Дрэвагліннае будаўніцтва: аўтар і яго аб’екты

 

Дрэвагліннае будаўніцтва: аўтар і яго аб’екты

Общество
29.01.2020
3381
Узведзеныя з гліны і паленняў будынкі, вядомы таксама пад назвай “cordwood masonry” ці інакш “stackwall”. Апошнім часам яны набываюць вялікую папулярнасць у многіх краінах свету. Унікальныя старыя пабудовы з нетыповымі сценамі ў паўночнаамерыканскім штаце Вісконсін, чэшскіх Карконошах, у сярэдняй Швецыі і іншых замежных мясцінах прыцягваюць увагу навукоўцаў, становяцца мэтай пілігрымак да іх архітэктараў, мастацтвазнаўцаў і фатографаў. Не толькі турыстычны патэнцыял становіцца галоўным складальнікам такой увагі. Найперш - абуджаецца зацікаўленасць ва ўзнаўленні дрэвагліннага будаўніцтва ў сучасных умовах.

Вокладка кнігі М.Невяровіча.jpg

Вокладка кнігі М. Невяровіча.


Па ініцыятыве вядомага польскага даследчыка, доктара габілітаванага (поўнага доктара навук), надзвычайнага прафесара архітэктурнага факультэта Беластоцкай палітэхнікі Я. Шэўчыка ў 2014 годзе, больш чым праз 80 гадоў, была перавыдадзена кніга Мікалая Невяровіча “Парады вясковага вогнетрывалага будаўніцтва з гліны і дрэва альбо бетону і дрэва”.

Гартаючы дасланы рэпрынт, аўтар якога пэўны час быў звязаны лёсам са Смаргоншчынай, можна ў чарговы раз упэўніцца ў каштоўнасці і актуальнасці дапаможніка. Патрэбна ўлічваць не толькі таннасць і хуткасць такой тэхналогіі будаўніцтва, але і памятаць пра здаровы антыбактэрыяльны і антыалергічны мікраклімат, які будзе панаваць унутры пабудаваных памяшканняў.

Працягваючы тэму дрэвагліннага будаўніцтва ў нашым краі (гл. “Светлы шлях”, №1, 4 студзеня 2014 года) варта дапоўніць ранейшы матэрыял новымі каштоўнымі знаходкамі.

1 лютага 1927 года “Тыгоднік рольнічы” змясціў артыкул Мікалая Невяровіча, дзе аўтар пералічыў некалькі выкананых па сваёй сістэме пабудоў у сольскіх ваколіцах Ашмянскага павета. У публікацыі была інфармацыя пра пабудаваны ў 1908 годзе пад кіраўніцтвам аўтара будынак сядзібы Паўла Іванова ў маёнтку Малыя Солы. Да нашых дзён гэты жылы дом захаваўся і з’яўляецца адным са старэйшых каштоўных помнікаў глінабітнага дойлідства ў рэгіёне.

У 1912 годзе быў ўзведзены дом ў маёнтку Вішнёўка пана Мар’яна Вішнеўскага. Адметны ён тым, што пакрыты бетоннай дахоўкай, а яго сцены ўзводзілі толькі мясцовыя дзяўчаты. Дужы будынак на рынкавым пляцы ў Солах быў фундаваны і збудаваны ў 1909 годзе былым пробашчам мясцовай парафіі Леанардам Родзевічам (паводле брашуры М. Невяровіча). Будынак належаў касцёлу. У ім размяшчаліся гандлёва-спажывецкі кааператыў, каса Стэфчыка і малачарня.

Дом А.Алехна ў Снігянах.jpg

Дом А. Алехна ў Снігянах.


Поўнасцю па “метадзе Невяровіча”  ў 1926 годзе пабудавалі дом для Антона Алехна ў вёсцы Снігяны. Сцены жытла ўзвялі 8 хлопцаў за чатыры дні. На наступны дзень зацягнулі на яго каркас даху, які папярэдне змайстравалі на зямлі. На шосты дзень дах быў злучаны і пакрыты саломай. Кошт пабудовы склаў 470 злотых, што сведчыла пра невялікія выдаткі на будаўніцтва. Пазалетась, падчас краязнаўчай вандроўкі пацікавіліся станам дома. Высветлілася, што ён пакрыты дахоўкай, якую гаспадар самастойна вырабіў з бетону. Мясцовыя людзі засведчылі, што таленавіты ўмельца А. Алехна для абагрэву хаты і прасыхання вільготных сцен зрабіў перасоўную печ на колах. Труба ад яе да коміна складвалася і нагадвала гармонік.

Даволі падрабязна ў артыкуле Мікалай Невяровіч пазнаёміў чытачоў з пабудовай у 1923 годзе ўласнага глінабітнага дому ў фальварку Рудзішкі (што па суседстве з Вішнёўкай). Аўтар адзначыў памеры і дэталі планіроўкі, працу работнікаў, падлічыў кошт “глінабіткі” – у 8-10 разоў таннейшая за хату з дрэва. На жаль, сёння толькі заросшы хмызам пагорак з гліны і некалькі здзічэлых садовых дрэў нагадваюць пра неіснуючы фальварак Рудзішкі-Роланы – такую афіцыйную назву ён меў.  

Спачатку асоба самога Мікалая Невяровіча выглядала вельмі загадкава. У сваёй кнізе-парадніку ён пазначыў тагачасны адрас: пошта Солы, павет Ашмянскі, паштовая скрыня №12. Згодна з апошнімі біяграфічнымі знаходкамі, сёння мы маем магчымасць узнавіць некаторыя старонкі лёсу добра вядомай у свой час і незаслужана забытай асобы.

Нарадзіўся Мікалай Рыгоравіч Невяровіч 5 кастрычніка 1866 года ў сям'і нашчадкавых праваслаўных дваранаў Смаленскай губерні. Вучыўся ў Гатчынскім сіроцкім інстытуце і 2-м Канстанцінаўскім ваенным вучылішчы. Пасля заканчэння - 7 жніўня 1887 годзе быў накіраваны ў 17-ю палявую артбрыгаду, затым служыў у 3-цяй рэзервовай артбрыгадзе. Штабс-капітан Невяровіч ў 1896 годзе быў прызначаны для выканання ад’ютанскіх абавязкаў да камандуючага войскамі Віленскай ваеннай акругі, з пераводам ў 27 артбрыгаду.

Малыя Солы 1930 і 2016.jpg

Малыя Солы, 1930 і 2016.


Тады ж ён ажаніўся з Ганнай Івановай. Яе бацька, генерал Аўксенцій Сцяпанавіч Іваноў (1842-1923), набыў маёнтак Солы. Зяць дапамагаў яму і яго сям’і ўладкоўваць новую маёмасць.  Па праекце Невяровіча і пад яго непасрэдным кіраўніцтвам неўзабаве ўзвялі новы глінабітны сядзібны дом у Малых Солах.

Пры штабе акругі Мікалай Рыгоравіч Невяровіч праслужыў шэсць гадоў, выконваючы якасна і своечасова ўсе даручэнні. Быў звольнены са службы 18 студзеня 1903 года «па хатніх абставінах, у чыне палкоўніка з мундзірам». У той жа дзень – прызначаны старэйшым чыноўнікам асобых даручэнняў пры віленскім генерал-губернатару, князю П.Д. Святополк-Мірскім.

У 1904 годзе Мікалай Невяровіч быў прызначаны Белостоцкім павятовым правадыром дваранства. У наступным годзе - правадыром дваранства Гродзенскага павета. Выконваў абавязкі з 1906 па 1917 год. У выніку лютаўскай рэвалюцыі былі скасаваны дваранскія саслоўі і пасады правадыроў.    

Камергер, стацкі саветнік Мікалай Невяровіч з'яўляўся старшынёй Гродзенскага праўлення Расійскага Таварыства Чырвонага Крыжа, намеснікам старшыні Гродзенскага пажарнага таварыства,  членам савета Гродзенскага Сафійскага праваслаўнага брацтва, дырэктарам Гродзенскага дабрачыннага таварыства, ганаровым міравым суддзёй шэрагу павятовых з'ездаў дваранства, сябрам Гродзенскага царкоўна-археалагічнага камітэта і іншых грамадскіх камітэтаў ды таварыстваў.

Папулярызатар ўласнага ўнікальнага метаду будаўніцтва з гліны і хруста. Выдаў брашуры, якія па некалькі разоў перавыдаваліся. У перыядычным друку і асобнымі накладамі выходзілі яго нарысы. Сёння на Смаргоншчыне вядома не менш за 25 месцаў, дзе знаходзяцца глінабітныя пабудовы. Больш за дзесяць дамоў і гаспадарчых пабудоў - на Ашмяншчыне.

У перыяд Першай сусветнай вайны з 1915 года Мікалай Невяровіч знаходзіўся ў эвакуацыі ў Калужскай губерні. У 1923 года, калі вярнуўся з бежанства, пабудаваў для сябе ў жончыным спадчынным фальварку Рудзішкі глінабітную сядзібу. Там пражыў да 1930 года. Які далейшы лёс Мікалая Невяровіча? Пакуль невядома. Ёсць нагода працягваць пошукі.

Фота глінабітак нашых мясцін з кнігі 1930.jpg

Фота глінабітак нашых мясцін з кнігі 1930.

Уладзімір ПРЫХАЧ.

Статьи по теме: