На двух берагах адной ракі

 

На двух берагах адной ракі

Общество
09.09.2024
779

З даўніх часоў лодкі, паромы і масты злучалі берагі нашай прыгажуні Віліі і з’яўляліся важнымі складнікамі камунікацый. На працягу стагоддзяў прыдатныя месцы для перапраў нязменна заставаліся ў адных і тых жа мясцінах.

У час экспедыцыі па Віліі 1857 года Канстанцін Тышкевіч адзначыў перавозы на рацэ, у тым ліку на цяперашнім смаргонскім прамежку. Тады яны існавалі ў Рудні, Перавозах (так званы смаргонскі перавоз), Святлянах, Данюшаве, Жодзішках і Рымшынентах. Апошняя мясціна прыцягнула маю цікавасць не толькі сваім маляўнічым краявідам, незвычайным рукатворным пейзажам, але і тым, што некаторы час знаходзілася ў былым Свірскім раёне і не атрымала належнай краязнаўчай увагі.

У другой палове I тысячагоддзя побач з вёскай узніклі курганы, якія мясцовыя жыхары называлі “калатоўкамі”. Сучасныя даследчыкі аднеслі іх да археалагічнай культуры ўсходнелітоўскіх курганоў. Магчыма, яны сведчылі пра важнасць тутэйшага перакрыжавання воднага з сухапутным шляхам у мінулым.

Пацвярджае такую думку і сама назва вёскі Рымшыненты, якая паходзіць ад назвы Рымша, што з мовы былых літоўскіх насельнікаў перакладаецца як “спакойны, ціхі”. Вілія на гэтым адрэзку свайго шляху вылучаецца лагодным характарам цячэння, у такім зручным месцы закладваецца перавоз.

Адна з першых звестак пра яго адносіцца да 1784 года і захоўваецца ў вопісе плебана Нястанішскага касцёла. Сюды падыходзіла са Свіра старажытная дарога, якая пасля рымшыненцкага перавозу разыходзілася на Ашмяны і Міхалішкі. На беразе Віліі існавала карчма, дзе здарожаныя людзі, чакаючы сваёй чаргі на перавоз, знаходзілі кампанію па інтарэсах і прытулак. Наступная інфармацыя пра Рымшыненты адносіцца да 1812 года, калі праз наладжаную праз Вілію пераправу адступала з Полацка на Смаргонь частка французскай арміі.

У пачатку ХХ стагоддзя тут дзейнічаў добра ўладкаваны паром, у вёсцы пражывалі 68 жыхароў. Падзеі Першай сусветнай вайны парушылі мірнае жыццё гэтых мясцін, змянілі статут паромнай пераправы. Ужо зімой 1916 года ў Рымшынентах існаваў драўляны мост з ледарэзамі, якія абаранялі яго ў час крыгаходу. Вядомы калекцыянер фотаздымкаў таго перыяду і краязнаўца Уладзімір Багданаў падзяліўся рарытэтным здымкам моста, на адваротным баку якога зафіксавана дата: 6 чэрвеня 1917 года. На фота можна разглядзець 20 апор пабудаванага моста, 16 з якіх поўнасцю ці часткова былі бетоннымі, перад імі знаходзіліся 6 ледарэзаў. Даўжыня моста складала каля 150 метраў, бетонныя апоры ўзвышаліся на 8 метраў. Мост быў спалены падчас савецка-польскай вайны ў ліпені 1920 года.

Наступны мост, размешчаны па лініі ледарэзаў папярэдняга, закладзены ў міжваенны перыяд і быў адкрыты для выкарыстання 5 мая 1925 года. Яго асвяціў біскуп Уладзіслаў Бандурскі ў прысутнасці ваяводы Уладзіслава Рачкевіча, разам з прадстаўнікамі павятовых і мясцовых улад. Ва ўрачыстасці адкрыцця аб’екта прыняла ўдзел шматтысячная грамада мясцовага насельніцтва, гасцей віталі вучні сямі суседніх школ. Знаходзячыся на мяжы тагачасных Свянцянскага, Ашмянскага і Віленска-Троцкага паветаў ён меў вялікае гаспадарчае і камунікацыйнае значэнне, таму быў пабудаваны за дзяржаўныя сродкі. Даволі цікавая інфармацыя пра мост знаходзілася на дарожнай выставе ў Варшаве, якая адбылася ў студзені 1928 года. Мост быў пабудаваны з дрэва рашоткавай сістэмай, пралёт меў даўжыню ў 137 метраў 74 сантыметры. На выставе можна было пабачыць выяву гэтага моста, дзе  аўтар малюнка надаў яму казачны маляўнічы фон, стварыўшы вельмі ўражлівы вобраз, які прыцягваў увагу наведвальнікаў.

Падчас рэйду 1943 года атрада імя Суворава брыгады Варашылава па знішчэнні камунікацый у варожым тыле мост у Рымшынентах згарэў. З награднога ліста на камандзіра ўзвода партызанскага атрада, старшага сяржанта Міхаіла Піліпавіча Ліскова вынікае, што ён “з групай у в. Нястанішкі разагнаў ахову і спаліў мост на рацэ Віліі і р. Страча”. Пакуль невядома, ці быў адноўлены гэты мост да пачатку аперацыі па вызваленні ад акупантаў нашага рэгіёну, але 4 ліпеня 1944 года рымшыненцкую пераправу разам з суседнім Міхалішскім мостам моцна бамбіла нямецкая авіяцыя. Да сённяшніх дзён ад моста міжваеннага перыяду захаваліся высокі земляны насып, забрукаваная пад’язная дарога, пры невысокай вадзе можна заўважыць верхавіны слупоў ад былога моста.

Падчас сёлетняй краязнаўчай вандроўкі ў Рымшыненты мне пашчасціла сустрэцца з адзіным сталым жыхаром вёскі Уладзімірам Вайцяховічам, 1939 года нараджэння. Я ўдзячны суразмоўцу за аповед пра гісторыю мясціны, за цікавую згадку пра ўзвядзенне ваеннымі будаўнікамі ў 1960-я гады новага невысокага моста. Па новазбудаваных апорах былі пакладзены трывалыя насцілы, па якіх магла рухацца ваенная тэхніка. За адзін раз тут пераправілася каля паўсотні танкаў. Пасля гэтыя апоры былі знесены напорам крыгаходу, а мост перанеслі ў Данюшава.

У наш час рымшыненцкі перавоз застаецца адной са славутасцей нястанішскіх ваколіц. Завітаўшы ў тую мясціну, варта наведаць альтанку на правым беразе Віліі. Адтуль адкрываецца не толькі прыгожы краявід. З гэтай кропкі можна разгледзець сляды мінулых стагоддзяў, якія і дагэтуль захаваліся.

вапп.jpg

Уладзімір ПРЫХАЧ

Статьи по теме: