У літаратурна-музычнай гасцёўні “Сустрэчы” – прэзентацыя кнігі Галіны Антонавай “Месца пад сонцам”
“Усе нарысы, якія ўвайшлі ў кнігу, былі апублікаваны ў газеце «Светлы шлях». Кажуць, газета жыве адзін дзень. Не заўсёды гэта так, бо нярэдка газетныя выразкі можна знайсці ў сямейных архівах людзей, пра якіх пісала выданне. Тым не менш, мне здаецца, кніга інфармацыю захоўвае даўжэй. Менавіта таму і з’явілася думка сабраць газетныя матэрыялы пра вядомых людзей Смаргоншчыны пад адну вокладку і абавязкова зрабіць выданне поўнакаляровым, з вялікай колькасцю фотаздымкаў”, - зазначыла аўтар кнігі Галіна Антонава.
Чаму такая назва? Адказ у прадмове да выдання: “У кожнага чалавека – сваё месца пад сонцам. Адны імкнуцца вызначыць кропку, куды нябеснае свяціла накіроўвае свае промні, іншыя – амаль не атрымліваюць святла. А ёсць тыя, для каго сонца не шкадуе сваёй энергіі, - глыбокія, душэўныя, таленавітыя, харызматычныя людзі. Пра іх – гэта кніга”.
Галіна Францішкаўна ўдакладніла, што разам з газетным дызайнерам Вадзімам Берзінем доўга думалі над вокладкай. Па задуме дызайнера, сонца не павінна быць абавязкова жоўтым, і ад яго не абавязкова павінны адыходзіць прамяні. А вось людзей, якія знаходзяцца ў розных месцах ад сонца, нябеснае свяціла “фарбуе” ў золата па-рознаму.
На прэзентацыі прысутнічалі тыя, хто “ўвесь у золаце”. Па задумцы арганізатараў імпрэзы, гаварылі не толькі аўтар кнігі, героі, а таксама родныя, сябры, калегі. Вядучыя, гартаючы творчы каляндар, запрашалі іх на імправізаваную сцэну.
Ксёндз Здзіслаў Вэдэр родам з Польшчы, ганчар Сяргей Нагаеў – з Расіі, фітнэс-трэнер Святлана Мухіна – з Казахстана, Мікола Ходаш – з Украіны… Тым не менш для іх Смаргонь стала месцам, дзе яны змаглі рэалізаваць свой талент і пакліканне.
Сустрэча аказалася надзвычай душэўнай і цёплай. Дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Святлана Афанасьева падзякавала Галіне Антонавай за яе творчасць, уручыла кветкавую кампазіцыю. Галіна Францішкаўна перадала ў бібліятэкі горада дзве кнігі “Месца пад сонцам”. Адна з іх будзе захоўвацца ў цэнтральнай раённай бібліятэцы, другая – у бібліятэцы №3 (у Заходнім мікрараёне), дзе праходзіла імпрэза.
Ад газеты “Светлы шлях” героям публікацыі Галіна Антонава ўручыла памятную старонку “газеты” ад 2 чэрвеня 2022 года, змешчаную ў рамку (нарыс з фотаздымкам). Арганізатары прэзентацыі падрыхтавалі для выступоўцаў бэзавыя букеты. І ў зале запанаваў бэзавы настрой…
Аляксандра ЦЫБОЎСКАЯ.
Фота аўтара і з архіва бібліятэкі.