Падземна-мінная вайна. Новыя факты

 

Падземна-мінная вайна. Новыя факты

Общество
22.07.2023
810
Пазіцыйны характар Першай сусветнай вайны пераўтварыў варожыя ўмацаванні ў гіганцкую сістэму траншэй, бліндажоў і сховішчаў. Прабіць яе артылерыяй было вельмі складана, а то і зусім немагчыма. Тады вайскоўцы ўспомнілі пра старажытную тэхналогію падкопаў (мін).

Падземна-мінным баталіям на Смаргоншчыне прысвечаны матэрыял, які друкаваўся на старонках “Светлага шляху” ў №№37 – 39 за 2015 год. Новыя архіўныя звесткі паглыбляюць гісторыю такой спецыфічнай барацьбы і пашыраюць геаграфію мясцін нашага краю, дзе яна адбывалася.

Першы на руска-нямецкім фронце ў межах сучаснай Беларусі выбух нямецкай міны адбыўся 13 (26 па н.ст.) сакавіка 1916 года на Навасёлкаўскім бугры каля Крэва. Праз некалькі дзён рускія сапёры правялі ў адказ контрмінную атаку і ўзрывы двух камуфлетаў (узрывы пад зямлёй зарадаў без стварэння вялікіх варонак на паверхні, якія разбураюць варожую падземную галерэю). Узаемныя мінныя атакі працягваліся і далей, пашыраючы варонку да 50 метраў.

Малюнак з выглядам варонкі і наваколля Навасёлак, 1916 год.jpg

Малюнак з выглядам варонкі і наваколля Навасёлак, 1916 год.

У ноч на 29 мая (11.07 па н. ст.) немцы захапілі варонку, перадавую лінію рускай абароны і ўваходы ў падземныя галерэі, але контратакай былі адсунутыя на свае ранейшыя пазіцыя. У адной з рускіх галерэй была заўважана прысутнасць атрутнага газу, які немцы пусцілі з балонаў у тунэльны ход.

Пры абследаванні міннай галерэі тут загінуў памочнік па страявой частцы запасной хімічнай роты, падпаручнік Мікалай Лебедзеў. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Святога Георгія 4 ступені за тое, што “пад сапраўдным артылерыйскім і ружэйным агнём праціўніка дабраўся да міннай галерэі 84 пяхотнага Шырванскага палка, запоўненай невядомым атрутным газам і, па-за відавочнай небяспекай для жыцця, спусціўся ў яе, з мэтай вызначыць прыроду газу і адшукаць сродкі для вызвалення ад яго галерэі, але назад выйсці не здолеў і самааддана загінуў”.

Варонка на Навасёлкаўскам бугры. Паштоўка 1917 года (1).jpg

Варонка на Навасёлкаўскам бугры. Паштоўка 1917 года.

У рапарце камандзіра запасной хімічнай роты палкоўніка М. Касцевіча таксама было адзначана, што пасля нямецкага выпуску атрутнага газу ў галерэю нявысветленым заставалася месцазнаходжанне 21 мінёра і 30 шахцёраў Каўказскага сапёрнага батальёна. Пакуль не знойдзена архіўных звестак, якія раскрываюць лёс гэтых вайскоўцаў, таму застаецца надзея, што ім пашчасціла выратавацца. Выкарыстанне немцамі газа спыніла падземна-мінную барацьбу на Навасёлкаўскім мінным бугры.

Падрыў горнаў мінёрамі 52 сапёрнага батальёна 19 (02.07) чэрвеня 1916 года, у 21.45, на Залатой горцы пад Смаргонню прывёў да ўтварэння трох велізарных варонак, пачалася ўпартая барацьба за іх авалодваннем. Як з нямецкага, так і рускага бакоў пракладваліся новыя галерэі, вялася падрыхтоўка да падземна-мінных атак. 11 (24) кастрычніка 1916 года на гэтай стратэгічнай вышыні адбыўся выбух нямецкага камуфлету, які “зусім не пашкодзіў нашых мінных збудаванняў”.

Мінная галерэя ў Смаргоні. Схема 1916 года.jpg

Мінная галерэя ў Смаргоні. Схема 1916 года.

Але гэта было не адзінае месца на смаргонскіх пазіцыях, дзе праходзіла падземна-мінная вайна. З данясення аб баявых дзеяннях 2 Каўказскага корпуса за жнівень 1916 года стала вядома, што праслухоўваннем была заўважана ў раёне вёскі Мінкі правядзенне праціўнікам падземных работ. 29 (11.09) жніўня былі закладзены зарады і ў 21.30 праведзены падрыў рускага камуфлета. З ямы, атрыманай ад выбуху, былі ”выкінуты некалькі рам з галерэі праціўніка, што пацвердзіла правільнасць нашых назіранняў”. Што цікава, пра яму памятаюць некалькі мясцовых жыхароў, бо на іх памяці яна была засыпана і цяпер не захавалася ніякага напаміну пра гэта месца.

Нельга не згадаць і пра нямецкую мінную галерэю, якая праходзіла ў 50 метрах на поўнач ад дарогі са станцыі да Смаргоні. Закладка тунэля пачалася ў пачатку лета 1916 года і работы працягваліся да жніўня месяца. Пакуль невядома, ці адбылася тут мінная атака, а вось сведчанні аб існаванні падземнага хода засталіся да нашых дзён. Траса былой галерэі сёння перасякае сучасную вуліцу Багушэвіча, пралягае каля некалькіх пабудоў, а ў сувязі з паступовым разбурэннем падземнага збудавання ўзнікаюць праблемы з апусканнем падмуркаў.

Летам 1916 года мінную галерэю немцы пракладвалі на фронце 262 рэзервовага палка ў раёне вёскі Шалудзькі (цяпер – вёска Светач). Па сведчаннях палоннага, працы вяліся з мэтай правядзення падрыву дадзенага ўчастка нашай пазіцыі. На жаль, ніякай іншай інфармацыі па гэтай мясціне пакуль не ўдалося знайсці.

Прыведзеныя звесткі яшчэ раз нагадаюць, як шмат таямніц захоўвае наша зямля. І колькі б часу не прайшло, іх не становіцца менш, з гадамі адкрываюцца новыя, малавядомыя старонкі гісторыі.

Уладзімір ПРЫХАЧ.



Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях