай каштоўнасці, складаюцца акты агляду, усё фотафіксуецца. У 2019 годзе пры садзейнічанні аддзела культуры райвыканкама навуковым супрацоўнікам аддзела антрапалогіі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь Мікалаем Памазанавым быў праведзены агляд пахаванняў у крыпце капліцы, выдадзены рэкамендацыі і папярэдняе заключэнне, у рэкамендацыях канстатавана пашкоджанне пахаванняў.

У 2022 годзе была распрацавана праграма бягучага рамонту на аб’екце і праведзены адпаведныя работы: за спонсарскія грошы зроблена адмостка па ўсяму перыметру аб’екта, адрэстаўраваны прыступкі і ўваходныя дзверы.

У 2023 годзе ўласнікам аб’екта стала РУП «Жыллёва-камунальная гаспадарка». З новым уласнікам падпісана ахоўнае абавязацельства. «Па выніках чарговага агляду 27 лістапада пытанне аб неабходнасці рамонтных работ на аб’екце было вынесена на пасяджэнне міжведамаснага каардынацыйнага Савета па зберажэнні гісторыка-культурнай спадчыны, – удакладніла Наталля Чудакоўская. – Прынята рашэнне аб неабходнасці правядзення бягучага рамонту у 2025 годзе. Работа навукоўцаў і даследчыкаў па раскрыцці гісторыі гэтага аб’екта таксама будзе прадаўжацца».

Галіна АНТОНАВА

Фота з архіва РЦК

Статьи по теме: