"Калі ласка за руль, спадар Пасол!"

 

"Калі ласка за руль, спадар Пасол!"

Общество
18.07.2023
3448
1100 міні-трактароў штогод сыходзяць з канвеера Смаргонскага агрэгатнага завода. Перш за ўсё, не знікае попыт на такую тэхніку на беларускім рынку, стабільна высокі працэнт прадукцыі ідзе буйнейшым пакупнікам – Расіі і краінам СНД. А цяпер “МТЗ – холдынг”, да якога адносіцца і САЗ, спрабуе замацавацца на рынку Бразіліі. Каб на свае вочы пабачыць прадукцыю, якая больш за ўсё цікавіць фермераў гэтай паўднёваамерыканскай краіны, 18 ліпеня на агрэгатны завод прыбыў Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія Бернард Жорг Леапольд дэ Гарсія Клінгл.

На заводзе спадара Пасла сустракалі намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Шчэберака, дырэктар прадпрыемства Аляксандр Бурко і намеснік маркетынг-дырэктара па камерцыйнай рабоце на рынках далёкага замежжа МТЗ Уладзімір Петухоў.

“Усё пачалося з таго, што ў маі прадстаўнікі нашага прадпрыемства прынялі ўдзел у міжнароднай сельскагаспадарчай выставе, што праходзіла ў бразільскім горадзе Рыбэрайн-Прэту. Там была прадстаўлена партыя трактароў вытворчасці Смаргонскага агрэгатнага завода. І гэта аказалася надзвычай удалым мерапрыемствам. У бліжэйшай перспектыве – падпісанне кантракту на пастаўку 600 міні-трактароў для фермерскіх гаспадарак Бразіліі”, - расказаў дырэктар завода Аляксандр Бурко.

Вялікую цікавасць госця выклікала работа зборачных цэхаў. “Я нават уявіць не мог, што візіт на вытворчасць прынясе такія яркія ўражанні”, - падзяліўся Пасол. Ён з задавальненнем назіраў за кожным этапам зборкі трактароў, мотаблокаў, навяснога абсталявання, а пазней пазнаёміўся з поўным асартыментам прадукцыі агрэгатнага завода і нават паспрабаваў сябе ў кіраванні міні-трактарам. “Вельмі лёгка і камфортна ім кіраваць! – эмацыйна выказаў сваё меркаванне Бернард Жорг Леапольд дэ Гарсія Клінгл. – Такія трактары ідэальныя для сямейных фермерскіх гаспадарак, якіх у Бразіліі вельмі многа. Гэта тэхніка патрэбных памераў, функцыянальная і надзейная”.

Таксама спадар Пасол падзяліўся, што пачалася актыўная рэалізацыя праекта па будове беларускіх заводаў па зборцы трактароў МТЗ у двух штатах яго краіны. Таму перспектывы ў супрацоўніцтве нашых дзяржаў вельмі добрыя. “Бразілія – рынак сур’ёзны і складаны, - разважае Уладзімір Петухоў. – Па законах гэтай краіны, усе, хто хоча рэалізоўваць прадукцыю, павінны адразу наладзіць там сваю вытворчасць. Не сакрэт, што там маюцца заводы, якія выпускаюць прадукцыю сусветна вядомых брэндаў. Праведзена вялікая работа, каб мы аказаліся ў іх ліку і паспяхова канкурыравалі з імі”.

“Мы спадзяёмся, што 600 міні-трактароў, якія неўзабаве накіруюцца ў Бразілію, - толькі пачатак нашага супрацоўніцтва, - паведаміў дырэктар агрэгатнага завода Аляксандр Бурко. - Кіраўніцтва ўсяго холдынга і нашага завода ў прыватнасці, маркетынгавая служба і рабочыя, якія будуць задзейнічаны ў рабоце, прыкладзём усе намаганні, каб тэхніка добра зарэкамендавала сябе ў рабоце. Тады наша супрацоўніцтва будзе трывалым і доўгім”.

IMG_5524.JPG

IMG_5535.JPG

IMG_5552.JPG

IMG_5577.JPG

IMG_5592.JPG

IMG_5616.JPG

IMG_5622.JPG

Віялета ВОЙТКА.

Фота аўтара.



Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях