Вікторыя АРЦЮКЕВІЧ: “Дзеці – гэта падарункі ад Бога”

 

Вікторыя АРЦЮКЕВІЧ: “Дзеці – гэта падарункі ад Бога”

Общество
13.10.2023
1762

Моцныя, рашучыя, пяшчотныя: першыя мамы з ордэнам

Гадаваць дзяцей ва ўсе часы нялёгка. А калі дзяцей пяцёра, шасцёра і больш – іх выхаванне патрабуе ад бацькоў неймавернай энергіі, самаахвярнасці і любові. Усіх трэба накарміць, адзець, абуць, дапамагчы з урокамі… У гэтых клопатах бацькам часам патрэбна пацверджанне, што ўсё недарэмна, што дзеці вырастуць у сумленных, добрых, шчырых дарослых людзей. Сёння мы размаўляем з мамамі, якія гэтае пацверджанне ўжо атрымалі. Гэта мамы, якія аднымі з першых у Смаргонскім раёне атрымалі ордэн Маці – у 2000 годзе. Іх дзеці ўжо дарослыя, упэўнена крочаць па жыццёвым шляху.

Мы задалі мамам чатыры аднолькавыя пытанні, на якія яны адказвалі з хваляваннем, гонарам, настальгіяй і вялікай пяшчотай у адносінах да сваіх сем’яў.

1. У якіх сем’ях выраслі яны самі? Ці думалі калі-небудзь, што будуць выхоўваць многа дзетак?

2. Што было самым цяжкім у выхаванні дзяцей? Як спраўляліся з праблемамі?

3. Што для іх значыць Ордэн Маці?

4. Як змяняліся іх адносіны з дзецьмі з цягам часу: ад маленства да дарослага ўзросту?

IMG_0161.JPG

Сваю ўзнагароду – ордэн Маці – Вікторыя Арцюкевіч атрымала ў 2000 годзе з рук Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. У прыгожай зале Палаца Рэспублікі сабраліся шматдзетныя маці з усёй Беларусі.

Вікторыя Віктараўна з мужам выгадавала васьмёра дзяцей: Віялета – журналіст, Вера – фітнэс-трэнер, Яўген і Віктар -  інжынеры-канструктары, Валерый – хімік-тэхнолаг,  Ірына – мастачка, мадэльер-канструктар адзення, Аліна – выхавацель дзіцячага сада, Міхаіл – кандытар. 

1. І я, і муж – выхадцы са шматдзетных сем’яў. І мае бацькі, і мужа выгадавалі па чацвёра дзяцей. Я ведала дакладна, што ў мяне будзе не адно дзіця. Уяўляла, што нараджу дзяўчынку і двух хлопчыкаў, але аказалася, што мяне чакае яшчэ большае багацце (смяецца).

2. У любой сям’і хапае клопатаў. Але ўсё атрымаецца ў тых, хто не засмучаецца, не апускае рукі. Галоўнае – паразуменне паміж жонкай і мужам. Важна, каб тата не адыходзіў ад выхавання дзяцей, бо як для дзяўчынак, так і для хлопчыкаў мужчынскае выхаванне вельмі патрэбнае.

Калі сям’я стала разрастацца, мы вырашылі, што варта пачаць будаваць свой дом. “Ліхія 90-ыя” – час незайздросны, але ж і дом пабудавалі, і на дзецях не эканомілі: куплялі ўсё, што трэба. Гадавалі мы іх самі, але калі былі тэрміновыя справы, на дапамогу прыходзіла суседка Жанна Зінкевіч.

Калі дзеці вучыцца пайшлі (сямёра – маюць вышэйшую адукацыю – аўт.), таксама не было вялікай напругі, бо вучыліся яны на “бюджэце”, а ў плане грошай, адзення былі не надта патрабавальныя. Некаторыя самі падпрацоўвалі, мелі свой рубель.     

Наша сям’я – веруючая, усе разам мы хадзілі ў касцёл, і, безумоўна, адчувалі падтрымку Бога.

3. Нараджэнне і выхаванне дзяцей я не лічу подзвігам, таму да ўзнагарод адношуся спакойна. Мне прыемна ўсведамляць, што мацярынскі клопат і любоў ацэнены на такім высокім узроўні, але я ніколі не патрабавала да сябе асаблівай увагі толькі таму, што маю ордэн Маці. Я шчаслівая, што ў маіх дзяцей жыццё складваецца добра. А што яшчэ трэба для мамы?

4. Калі я даведвалася пра цяжарнасць, у мяне ніколі не было пытання: нараджаць ці не нараджаць дзіця. Дзеці – гэта падарункі ад Бога, прадаўжэнне роду.

Адно для аднаго яны – падтрымка з самага маленства. Старэйшыя дапамагалі гадаваць меншых, цяпер меншыя падтрымліваюць старэйшых, у якіх ужо ёсць свае дзеці.

І калі нам з мужам спатрэбіцца дапамога ад дзяцей, то мы ведаем, што можам заўсёды на іх разлічваць.

Самыя шчаслівыя моманты жыцця – калі ў нас дома за адным сталом збіраюцца ўсе дзеці (некаторыя з іх ужо маюць свае сем’і). Бывае гэта даволі рэдка, але колькі цудоўных эмоцый мы разам перажываем!

IMG_0141.JPG

IMG_0134.JPG

IMG_0143.JPG

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара і з архіва Вікторыі АРЦЮКЕВІЧ.

Статьи по теме: