У самым сэрцы аграгарадка

 

У самым сэрцы аграгарадка

Общество
05.08.2023
784

Сёння мы запрашаем чытачоў “Светлага шляху” адправіцца ў вандроўку. Наведаем даволі аддалены ад райцэнтра куток Смаргоншчыны – Вішнеўскі сельсавет. У 2021 годзе да яго была далучана тэрыторыя Войстамскага сельсавета. Атрымалася даволі вялікая адміністрацыйная адзінка, што складаецца з аграгарадкоў, вялікіх і малых вёсачак, хутароў. Тут гаспадараць працавітыя, шчырыя, творчыя людзі. З некаторымі з іх карэспандэнтам газеты пашчасціла пазнаёміцца.

Што такое Вішнеўскі Дом культуры, ці проста ДК, як прывыклі гаварыць вяскоўцы? Гэта сэрца аграгарадка, адлюстраванне культурнага жыцця (і не толькі вішнеўцаў), жывы арганізм. Тут развіваюцца творчыя здольнасці, адкрываюцца новыя таленты. Сюды людзі прыходзяць адпачыць ад штодзённасці.

Безымянный.png

Гаспадыня культурнага цэнтра – загадчыца ДК Альфрэда Дыро – чалавек унікальны. У ліпені адзначыла 50-годдзе (!) працоўнай дзейнасці. У культурнай сферы яна – як рыба ў вадзе. За столькі гадоў працы не перагарэла, як і раней – з імпэтам расказвае пра сваю ўстанову.

Цяпер у Доме культуры працуюць пяць дзіцячых гурткоў і два аматарскія аб’яднанні для дарослых. Алена Ларыёнава вядзе заняткі ў гуртках- “Юны мастак” і “Ткацтва”, Аксана Дыро – “Натхненне” (вышыўка крыжыкам) і “Фантазёры” (пляценне з газетных трубачак).

Рэжысёр ДК Ірына Антухевіч вучыць сольным спевам (гурток “Весялінка”)  і кіруе аматарскім аб’яднаннем “Спадарыні” (у яго складзе жанчыны залатога ўзросту, але на пасяджэнні нярэдка завітваюць і мужчыны).

Аматарскае аб’яднанне “Для тых, хто не лічыць гады” збірае пад сваё крыло сем’і. “Калі раней на пасяджэнні  прыходзілі сямейныя пары больш сталага ўзросту, то з гадамі цікавасць да сустрэч сталі праяўляць сем’і больш маладыя. Такая пераемнасць пакаленняў атрымліваецца. Сустрэчы мы праводзім не толькі ў клубе, але і на прыродзе, - удакладняе Альфрэда Дыро. – Увогуле, сваю працу размяркоўваем так, каб прывабіць у клуб людзей рознага ўзросту. Да нас на заняткі ў гуртках, на гульнявыя пляцоўкі, асабліва летам, прыходзіць не толькі мясцовая дзетвара, але і тыя, хто прыехаў на канікулы да бабуль і дзядуль. Абавязкова звяртаем увагу на падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, на дзяцей, якія апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Імкнёмся, каб усім было камфортна. Калі праводзім мерапрыемствы (напрыклад, “Дзень Нептуна” і іншыя) , стараемся завабіць да максімальнага ўдзелу ўсіх, хто прыйшоў. Большасць з іх выконваюць ролі персанажаў. Па вечарах – з 18.00 да 20.00 - ладзім дзіцячыя дыскатэкі: танцуюць амаль усе – ад першага класа да восьмага. Больш старэйшыя саромеюцца танцаваць з дзецьмі”.

Альфрэда Лявонаўна з жалем прызнае, што ДК не можа адрадзіць тыя дыскатэкі, якія “гудзелі” ў Вішневе гадоў 10 – 20 таму, калі за вечар прадавалася каля 350 – 400 білетаў. “Да нас прыязджалі адпачываць і са Смаргоні. Цяпер у Вішневе стала нашмат менш мола­дзі, а ў райцэнтры з’явіліся свае начныя клубы, і ўжо туды імкнецца моладзь. Але каб ужо зусім не спынілася традыцыя, то раз у месяц стараемся рабіць вялікія “зборы”. У чэрвені праводзім вячэрняе мерапрыемства “Адпачываем разам”, сёлета сабралася на ім больш за 100 чалавек. У ліпені, у пяты раз, правялі наша брэндавае “Свята Сонца, Зямлі і Вады”, у якім прынялі ўдзел каля 600 чалавек. Традыцыйна ладзіць гэта мерапрыемства нам дапамагаюць прыезджыя артысты. Такі сімбіёз нашай працы і беларускіх знакамітасцей даюць свой плён. З кожным годам свята набірае абароты. І тут хачу падзякаваць кіраўніцтву мясцовай гаспадаркі “Саўбел 2016”, асабіста Марку Іванавічу Новіку, які знаходзіць сродкі, каб аплаціць выступленне прыезджых артыстаў. Гаспадарка таксама фінансуе і падарункі, якія мы купляем для ўдзельнікаў конкурсу на лепшы навагодні касцюм”.

Так! Традыцыя ладзіць балі-маскарады тут захавалася з савецкіх часоў. Да паўсотні дарослых удзельнікаў (не толькі мясцовыя жыхары, але і дачнікі) святкуюць Новы год у Доме культуры, апранаюць навагоднія касцюмы і танцуюць каля ёлачкі з Дзедам Марозам і Снягурачкай. Існуе тут традыцыя адзначаць сем’ямі стары Новы год, а таксама юбілейныя даты і іншыя сямейныя ўрачыстасці.

…Разглядаю вывешаныя на сценах узнагароды Альфрэды Дыро. У 2003 годзе яна стала лаўрэатам абласной прэміі імя Аляксандра Дубко “За творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва”, у 2009 годзе яе імя было занесена ў “Кнігу Славы Гродзенскай вобласці”.

“Адзін у полі не воін, - упэўнена мая суразмоўца. – Вакол мяне – апантаныя людзі, якія выдатна працуюць у камандзе. У мяне толькі зараджаецца ідэя, а мае дзяўчаты (залатыя ручкі) тут жа ўвасабляюць яе ў жыццё. Калі ладзім мерапрыемствы, то заняты ў арганізацыі ўсе работнікі клуба – пачынаючы ад культработнікаў да тэхперсаналу, рабочага па абслугоўванні памяшканняў. Усім працы хапае, ніхто не адмаўляецца”.

У клубных работнікаў наладжаны цесныя сувязі з Лешчаняцкай і Войстамскай установамі культуры, КСУП “Саўбел 2016”, з галоўным спецыялістам па ідэалагічнай рабоце Наталляй Буйноўскай, з работнікамі дзіцячай школы мастацтваў і бібліятэкай – яны ж таксама працуюць пад дахам Дома культуры. Калі прэзентуецца канцэртная праграма на раённым аглядзе-конкурсе па ўсіх відах і жанрах аматарскай творчасці сярод клубных устаноў культуры “Распахнем акенца творчасці”, на сцэне – самадзейныя артысты: работнікі мясцовай гаспадаркі, сельвыканкама, пошты, школы.

Літаральна ў чэрвені на ўваходзе ў Дом культуры завяршыліся работы па ўладкаванні безбар’ернага асяроддзя. Такім чынам удалося сцерці апошні бар’ер, які ў выглядзе прыступак не даваў магчымасці людзям на калясках патрапіць у самае сэрца аграгарадка…


Галіна АНТОНАВА.

Фото аўтара.

 

Статьи по теме: