Крадзеж на могілках. Нічога святога не засталося?
Страціўшы дарагога чалавека, родныя хочуць прыгожа і спакойна праводзіць яго ў апошні шлях. Яны акультурваюць магілу, саджаюць кветкі і ставяць свечкі. Але знаходзяцца менш сентыментальныя людзі, якія дазваляюць сабе нажывацца на чужым горы.
Днямі ў рэдакцыю пазваніла жанчына і расказала пра тое, што з магіл яе мужа і сына зніклі гранітныя бардзюры. Калі жанчына даведалася пра крадзеж, была неймаверна ўражаная: “Як так? Што за людзі здольныя на такое? Няўжо ў іх нічога не засталося святога? Самае страшнае – гэта карозія душы”.
І тут на памяць мне адразу прыйшло некалькі гісторый, звязаных са смаргонскімі могілкамі. Адна знаёмая расказвала, што з магілы яе бацькоў нехта ўкраў жалезную лаўку і хутчэй за ўсё здаў на металалом. Яшчэ адна жанчына расказала, што вянок з магілы мужа знайшла на іншай магіле, у супрацьлеглым канцы могілак. Нехта яго скраў, каб упрыгожыць месца пахавання іншага чалавека. Раней чула пра тое, што на могілках выкопваюць кусты кветак, каб пасадзіць сабе каля хаты ў кветніку. Крадуць вянкі і жывыя зрэзаныя кветкі, каб потым іх прадаць. Памятаю, як падчас пахавання сваячкі адна ўдзельніца пахавальнай працэсіі ўкараціла сцябліны белых гваздзікоў напалову, каб не ўкралі з магілы кветкі на продаж (гваздзікі з кароткімі ножкамі ніхто не купіць).
Жанчына, якая звярнулася ў рэдакцыю, удакладніла: “Заяўляць у міліцыю я не збіраюся (хаця бардзюры каштуюць нятанна). Лічу, што знайсці злодзея ў гэтым выпадку немагчыма. Але хочацца праз газету звярнуцца да тых, хто пераходзіць цераз апошнюю рысу: “Людзі, апамятайцеся!”.
Памятаю, як мама з ранняга дзяцінства нам гаварыла, што дадому з могілак нічога няможна браць, іначай будзе бяда. Чаму цяпер людзі нічога не баяцца?”.
Як вядома, народныя прыкметы і забабоны рэлігія не падтрымлівае. Але ў святароў на гэты конт ёсць сваё меркаванне. Пра яго мы даведаліся ад пробашча парафіі Святога Міхаіла Арханёла Артура Ляшнеўскага. “Пра добрыя і дрэнныя прыкметы, звязаныя з могілкамі, я не буду разважаць, - адразу заначыў ксёндз Артур. - Але ў гэтым выпадку мы маем справу з крадзежам. Па сутнасці, учынена святатацтва – апаганена магіла, святое месца. Могілкі, так як і касцёльная зямля, з’яўляюцца святой (асвечанай) зямлёй горада. На могілках трэба паводзіць сябе адпаведна. Тут нельга паліць папяросы, ужываць алкагольныя напоі. Можна чыніць толькі тое, што звязана з пахаваннем людзей і з малітваю. Помнікі – знак нашай памяці, гэта месца асвячаецца святарамі. Калі людзі ўкралі штосьці з помніка, яны ўкралі асвечаную рэч, і гэта таксама з’яўляецца апаганьваннем святога месца. Учыняць такія рэчы – грэх”.
Безумоўна, для тых, хто робіць дрэннае на могілках, прадугледжана крымінальная пакаранне. Артыкул 347 КК прадугледжвае крымінальную адказнасць за здзек над трупам або магілай. У артыкуле пазначана: “Выкраданне з карыслівай мэтай маёмасці на ўчастку пахавання (помнікаў, агароджаў, тратуарнай пліткі) кваліфікуецца як злачынства супраць уласнасці”.
Дарэчы, нам вядомы выпадак, калі сваякі памерлага здзейснілі самасуд. Яны знайшлі ў хляве аднаго “здабытчыка” агароджу, якую яны ўстанавілі на магіле. Добра пабілі злодзея. У прыватнай размове адзначылі: “Караць без суда і следства, вядома, нельга, але, можа, хоць хтосьці, даведаўшыся аб такой перспектыве, пасцеражэцца “зарабляць” на могілках”.
Жанчына, якая нам пазваніла, адзначыла: “Я шчыра веру ў Бога. Нікому не жадаю дрэннага. Але праз газету людзей, якія паквапіліся на чужую маёмасць, хочацца заклікаць да сумлення. Раптам той, хто ўзяў гранітныя бардзюры на магілах мужа і сына, прачытае гэты матэрыял, зразумее, што зрабіў нядобрае і вырашыць вярнуць назад украдзенае. Маю на гэта зусім малую надзею, але яна, як вядома, памірае апошняй”.
P.S. Калі ўжо быў напісаны гэты матэрыял, у зводках МУС з’явілася інфармацыя, што днямі ў вёсцы Каменка Ашмянскага раёна адбыўся крадзёж. 82-гадовая мясцовая жыхарка прыйшла на магілу да сваёй сястры і выявіла, што дэкаратыўныя гранітныя бардзюрныя камяні, якія былі побач з надмагіллем, зніклі. Пенсіянерка адразу ж звярнулася ў міліцыю. Распачата крымінальная справа па артыкуле «Крадзеж».
Няўжо мы маем справу з арганізаваным крымінальным бізнесам?
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.