Пад мікраскопам памяці – боль

 

Пад мікраскопам памяці – боль

Общество
08.11.2022
368


…Вайна не раз стаяла на парозе Смаргоні. Тутэйшая зямля паліта крывёю людзей розных нацыянальнасцей: рускіх, беларусаў, палякаў, украінцаў, яўрэяў. Мільганула думка: а дзе расстрэльвалі фашысты мужчын і жанчын, дзяцей у Вялікую Айчынную вайну? У пошуках адказу давялося звярнуцца да рассказаў тагачасных сведкаў.

Ніна ЖАБІНСКАЯ:

- Вайна праходзіла праз нас. Неяк ішла я з маці ў царкву каля пустэчы, якая знаходзілася па левы бок ад цяперашняй вуліцы Танкістаў, непадалёку ад рэчкі. Народ ведаў, у гэты дзень расстрэльвалі яўрэяў. Бачым: пустэча ўсеяна трупамі, а побач з дарогай ляжыць маладая жанчына. Раптам яна прыадкрыла вочы, аднак, відаць, спужалася і прыкрыла іх хусцінкай. Можа параненая была. Маці адразу ўзяла мяне за руку: пайшлі, дачка, не трэба кранаць. Няхай застаецца, бо народу побач многа. Толькі потым здагадалася – нехта мог бы данесці немцам. Вечарам вяртаемся з царквы. Жанчына ўжо знікла, верагодна, выбралася і накіравалася ў лес. Захопнікі часта знішчалі людзей менавіта на гэтай пустэчы. Аднойчы фашысты пад гырканне вялізных аўчарак прывялі сюды партызан. Адзін з палонных развітаўся з маленькім сынам, без слёз глядзець на гэта было проста немагчыма… Амаль насупраць нашага дома па вуліцы Міцкевіча (цяпер Балыша) немцы абсталявалі стаянку для танкаў. Мы адчувалі сябе як на ланцугу, баяліся на двор выйсці. А па начах спакою не давалі совы, плакалі быццам дзеці. Нават цяпер не магу глядзець фільмы пра вайну – ахоплівае жах.

Юрый МАРОЗ:

- Уся смаргонская зямля на касцях… Яшчэ ў дзяцінстве старажылы рассказвалі, што ў Першую сусветную вайну цэнтральная частка горада ажно да касцёла была поўнасцю разбурана нямецкай артылерыяй. І ахвяр было шмат. А ў гады Вялікай Айчыннай вайны фашысты часта знішчалі людзей на вуліцы Слабодскай, што пралягала каля цяперашняга завода аптычнага станкабудавання. Мяркую, што некалькі тысяч яўрэяў з мясцовага гета захопнікі расстралялі за Смаргонню.

Надзея ПОЙКІНА:

- У вайну я жыла ў вёсцы Навасёлкі, але раз-пораз наведвала горад. Неяк іду па Крэўскай і чую размову незнаёмых: учора непадалёку немцы расстралялі двух нашых. Наогул, ворагі знішчалі мірнае насельніцтва і партызан цэлымі партыямі. Маліла Бога, каб застацца жывою, давялося нацярпецца гора.

Кожны расказ сведкаў той пары – бясконцы боль. Спытаем сябе: ці ў парадку магілы суайчыннікаў – ахвяр вайны? Ці знойдзены ўсе безыменныя пахаванні? А пра магілы тых, хто спальваў савецкія гарады і вёскі, катаваў, нёс смерць, пакуты і зло, што ж, няхай пра іх клапоцяцца замежныя родныя і блізкія. Граніца не на замку. Чалавек можа многае дараваць, але такое…

Калі вызвалялі адну з вёсак, то зямля была яшчэ цёплай і варушылася ад подыху сялян, закапаных немцамі зажыва. Зло ёсць зло, катэгорыя вечная, і яно заўсёды будзе злом, нягледзячы на змены ўрадаў і палітыкаў, іх погляды і намеры.

Могуць запярэчыць: маўляў, на Захадзе даглядаюць магілы нашых воінаў. Так. Аднак тагачасны савецкі салдат выконваў місію вызваліцеля народаў, а не захопніка і рабаўніка. З другога боку, у абстаноўцы хаосу, эканамічнай і духоўнай дэградацыі чуюцца асобныя галасы: пусціць кроў! Хочацца спытаць: а вы ведаеце цану крыві? Наогул, ці мае яна цану? Зрэшты, можа ўжо хопіць крыві? Інакш блакітны зямны шар зменіць свой колер.

З архіва газеты “Светлы шлях”, 1991 год.