Педагагічныя знаходкі мінулых часоў

 

Педагагічныя знаходкі мінулых часоў

Общество
30.09.2023
556
Знаёмства з гісторыяй навучальных устаноў нашага краю дае шмат звестак пра розныя метады навучання і выхавання ў іх. Некаторыя з гэтых напрацовак сталі неактуальнымі і зусім непрымальнымі ў нашы дні. Некаторыя, якія былі  ўпершыню тут распрацаваны і выкарыстаны, пазней разышліся па свеце.  Размова пойдзе пра дзве адукацыйныя ўстановы, педагагічныя падыходы ў якіх кардынальна адрозніваліся, таму вартыя нашай увагі.

1536404825_ies.jpg

Яскравай старонкай у жыцці Жодзішак стала дзейнасць у мястэчку з 1709 па 1773 гады езуіцкага калегіума. Выпрацанавая езуітамі сістэма адукацыі і выхавання заваявала папулярнасць сярод тагачаснай эліты. Навучанне ў гімназіі  (менавіта да такога тыпу адносіўся Жодзішкаўскі калегіум) грунтавалася на пэўных метадычных прынцыпах. Прынцып канцэнтрацыі патрабаваў засяроджвання ў дадзены прамежак часу на адной граматычнай альбо моўнай з’яве. Напрыклад, за адзін дзень магло вывучацца толькі адно граматычнае правіла. Да яго падбіраліся ўрыўкі з тэксту для таго, каб было поўнае засваенне гэтага правіла. Прынцып практычнасці быў пакладзены на выкарыстанні засвоенага ў жыцці. На аснове пройдзенага матэрыялу вучні пісалі лісты і вершы, выступалі з прамовамі, ставілі драмы. Асабліва падкрэслівалася недапушчальнасць перагрузкі, таму дзённая норма матэрыялу складалася з аднаго граматычнага правіла і чатырох сказаў з аўтара. Прыкладна ў такім аб’ёме было і дамашняе заданне.

 Для вывучэння і практычнага авалодання замежнай мовай важнае значэнне мела тое, што на ўроках і ў зносінах вучням забаранялася карыстацца роднай мовай. Менавіта гэта давала найлепшы вынік у засваенні лаціны. Такое патрабаванне рэалізоўвалася наступным чынам. Аднаму з лепшых вучняў класа даваўся кавалак драўніны ў форме жэтона і, калі той заўважаў, што нехта з яго аднакласнікаў у пазаўрочны час не размаўляе на лаціне, ён аддаваў гэты знак аднакласніку. А той, каб пазбегнуць непрыемнасцей, імкнуўся аналагічным чынам пазбавіцца ад жэтону і шукаў іншую ахвяру. Настаўнік жа пачынаў наступны ўрок з пытання на лаціне: “У каго знак? ” - і прызначаў таму пакаранне.

Для павышэння выніковасці вучобы рабіліся і іншыя захады. У класе, напрыклад, мелася так званая “лаўка аслоў”, якая звычайна ставілася ля печы. На яе садзілі тых, хто занядбаў навуку і каго немагчыма было заахвоціць да яе іншымі, больш мяккімі сродкамі. Яшчэ больш гультаяватыя вянчаліся саламянай каронаю, якая вісела на цвіку на бачным месцы. Аднак да такіх крайнасцей даходзіла вельмі рэдка: “лаўка аслоў” была ўжо сур’ёзным папярэджаннем. Той, хто пападаў на яе, прыкладаў усе намаганні, каб хутчэй вярнуцца на ранейшае месца. Зразумела, што такія метады навучання, а больш выхавання, у тыя часы не вельмі хвалявалі педагогаў і бацькоў.

На зусім іншых метадах навучання і выхавання ў пачатку мінулага стагоддзя была арганізавана ў Смаргоні школа, водгук аб якой перасягнуў межы рэгіёна, а яе напрацоўкамі карыстаюцца і сёння. Наш горад стаў месцам правядзення смелага педагагічнага эксперыменту маладымі і энергічнымі братамі Гордзінымі, сынамі мясцовага рабіна. У 1908 годзе яны арандавалі дом з вялікім дваром на Мінскай вуліцы і стварылі ў ім сваю школу, у якой навучанне праводзілася на іўрыце. Над аконным праёмам фасада прымацавалі шыльду з надпісам “Іўрыя”.

Навучальная ўстанова грунтавалася на асветніцка-педагагічным вучэнні Льва Талстога, а ідэі з “Яснай Паляны” служылі прыкладам арганізацыі адукацыйнага працэсу. Школа была свецкай і свабоднай па сваёй сутнасці, у ёй не выкладаліся рэлігійныя законы, адсутнічалі малітвы. Пры гэтым настаўнікі засяроджвалі ўвагу на засваенні каштоўнасцей класічнай літаратуры. Браты Гордзіны імкнуліся ўкараніць новыя метады лепшых мысліцеляў свайго пакалення, забяспечыць натуральнае развіццё дзіцяці, спрыяць яго  прасоўванню па жыцці.

Якімі ж былі гэтыя метады? Вучні спачатку спявалі і танцавалі, малявалі і ляпілі – займаліся творчай дзейнасцю. Са свайго невялікага вопыту настаўнікі зразумелі, што не завучванне слоў і іх шматлікае паўтарэнне, а непасрэднае дзеянне і творчасць даюць лепшыя вынікі ў развіцці дзіцяці. Каб прывесці вучняў да вусных выказванняў, у класе выкарыстоўваліся камандныя фразы – рабіць, дзейнічаць, гуляць, быць у руху. Падобныя прапановы лёгка перайшлі ў школьны тэатр. У гульнявой форме педагогі навучалі чытанню і пісьму. Для гэтага Гордзіны выкарыстоўвалі скрыні з жэтонамі, на якіх былі напісаны літары. Вучні атрымлівалі гэтыя жэтоны і пачыналі складаць з іх словы, выбудоўваць сказы.

Аба і Зев Гордзіны ў 1909 годзе падрыхтавалі і надрукавалі ў Смаргоні падручнік пад назвай “Тэатральны сад”, які складаўся з серыі паэтапных урокаў на цэлы навучальны год. Створаная імі выдавецтва пад назвай “Новая педагогіка” рыхтавала іншыя дыдактычныя брашуры, а таксама літаратурны зборнік “Ад дзяцей да дзяцей”. Новыя метады навучання ў смаргонскай школе знайшлі адлюстраванне ў многіх кнігах, самай вядомай з якіх стала “Азбука з гульнямі”.

Шэсць гадоў плённай працы “Іўрыі” перарваў надыход Першай сусветнай вайны. У 1914 годзе цікавы педагагічны эксперымент, які праславіў Смаргонь, перастаў існаваць. У пасляваенны час на развалінах горада была знойдзена пакамячаная, іржавая бляха – шыльда з ледзь бачным абгарэлым надпісам “Іўрыя”. Гэта быў апошні матэрыяльны сведка цікавага педагагічнага вопыту. Дзякуючы смелым і перадавым ідэям, упершыню апрабаваным у нашым горадзе, Смаргонь увайшла ў гісторыю педагогікі.

Уладзімір ПРЫХАЧ.

 

Статьи по теме: