Пяць пытанняў з афарызмамі для настаўніцы

Пяць пытанняў з афарызмамі для настаўніцы

Общество
29.03.2025
328

«Педагог-прафесіянал. Неймаверна ўлюбёная ў свой прадмет і дзяцей. Шчырая, адкрытая, вясёлая... Заўзятая вандроўніца», – такі «літаратурны партрэт» Валянціны КАЙРЫС стварылі тыя, хто ведаюць гэту цудоўную настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Крэўскай сярэдняй школы. Мы вырашылі дадаць некалькі штрышкоў да партрэта Валянціны Іосіфаўны – задалі ёй пяць пытанняў, адказы на якія яскрава  дапоўнілі вобраз суразмоўцы.

Кайрис.jpg

1. Псіхолагі раяць: «Шукайце тую справу, якая блізкая вашаму сэрцу, тое, што будзе натхняць кожны дзень». Валянціна Іосіфаўна, пры выбары будучай прафесіі, што для Вас было першасна: педагогіка ці любімыя прадметы?

– Вельмі рана, нават не памятаю, з якога ўзросту, я марыла стаць настаўніцай. На адным з вечароў сустрэчы з выпускнікамі наш класны кіраўнік прачытала сачыненне, якое я напісала ў класе шостым ці сёмым, дзе падрабязна тлумачыла, чаму моцна хачу быць педагогам. Пачуўшы свае вучнёўскія разважанні, нават здзівілася ад сваіх думак. 

Маімі любімымі прадметамі ў школе былі руская мова і літаратура, тым не менш я пайшла вучыцца ў Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча, дзе атрымала дыплом педагога-арганізатара і настаўніка па працоўным навучанні. Але неўзабаве зразумела, што гэты кірунак педагогікі – не мой шлях. Адпрацаваўшы год настаўніцай абслугоўваючай працы, вырашыла паступаць на завочнае аддзяленне філфака БДПУ імя Максіма Танка, выбрала беларускую філалогію.

2. «Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову», – сцвярджаў беларускі класік Якуб Колас. Адкуль у Вас такая апантанасць да свайго, роднага – мовы, літаратуры, культуры?

– Любоў ці нават апантанасць прыйшлі паступова. Калі я стала студэнткай-завочніцай, адразу пачала працаваць на Астравеччыне, у Падольскай сярэдняй школе, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Таму мне давялося самастойна паглыбляць свае веды, каб потым дзяліцца імі з вучнямі на ўроках. Да таго ж я была ў захапленні ад выкладчыкаў універсітэта, сярод якіх, дарэчы, быў вядомы фалькларыст Іван Крук. Ва ўніверсітэце ўсюды гучала беларуская мова, мы ха­дзілі ў тэатр і на сустрэчы з літаратарамі, і цяпер захоўваю кнігі з аўтографамі беларускіх аўтараў. Тады я адчула вялікую цікавасць да дыялекталогіі і дагэтуль яе люблю.

3. У Пімена Панчанкі ёсць бліскучыя словы: «Без чалавечнасці не будзе вечнасці». А без чаго, на Ваш погляд, не будзе добрага настаўніка? Назавіце галоўныя рысы педагога.

– На мой погляд, найперш настаўнік павінен добра ведаць і любіць свой прадмет. І, безумоўна, любіць дзяцей, мець моц­нае жаданне перадаваць ім свае веды, запальваць у юных сэрцах агеньчык да спасціжэння новага матэрыялу.  А яшчэ настаўнік павінен валодаць пачуццём гумару, умець зняць напружанне падчас навучання. Важна быць  з дзецьмі на адной хвалі.

4. «Увесь гонар настаўніка – у яго вучнях, у росце пасеянага ім насення», – а гэта  думка належыць рускаму вучонаму Дзмітрыю Мендзялееву. Кім з вучняў Вы найбольш ганарыцеся?

– Я ганаруся ўсімі вучнямі, якія мелі поспех па маім прадмеце. Мне імпануюць дзеці, якім цікава вучыцца, якія ставяць мэты і імкнуцца дасягнуць іх. Такіх было нямала ў маім настаўніцкім жыцці. Напрыклад, Сяргей Смолік, які паспяхова выступаў у абласным этапе рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка». Безумоўна, сёстры Вікторыя і Ганна Капыш – гэта найбольш яскравыя «зорачкі», з якімі мне пашанцавала працаваць. Яны цудоўна выступалі на розных конкурсах – творчых і даследчых работ. І адна, і другая з 8 па 11 класы ўдзельнічалі (і галоўнае – перамагалі!) у абласной алімпіядзе. Аня двойчы была ўладальніцай дыплома 2 ступені на рэспубліканскім этапе. На вясенніх канікулах, вось ужо ў трэці раз, яна выступае на рэспубліцы. Алімпіяда прахо­дзіць у Гомелі. Спадзяюся, што і сёлета Ганна зможа паказаць свае бліскучыя веды.

5. «Адна з несумленных і чыстых радасцей ёсць адпачынак пасля працы», – адзначаў Імануіл Кант, нямецкі філосаф эпохі Асветы. Наколькі нам вядома, Вы – вандроўнік са стажам, пасля напружанага навучальнага года любіце здзяйсняць паездкі не толькі па Беларусі, але і па-за яе межы…

– Кожны чалавек, каб перазагрузіцца, знаходзіць свой запал у іншых рэчах: хтосьці займаецца спортам, хтосьці агародніцтвам, хтосьці захапляецца чытаннем кніг. Я, дарэчы, таксама шмат чытаю і сапраўды вельмі люблю падарожжы. Я – вандроўнік са стажам. Пабывала ў 16 краінах свету і мару далей падарожнічаць. Упэўнена, што менавіта падарожжы, а не дарагія аўтамабілі ці катэджы  робяць нас багатымі. У вандроўках набываю новыя бясцэнныя ўражанні, якімі пасля дзялюся і са сваімі вучнямі. 

Напрыканцы размовы мы пацікавіліся ў Валянціны Іосіфаўны пра яе любімы афарызм, які яна магла б назваць сваім жыццёвым крэда. Пачулі ў адказ: «Жыццё – гэта кароткае падарожжа. Атрымлівайце асалоду!». Сапраўды, што можа  быць даражэй за жыццё і за падарожжы?! Раю атрымліваць асалоду ад работы, ад падзей, ад людзей, якія акружаюць...»

Галіна АНТОНАВА

Фота з архіва Валянціны КАЙРЫС

Статьи по теме: