Вёска з сімвалічнай назвай
Як адзначыў старшыня Сінькоўскага сельвыканкама Сяргей Пачыкоўскі, вёска Каты – немалая, 33 хаты, 75 жыхароў, у тым ліку 7 дзяцей да 18 гадоў. Дачнікаў мала. Пакуль толькі дзве хаты пад лецішча выкарыстоўваюцца.
Дарога, якая ляжыць праз вёску, злучае Смаргонь з Маладзечнам. Дамы акуратненькія, стаяць адзін ад аднаго свабодна.
Адсюдь родам многія цікавыя людзі: праваслаўны святар Аляксей Жалевіч, музыка Алена Кабак, следчы Дзмітрый Астрынскі, урач Кацярына Руткоўская, педагогамі цяпер працуюць дзевяць чалавек, бухгалтарамі – пяць, ёсць і студэнты…
Падрастаючае пакаленне вёскі
Калі мы прыехалі на месца, выявілі нямала цікавых асоб і фактаў. Але пачалі сваё падарожжа з канторы СВК “Сінькі”, дзе працуе мама самых юных жыхароў вёскі Каты – сямігадовай Лізы і Каці, якой тры з паловай гады.
Святлана Асіповіч - намеснік бухгалтара сельгаскааператыва, нарадзілася ў Катах, закончыла Ашмянскі тэхнікум, уладкавалася на работу ў мясцовую гаспадарку. А потым з’ехала ў горад на цэлых дзесяць гадоў. Жыла і працавала ў Смаргоні, адвучылася завочна ў Горацкай сельгасакадэміі. Зноў пасялілася ў Катах, у бацькоўскім доме. Цяпер тут жыве разам з маці, мужам і двума дачушкамі. “Люблю сваю вёску, суседзі цудоўныя. Дружна жывём”, - зазначыла Святлана.
“Чатыры жанчыны, адзін я”, - менавіта так можа гаварыць Дзмітрый Асіповіч, працуе ён выратавальнікам. А мы пра яго скажам: “Сапраўдны гаспадар”. Гэта адчуваецца, калі трапляеш у двор і дом гэтай прыгожай сям’і. Дом мае прывабны выгляд, хаця пабудавалі яго даволі даўно. Марыя Руткоўская, цешча Дзмітрыя, - самы старэйшы член сям’і, пайшла замуж у Каты больш за паўсотню гадоў таму. Цяпер дом адрэстаўравалі, зрабілі сучасны рамонт. У ім цёпла і ўтульна.
Ці ёсць у сям’і, якая жыве ў вёсцы Каты, кот? Ёсць! І малодшыя гаспадыні тут жа прадэманстравалі свайго прыгажуна. Чорнага! Да сустрэчы Новага года дружнае сямейства гатова!
Былая паштальёнка і артыстка
85-гадовая Ірына Русак жыве адна. Засталася ўдавой дзевятнаццаць гадоў таму. Мае пяцёра дзяцей, і магла б жыць на ўсім гатовым, але любіць самастойнасць, нікуды не хоча з’язджаць з роднай хаты.
У Катах Ірына Піліпаўна жыве больш за паўсотню гадоў, пабудавалі тут з мужам хату. Больш за 20 гадоў жанчына адпрацавала ў мясцовым калгасе і чвэрць веку – паштальёнам. Яе зона абслугоўвання - Сінькі, Кеўлы і Каты ды хутары вакольныя. “Такія сумкі даводзілася насіць! Раней у кожную хату па дзесяць экзэмпляраў газет і часопісаў выпісвалі, а яшчэ пенсію раздавала.
Безумоўна, раней у нас было весялей, людзей жыло болей, клуб гудзеў, і я ў мастацкай самадзейнасці ўдзельнічала, у Смаргоні выступалі і ў Мінску, - зазначае Ірына Піліпаўна і тут жа паказвае фотаздымкі з альбома, дзе яна ў святочным строі танцуе польку. – А потым мы з сёстрамі пайшлі спяваць у царкоўны хор. Цяпер ужо адна спяваю, старэйшая сястра памерла, другая пераехала да дачкі ў Ашмяны”.
Напрыканцы размовы Ірына Піліпаўна саспявала нам філасофскую песню пра няпростую жаночую долю, прадэманстравала прыгожы вакал – і мы развіталіся, папярэдне зрабіўшы фотаздымак гераіні з яе неверагоднай котачкай “царскіх крывей”.
Незвычайнае спляценне лёсаў
Менавіта ў Катах мы пазнаёміліся з чыстакрэўнай… немкай. Яе радавыя прозвішчы – Дзік і Вайнбергер. “Мая бабуля па-руску нават гаварыць не ўмела, толькі па-нямецку. Але рускую гаворку разумела, - удакладняе Валянціна Гайдукевіч. - У 1936 годзе бабуля разам з мужам і дзецьмі прыехала ў госці да родных у Казахстан, і вярнуцца дадому сям’я не змагла, не выпусцілі назад. Там усе яны і пражылі астатняе жыццё”.
Валянціна Рыгораўна нарадзілася ў горадзе Кустанай. А яе муж Мікалай Тадэвушавіч – на Смаргоншчыне, у Кеўлах. Разам з бацькамі ў 1950-х гадах апынуўся ў Казахстане. У той час шмат беларусаў паехала туды на заробкі. Там і сустрэліся Валянціна і Мікалай, пажаніліся, падгадавалі дзяцей. У 1997 годзе пераехалі ў Беларусь, а родныя Валянціны Рыгораўны ў 2001 – у Германію. “Цяпер у Германіі жывуць мае дзве сястры і брат з сем’ямі. Пакуль пандэмія не пачалася, у Беларусь сёстры часта прыязджалі, - зазначае Валянціна Гайдукевіч. - Пастаянна трымаю з імі сувязь праз інтэрнэт, але сама ў Германію ні разу не з’ездзіла. У Беларусі мне вельмі падабаецца, я нават раней за мужа беларускую мову асвоіла”.
Жанчына ўжо на пенсіі, працавала раней у Сінькоўскім дзіцячым садку поварам. І цяпер смачна гатуе стравы розных народаў – беларускія дранікі, нямецкі штрудзель, казахскія баурсак і бешбармак. А яшчэ яна займаецца бісерапляценнем, паказала нам свае дрэўцы шчасця. Тонкая работа.
Старэйшая сястра і сярэдні брат Мікалая Тадэвушавіча і цяпер жывуць у Казахстане, яшчэ адна сястра – у Расіі, малодшы брат – у Смаргоні. “А я вёску люблю, тут жыць лепей, - сцвярджае наш суразмоўца. – Свабоды больш, вальней дыхаецца ды і заняць сябе ёсць чым”.
На парозе ў Гайдукевічаў нас сустрэў кот. Мы ўжо не здзівіліся гэтаму факту. Проста сфатаграфавалі яго разам з гаспадарамі.
Доўгажыхарка і яе паданні
Не маглі мы не завітаць у дом, дзе жыве былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Тамара Жалевіч і яе маці-доўгажыхарка Валянціна Казакевіч, якой ужо 97 гадоў (самы сталы жыхар вёскі Каты).
Раней Валянціну Андрэеўну мясцовыя людзі называлі хадзячай народнай энцыклапедыяй, а ўспаміны і паданні, якія яна расказвала, увайшлі ў шасцітомнае фальклорна-этнаграфічнае выданне “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў Гродзенскага Панямоння”. Да яе некалькі разоў прыязджалі навукоўцы з Мінска, запісвалі народныя песні, казкі, паданні, вершы, прыпеўкі – іх жанчына шмат ведала на памяць. Раней яна актыўна выступала на розных, у тым ліку і фальклорных, святах, конкурсах, фестывалях. Прыроджаная артыстка. На жаль, здароўе цяпер падводзіць, але гасцям была рада і нават расказала на памяць жартоўны верш “Замаркоцілася Агатка”.
А Тамара Пятроўна нам расказала паданне пра вёску Каты. Быццам, даўно на тэрыторыі цяперашніх катоў жыў пан. Жорсткі чалавек быў. І забаўкі ў яго былі дзікія. Бывае, загоніць пан на дрэва селяніна і загадвае кукаваць, а сам лічыць, колькі яму гадоў жыць яшчэ. Доўга селянін вымушаны кукакаваць, а калі зможацца, просіць адпачыць. Пан крычыць: “Пся крэў, кукуй, кукафка!”. І стрэліць з ружжа ў бедалагу, а мужык уніз кулём валяўся нежывы. Звалі таго пана людзі кАтам. А па часе і вёску праз пана сталі называць Каты (з націскам на першы склад). Пазней націск перайшоў на другі склад.
Тым не менш наша суразмоўца лічыць, што з назвай вёскі можа быць усё проста: “У тутэйшых месцах прозвішча Кот – не новае. Хутчэй за ўсё вёскі называлі па прозвішчы людзей, якія там жылі”.
Прыкладна ў паўтары кіламетра ад Катоў, на ўзлеску, ёсць Котаў камень (па-іншаму яго завуць Кеўлаўскі камень). На ім можна разгледзець адбітак лапы ката. У свой час мы бачылі гэты помнік прыроды, але на гэты раз не патрапілі – машына не даехала да месца. Пра яго нават у Вікіпедыі напісана: “Гэалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння ў Беларусі. Валун чырвона-ружовага граніту рапаківі з рэдкімі крышталікамі палявога шпату памерам ад 2 да 5 см. Прынесены ледавіком з паўночнага-захаду Фінляндыі каля 130 – 150 тысяч гадоў таму падчас ашмянскай стадыі сожанскага зледзянення. На глыбе расце шмат імху”.
І пра камень маці расказвала Тамары Пятроўне паданне: “Дзядуля мой Дзям’ян Казакевіч расказваў маме, што каменю шмат гадоў, - зазначыла наша суразмоўца. - Быў ён, быццам, трохметровы, але ад яго людзі кавалкі паадсякалі, таму цяпер ён значна меншы. Кажуць, раней у тым месцы пан меў свой звярынец. На Катовым камені грэліся звяры. Якія? Наўрад, гэта былі экзатычныя звяры. Хутчэй, нашы – звычайныя беларускія. Напэўна, была рысь, якая тачыла свае кіпцюры аб гэты камень, таму і назвалі яго – Котаў камень.
Кажуць, гэты камень выратаваў жыццё многім ваярам у час Першай сусветнай вайны. У нашым баку стаялі рускія, а каля Суцькава, Крэва – немцы, якія сюды стралялі з гарматаў. І рускія ваяры хаваліся за камень, таму жывымі засталіся”.
Калі Тамара Пятроўна выйшла правесці нас, падбег яе коцік. Яшчэ адно фота на памяць.
Сімвалы шчасця
Напрыканцы паездкі завіталі ў дом да старасты вёскі Каты – 64-гадовай Таццяны Войткі.
У Катах яна нарадзілася, выйшла замуж у 1978 годзе, з мужам купілі гэты дом.
Жанчына працуе бухгалтарам у СВК “Сінькі”. Стараста вёскі – сувязное звяно са старшынёй сельвыканкама. Яна расказвае пра праблемы жыхароў і стараецца разам іх вырашаць. Калі старшыня просіць данесці неабходную інфармацыі жыхарам вёскі – Таццяна Анатольеўна тут жа выконвае просьбы.
Як жывецца людзям у Катах? На гэта пытанне старшыня сельвыканкама Сяргей Пачыкоўскі адказаў па-філасофску: “Цяжка жыць у вёсцы тым, хто не хоча тут жыць, хто не нарадзіўся ў вёсцы, а хто нарадзіўся - той ніколі не скажа, што тут цяжка ці нязручна. Людзі ўмеюць спраўляюцца са сваімі цяжкасцямі, а мы імкнёмся іх падтрымліваць. Што тычыцца Катоў, то аўталаўкі сюды прыязджаюць рэгулярна, аўтобусы курсіруюць. Кожны зварот грамадзян разглядаем і па магчымасці рашаем праблемы. Не атрымліваецца самім – просім дапамогі ў СВК “Сінькі”. Не атрымліваецца на мясцовым узроўні вырашыць – звяртаемся ў райвыканкам.
А людзі добрыя тут жывуць. Сама назва вёскі, на мой погляд, мае лірычнае адценне. Кот – жывёліна ласкавая, пяшчотная, але злаваць яго няможна, бо калі раззлуеш, то і кіпцюрыкі свае пакажа. У цэлым, людзі тут працавітыя, стараюцца, каб вёска жыла”.
…Не паспелі мы пацікавіцца, ці ёсць у Войткаў каты, як нас сустрэлі два чорныя, з бліскучымі вачыма. А гаспадар прызнаўся, што не толькі каты, але і трусы ёсць у гаспадарцы. І тут жа Расціслаў Пятровіч вынес нам паказаць вялікага шэрага труса. Яшчэ адзін сімвала надыходзячага Новага года. Калі жыццё жыхароў вёскі Каты будзе такое ж прыгожае, як гэты трус, то што яшчэ трэба для шчасця?..
P.S. Безумоўна, немагчыма ў адным газетным матэрыяле напісаць пра ўсіх жыхароў вёскі. Увогуле, у нас засталіся добрыя ўражанні ад гэтага населенага пункта і жаданне прыехаць сюды яшчэ раз.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.