Назад у мінулае: інтэрактыўная этна-выстава «Скарбы бабулінага куфэрку»
У бабуліным куфэрку – скарбы даўніны: рэчы, якія ткалі, вышывалі, вязалі кручком жанчыны Смаргоншчыны, а таксама цікавыя гліняныя збаны і лазовыя кошыкі, старыя малітоўнікі…
Метадыст РЦК Вольга Крывянкова звярнула ўвагу на вышываныя рэчы Дамінікі Шульжыцкай, ім больш за 60 гадоў, і на новую калекцыю савецкай біжутэрыі, якую толькі пачалі збіраць работнікі культуры: брошкі, пярсцёнкі, завушніцы. Калекцыя пакуль небагатая, але ёсць надзея, што яна папоўніцца.
На пляцоўцы майстрыхі праводзілі майстар-класы: па вышыўцы – Зофія Войтка, па ткацтве – Ніна Кенька.
“З радасцю заўсёды прымаю ўдзел у такіх святах, праводжу майстар-класы, расказваю пра сімвалы народных ручнікоў, - кажа Зофія Войтка, член саюза майстроў Беларусі. – Спадчына ў беларусаў – багатая, мы не павінны пра яе забываць”.
Побач з этна-выставай працавала дзіцячая гульнёвая пляцоўка, дзе юныя жыхары і госці нашага горада гулялі ў народныя абрадавыя гульні, папулярныя колісь на Смаргоншчыне.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.