Людзі Смаргоншчыны: Аляксандр Вярсоцкі
Сувязь з малой радзімай і яе кожнай драбніцай чалавек праносіць праз усё жыццё. Ціхімі цёплымі ўспамінамі тояцца ў сэрцы кожнага з нас перажытыя на малой радзіме моманты. Час ад часу яны нас цешаць і саграваюць, а бывае, што менавіта ў іх мы знаходзім адказы на жыццёвыя пытанні, будуем свае падмуркі для новых пачынанняў.
Начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандра Вярсоцкага сваім земляком лічаць і смаргонцы, і ашмянцы. І ён поўнасцю зга джаецца з гэтым, бо і Смаргоншчына, і Ашмяншчына для яго – малая радзіма. На Ашмяншчыне, у вёсцы Куцэвічы, ён нарадзіўся. Менавіта тут прайшлі яго раннія дзіцячыя гады. Тут быў і першы ўрок, і першы званок, і першая настаўніца.
Пазней сям’я пераехала на радзіму маці – у Залессе. Тут дзяцінства змянілася юнацтвам. З Залессем таксама звязаны і першае школьнае сяброўства, і першы недавучаны ўрок. Хаця, на самой справе, наконт нявывучаных урокаў ёсць вялікія сумненні. Саша Вярсоцкі быў прыкладным вучнем. Ён любіў абагачаць свае веды ў розных дысцыплінах. Біялогія, геаграфія, гісторыя… Яму амаль усё было цікава. Кнігі раскрывалі перад ім новы свет, яны былі крыніцай не толькі ведаў, але і жыццёвай мудрасці.
Нелюбімыя дысцыпліны ў хлопчыка відавочна былі. Але не выканаць хатняе заданне альбо спазніцца на ўрок ці прагуляць яго Аляксандр Вярсоцкі таксама не мог.
Дырэктар Залескай школы Пётр РАБЦАЎ узнагароджвае выпускніка школы Аляксандра ВЯРСОЦКАГА
Сёння ён тлумачыць гэта так: “Усе настаўнікі, якія вучылі нас у школе, былі мясцовыя, залескія. Вёска жыла як адна вялікая дружная сям’я. Са сваімі педагогамі мы сутыкаліся не толькі ў школе, але і за яе межамі. Таму не маглі дазволіць сабе дрэнна вучыцца. Вельмі со рамна б было пасля сустракацца з імі на вуліцы”. Безумоўна, што добра вучыліся не ўсе залескія школьнікі, але не ўсе ж і ўсведамлялі гэту ісціну паважных адносін да дарослых. А для Аляксандра Людвігавіча многія настаўнікі сталі прыкладам на ўсё жыццё. Хаця падчас вучобы ў школе ён не марыў быць настаўнікам. Хлопчыка прыцягваў спорт. Яму падабаліся самба, бег на розныя адлегласці, але найбольш вабіў футбол. З гэтым відам спорту звязаны многія, нават гарэзлівыя, успаміны. Хлопчыкі любілі паганяць мяч на вольнай пляцоўцы, што знаходзілася недалёка ад вясковых хат. Юныя футбалісты збілі вароты з бярвенняў, але незадаволеныя шумам ля дома жыхары разабралі іх. Гэта не спыніла дзяцей – яны збілі новыя, але і яны не доўга стаялі на полі. Аляксандр Вярсоцкі расказвае, што за сезон неаднойчы прыходзілася рабіць вароты зноўку і зноўку.
Футбол на ўсё жыццё застаўся для Аляксандра Людвігавіча важнейшым захапленнем. А вось у якасці прафесіі выпускніком Залескай школы была абрана педагагічная дзейнасць. Аляксандр Вярсоцкі скончыў педуніверсітэт. Вучыўся на стацыянарным аддзяленні, але гэта не мяшала яму сумяшчаць вучобу з працай. Маці Ірына Дзянісаўна адзначае, што сын заўсёды адрозніваўся высокай арганізаванасцю і адказнасцю. У мітуслівыя студэнцкія гады хапала часу і на вучобу, і на працу, і на асабістае жыццё. Менавіта ў студэнцкія гады Аляксандр Людвігавіч сустрэў сваю другую палавінку.
Працоўны шлях на Смаргоншчыне Аляксандр Вярсоцкі пачынаў з настаўніцтва, пасля быў прызначаны дырэктарам школы, а пазней – намеснікам старшыні райвыканкама. Працоўная дзейнасць Аляксандра Людвігавіча на Смаргоншчыне не вымяраецца дзесяцігоддзямі, але і за адносна непрацяглы час яму ўдалося зрабіць тое, што, трэба думаць, застанецца ў гісторыі. Менавіта па яго ініцыятыве і пад пільным кіраўніцтвам на Смаргоншчыне былі распачаты і рэалізаваны такія праекты, як рэстаўрацыя сядзібы М. К. Агінскага і Крэўскага замка, усталяванне ў гарадскім парку скульптурнай кампазіцыі “Мядзведжая акадэмія”. Кожнае з гэтых знакавых месцаў сёння па праву лічыцца жамчужынамі нашага раёна. Хаця пра свой асабісты ўклад Аляксандр Вярсоцкі выказваецца стрымана і сціпла. Ён падкрэслівае, што ўсё, што ўдалося рэалізаваць, – гэта агульная заслуга тых людзей, якія былі аб’яднаны агульнай ідэяй.
Сёння наш зямляк Аляксандр Вярсоцкі жыве і працуе ў Гродне. Але жыццё нярэдка дорыць яму пуцёўкі ў розныя раёны нашай вобласці.
Безумоўна, што для начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі самыя прыемныя рабочыя візіты на малую радзіму. Яго бацькі і сёння жывуць у Залессі. Тут жа знаходзіцца і невялічкая бабуліна хата, якая нагадвае лепшыя дзіцячыя ўспаміны: водар пульхных бліноў і смак варэнікаў з чарніцамі. Дзяцінства, такое далёкае, і такое блізкае, жыве ў віхлявых сцежках, у стромкіх дахах дамоў і працяжных купальскіх песнях. Яно жыве таксама ў чорна-белых і бледна-каляровых фотаздымках, у крыху пажоўклых дыпломах, атрыманых на спаборніцтвах у розных відах спорту, граматах і падзячных пісьмах за поспехі ў вучобе. Гэтую каштоўную памяць маці Ірына Дзянісаўна ашчадна беражэ. Зразумела, жанчына ганарыцца сваім сынам, але яе цешаць не службовыя поспехі Аляксандра Людвігавіча, і не яго пасада.
Маці шчыра радуецца, што, нягледзячы на ўсю вірлівасць сённяшняга жыцця, яе Саша змог захаваць і памножыць у сабе якасці сціпласці і інтэлігентнасці, дабрыні і спагадлівасці. “Ні разу не было такога, каб Саша прыехаў да нас і не пацікавіўся справамі сваіх сяброў, суседзяў, школьных настаўнікаў”, - расказвае Ірына Дзянісаўна.
У народзе кажуць: пасееш звычку – пажнеш характар, пасееш характар – пажнеш лёс. Быць добрым сейбітам і руплівым жняцом Аляксандра Людвігавіча вучылі з ранняга дзяцінства. Уласным прыкладам і правільным словам бацькі прывучалі дзяцей да працы, тлумачылі галоўныя жыццёвыя ісціны, фарміравалі характар і волю. “Якія ў вас сыны?” – пытаюся ў маці Ірыны Дзянісаўны. “Самыя добрыя,” – адказвае яна. І становіцца зразумелай простая ісціна: толькі добрыя сыны сваіх бацькоў становяцца добрымі сынамі сваёй малой радзімы і ўсёй Бацькаўшчыны.
Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота з сямейнага архіва сям’і Вярсоцкіх.