Як з газетнай публікацыі ствараюцца кнігі
Галіна Антонава выступае перад вучнямі сярэдняй школы №3.
Галіна Францішкаўна расказала, як з газетнай публікацыі ствараюцца кнігі: хацелася, каб матэрыял не згубіўся, захаваўся. Вучні даведаліся, што Галіна Антонава з’яўляецца таксама аўтарам кніг: “Дзяруга: музыкант, педагог, фатограф”, “Самародкі”, “Лілія Трохалева”, рыхтавала да выдання кнігу Юрыя Чапелкіна “Записки провинциального хирурга” (мемуары вядомага смаргонскага ўрача). Кнігу неабходна было адрэдактаваць, сістэматызаваць. Больш падрабязна журналіст расказала пра герояў сваіх публікацый: заслужанага дзеяча культуры БССР, стваральніка першага цымбальнага аркестра Аляксандра Дзяругу, Лілію Трохалеву. Адказала на пытанні: хто героі яе публікацый, як прыйшла задума выдаць кнігу “Самародкі”. Гэта кніга пра ўнікальных, таленавітых людзей Смаргоншчыны. Выступоўца распавяла, што прытрымліваецца прынцыповай пазіцыі:выдаваць кнігі на беларускай мове. Звярнула ўвагу, што неабходна захаваць родную мову, бо гэта прыкмета нацыянальнага самаўсведамлення. Галіна Францішкаўна падзялілася сваімі творчымі планамі і задумамі: выдаць яшчэ адну кнігу пра таленавітых людзей Смаргоншчыны пад назвай “Месца пад сонцам”.
Вучні 8 – 10 класаў слухаюць выступленне журналіста газеты “Светлы шлях”.
Напрыканцы выступлення журналіст звярнулася да вучняў: “Кожны з вас можа знайсці сваё месца пад сонцам, кожны з вас - таленавіты. Вельмі важна гэты талент распазнаць, развіваць, а таксама шмат працаваць. Менавіта гэту думку пацвярджаюць многія героі маіх твораў”.
Сустрэча з таленавітым, творчым журналістам была вельмі цікавай для навучэнцаў.
Галіна Мінкевіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Сярэдняя школа №3 г. Смаргоні”.