Жаночы батальён – прыклад адвагі і мужнасці

 

Жаночы батальён – прыклад адвагі і мужнасці

Общество
22.07.2022
657
Вывучаючы гісторыю малой радзімы, разумеем, якім складаным і гераічным быў лёс Смаргоншчыны ў гады Першай сусветнай вайны, колькі ратных подзвігаў было здзейснена абаронцамі Айчыны, колькі жыццяў людзей было ахвяравана дзеля шчаслівага лёсу нашчадкаў.

1.jpg

105 гадоў таму, у ліпені 1917 года, адбылася апошняя наступальная аперацыя на рускім Заходнім фронце ў раёне мястэчка Крэва.  Яна пачалася з магутнай артылерыйскай атакі нямецкіх пазіцый і доўжылася з 19 па 22 ліпеня. Была знішчана значная колькасць абарончых збудаванняў праціўніка, разбураны акопы і бліндажы. У атаку ішла руская пяхота, якая хутка авалодала ўзлескам наваспаскага лесу, пазіцыямі праціўніка каля вёскі  Суцькава і ў мястэчку Крэва. Але замацаваць дасягнуты поспех так і не ўдалося…

“Нягледзячы на бліскучую падрыхтоўку, значную перавагу ў колькасці войскаў і артылерыйскіх сродкаў – 184 рускія батальёны супраць 29 нямецкіх, 800 гармат супраць 300 нямецкіх, аперацыя поспеху не мела”, – чытаем у кнізе Уладзіміра Лігуты “Тот войны не видал, кто у Сморгони не бывал”.

У той складаны палітычны час дэмакратызацыя рускай арміі: салдацкія мітынгі, нежаданне выконваць загады камандзіра, братанні, анархічныя настроі ў асяродку салдат - стала хуткім яе знішчэннем. Але сярод нежадаючых ваяваць дэзерціраў былі і тыя, хто заставаўся верны воінскаму абавязку і быў узорам сапраўднага абаронцы Айчыны. Адважна змагалася пад Крэвам і жаночая “каманда смерці” прапаршчыка Марыі Бачкаровай у складзе 525-га пяхотнага палка 132-й пяхотнай дывізіі 1-га Сібірскага корпуса. Першы раз ударніцы пайшлі ў атаку 8 ліпеня. У кровапралітных баях, якія доўжыліся да 10 ліпеня, удзельнічала 170 жанчын. Полк адбіў 14 нападаў германцаў. Палкоўнік Закржэўскі, камандзір 525-га пяхотнага Кюрук-Дарынскага палка, пісаў у рапарце аб дзеянні “батальёна смерці”: “Атрад Бачкаровай паводзіў сябе ў баі па-геройску, увесь час ля перадавой лініі, несучы службу нароўні з салдатамі. Пры атацы немцаў па сваім пачыне кінуўся як адзін у контратаку, а таксама падносілі патроны, некаторыя хадзілі ў разведку. Сваёй працай “каманда смерці” падавала прыклад адвагі, мужнасці і спакою, падымала дух салдат і даказала, што кожная з гэтых жанчын-герояў вартая звання воіна рускай рэвалюцыйнай арміі”.

Вынікі баявога хрышчэння ўдарніц: 2 забітыя, 33 параненыя, 2 прапалі без вестак (па іншых дадзеных 30 былі забітыя, каля 70-ці параненыя, многія трапілі ў палон). Атрымала раненне і Бачкарова, а таксама яе ад’ютант Марыя Скрыдлова, дачка адмірала. Яна расказвала: “Не, я не баялася. Ніхто з нас не баяўся. Мы чакалі смерці, таму нам не было чаго баяцца. Так, жанчыне цяжка ваяваць… У сховішчы былі параненыя нямецкія салдаты. Нам загадалі ўзяць іх у палон, але яны адмовіліся. Тады мы кінулі туды гранаты, каб іх знішчыць. Не, вайна цяжкая для жанчыны”.

З’яўленне першых жаночых батальёнаў смерці ў Рассіі было сенсацыяй. Аб іх хацелася ведаць больш шматлікім чытачам газет і часопісаў. Журналісты рыхтавалі спецыяльныя рэпартажы, бралі інтэрв'ю ў камандавання і ў добраахвотніц, асвятлялі падрабязнасці іх жыцця.

Журналіст Рыта Дорр пісала: “Я ведаю жанчын-воінаў вельмі добра. Я ведаю, што яны складаюць тры падраздзяленні - адно ў Маскве і два ў Петраградзе. З адным з гэтых падраздзяленняў я падабралася настолькі блізка да фронту, наколькі мне было дазволена. Ехала з імі на цягніку ад Петраграда. Ішла з імі пешшу да баявых пазіцый. Жыла з імі дзевяць дзён у казармах. Дзяліла з Бачкаровай суп і кашу. Праводзіла яе і яе батальён на лінію агню, а пасля бою сядзела ля бальнічных ложкаў і слухала іх апавяданні пра бітву”.

Чаму і дзеля чаго яны рызыкавалі сваім жыццём? Адказ, напэўна, быў такім: “А хто, калі не я? Так трэба!”. Яны гатовы былі змагацца, каб выратаваць Расію.

“Я ведаю, што жанчына як воін нічога каштоўнага не можа даць Радзіме. Мы,  жанчыны, толькі павінны паказаць прыклад салдатам-дэзерцірам, як трэба ратаваць Расію. Хай мы ўсе загінем - абы яны зразумелі свой абавязак перад Радзімай!” – гаварыла Марыя Бачкарова.

У жаночай камандзе былі сёстры міласэрнасці, служачыя, фабрычныя дзяўчаты, служанкі і сялянкі. Некаторым з іх было толькі па 16 гадоў. У кожнай была свая гісторыя жыцця. Жаночыя душы былі перапоўнены пакутамі, болем і адчаем. Таму створаны батальён здаваўся ім бяспечным месцам.

Толькі сапраўдныя жанчыны-патрыёткі змаглі перанесці разам з салдатамі ўсе цяжкасці і небяспеку баявога жыцця. Слаўны подзвіг першага жаночага “батальёна смерці”  назаўсёды ўпісаны ў гісторыю вялікай вайны.

Вольга САМАРКІНА,

навуковы супрацоўнік Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея.