Дакрануцца фарбамі да сэрца

 

Дакрануцца фарбамі да сэрца

Культура
18.10.2023
3410

Адзін знаёмы пісьменнік калісьці сказаў так: “Калі я прачытаў Пастарнака, я зразумеў, што пісаць мне больш няма чаго. Сябра Барыс ужо напісаў усё тое, што хацеў у сваіх творах сказаць я”. Калі б я была мастаком, то, пазнаёміўшыся з творчасцю Вячаслава Аўгусціновіча, напэўна, сказала б так, як мой сябра-пісьменнік: “Маляваць мне больш не трэба”. Сваімі мастацкімі творамі Вячаслаў Аўгусціновіч сказаў усё тое, што мне даўно хацелася адчуць і ўбачыць.

00 (357).JPG

За творчасцю Вячаслава Аўгусціновіча я назіраю вельмі даўно. Перагледзеўшы дзясяткі, нават сотні карцін, парой здаецца, што палотны пісьменніка ўвабралі ў сябе столькі, што нельга ні дабавіць, ні адняць. Але з кожнай новай работай мастак знаходзіць магчымасць дадаць важкае і цікавае слова ў, здаецца, поўны кантэкст, здзівіць новым вобразам, пранікнёнай дэталлю. Кожная карціна – быццам трапнае слова ў самае сэрца.

Вячаслаў Аўгусціновіч жыве і працуе ў Мінску. Смаргоншчына – яго малая радзіма. Ён нарадзіўся ў 1959 годзе ў вёсцы Замасце, што недалёка ад Войстама. Праз 10 гадоў сям’я пераехала на Міншчыну. Замасце пакінула ў памяці будучага мастака шмат маляўнічых сюжэтаў. Вячаслаў і сёння памятае, як насіў ваду з чысценькай крынічкі, адкапанай дзядулем Андрэем, як пазней гэта крыніца разлілася і ператварылася ў невялічкае возера, і хлопчык запусціў туды рыбу.

- Побач з нашым хутарам ляжалі вялікія, урослыя ў зямлю валуны. Калі пішу карціны, адчуваю, што нярэдка ў сюжэт напрошваецца вялікі камень. Напэўна, гэта тыя валуны з дзяцінства нагадваюць пра сябе. Вельмі моцна яны замацаваліся ў маёй свядомасці, - расказвае Вячаслаў Аўгусціновіч.

Напэўна, замасцянскім краявідам Вячаслаў Станіслававіч прысвяціў бы нямала сваіх твораў, калі б яго родны хутар прадаўжаў жыць. Мастак адзначае, што звычайна ён піша свае творы не па памяці, а з натуры альбо па фотаздымках. Ілюстрацый роднага хутара ён ніколі не меў. А з натуры яго ўжо не напішаш. Бацькоўскага дома даўно няма. Калі сям’я пераязджала, хату купілі людзі і перавязалі яе ў іншае месца. Гісторыя дапісвала апошнія старонкі гэтай вёскі. Электрычнасць на хутар так і не прыйшла, людзі паступова сталі пераязджаць у гарады і больш буйныя вёскі. Такі ж лёс напаткаў і сям’ю Вячаслава Аўгусціновіча: у пачатку 70-х яна ўжо жыла ў вёсцы Шчарбіны, што недалёка ад Заслаўя. Будучы мастак пайшоў у заслаўскую школу, стаў наведваць мастацкую студыю. Талент да малявання ў Вячаслава выявіўся яшчэ ў пачатковых класах. Творчыя здольнасці дасталіся ад таты, які добра сябраваў з фарбамі, ствараў прыгожыя паштоўкі.

- Я пачаў маляваць у дзяцінстве. Памятаю, як з часопіса “Огонёк” перамалёўваў розныя карцінкі. Вельмі ўдала ў той час у мяне атрымаўся партрэт Леніна, - прыгадвае Вячаслаў Аўгусціновіч свае дзіцячыя захапленні.

Пасля заканчэння школы выбар будучай прафесіі быў відавочным. Юнак спачатку вучыўся у мастацкім вучылішчы, пазней скончыў тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў у галіне галаграфіі, ствараў аб’ёмныя выявы. У той час галаграфія была для мастака працай, а жывапіс – творчай аддушынай. Мастацтва – быццам цэлы свет, дзе ёсць свае законы і свае парадкі. Сапраўдны мастак гэты свет ні на што іншае не прамяняе. Узяўшы аднойчы ў рукі фарбы і пэндзлі, наш герой ніколі не развітваўся з імі надоўга. У сярэдзіне 80-х ён актыўна пачаў удзельнічаць у рэспубліканскіх і міжнародных выставах, працы Вячаслава Аўгусціновіча сталі папаўняць калекцыі знатакоў і аматараў мастацтва.

Вось ужо больш за 40 гадоў Вячаслаў Аўгусціновіч перадае з дапамогай фарбаў прыгажосць гэтага свету. Ён працуе выключна ў жанры рэалізму. На большасці палоцен – вясковыя пейзажы. Глядзіш і адчуваеш, як вецер гайдае пажоўклае лісце на кустоўі за гумном, як над выбеленымі комінамі ўзвышаюцца высокія дымы… Мастак піша тую вёску, якая хутка стане гісторыяй. Вёску, якая шчымлівым успамінам жыве ў сэрцах многіх людзей. Амшалы плот, кранутыя часам бярвенні, зарослыя бур’яном сцяжынкі, здзічэлы садок… Дзе, як ні на палотнах Вячаслава Аўгусціновіча яны могуць жыць вечна, не паддаючыся ўздзеянням бязлітаснага часу? Нядзіўна, што многія людзі хочуць прыдбаць сабе хаця б адзін такі родны і блізкі сэрцу сюжэцік і знайсці для яго прыдатны куток у сваім доме.

Сёння мужчына прызнаецца, што ім створана некалькі тысяч карцін. У кожнага палатна – не толькі свой сюжэт, але і свая гісторыя. Карціну можна напісаць за некалькі гадзін, а можна працаваць над ёй доўгімі месяцамі. Менавіта так было з важнейшым творам мастака – абразом Найсвяцейшага Сэрца Езуса, які Вячаслаў Аўгусціновіч ствараў для галоўнага алтара касцёла Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні. Праца была доўгай і карпатлівай. Мастак напісаў абраз, аналагічны таму, які знаходзіцца ў Рыме, у базіліцы Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Вячаслаў Станіслававіч добра памятае той дзень, калі яму патэлефанаваў ксёндз Артур Ляшнеўскі і замовіў абраз. Для мастака гэта быў вялікі гонар. Ён, не раздумваючы, згадзіўся.

Суразмоўца расказвае мне пра стварэнне абраза і вочы яго свецяцца. Не трэба быць надзвычай праніклівым, каб разглядзець у іх дабрыню, памяркоўнасць, разважлівасць. Вячаслаў Станіслававіч тлумачыць: кожная карціна пішацца для аднаго канкрэтнага чалавека, які набывае яе, прыносіць у свой дом і сам атрымлівае ад яе асалоду. А касцельны абраз – гэта твор для цэнтральнай часткі храма, на ім будуць затрымліваць свае позіркі тысячы людзей. Якімі б цудоўнымі ні былі пейзажы, гэтаму палатну няма аналагаў. Абраз Езуса кранае сэрцы людзей, але найперш Божая ласка кранула сэрца Вячаслава Аўгусціновіча. Ва ўсім, што стварае чалавек, – почырк і мазкі волі Усявышняга.

IdG5u8VqTK8.jpg

00 (358).JPG

IMG_1052.JPG

IMG_1053.JPG

IMG_1055.JPG

IMG_1057.JPG

IMG_1059.JPG

IMG_1060.JPG

IMG_1063.JPG

Таццяна ЛЫСКОВА.

Фота аўтара.

Статьи по теме: