Ад прадзедаў спакон вякоў…
У Беларусі налічваецца больш за 9 тысяч музеяў. У іх ліку і школьныя музеі – гонар любой школы.
Школьны музей – своеасаблівая святыня, візітоўка, з якой знаёмяць дарагіх гасцей. Але ў першую чаргу гэта цэнтр вучэбна-выхаваўчай і фальклорна-краязнаўчай работы.
18 мая - Міжнародны дзень музеяў. У гэты дзень народны гісторыка – этнаграфічны музей «Горад майстроў» сярэдняй школы №5 г. Смаргоні адчыніў дзверы для многіх наведвальнікаў. Цікава і захапляльна правяла падарожжы ў мінулае загадчык музея Людміла Мусіенка. Аповед пра гісторыю нашага горада, знакамітую «Мядзведжую акадэмію» заахвоціў многіх вучняў. Па брукаванай дарозе яны трапілі ў горад майстроў: завіталі ў карчму, наведалі майстэрню гарбара, дворык ганчара, пякарню, якая славілася выпечкай абаранкаў, пабывалі ў сялянскай хаце.
На другі бок вуліцы раскінуўся кірмаш. Тут знайшлі сваё месца побытавыя рэчы беларусаў.
Сямікласнікі пасля вывучэння твора У. Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі» мелі магчымасць пазнаёміцца з прадметамі, апісанымі ў творы, патрымаць у руках і расказаць пра іх.
Конкурс «Этнаграфічны турнір» і інтэлектуальная гульня «Бабулін куфэрак» выклікалі вялікую цікавасць сярод наведвальнікаў. Па вачах дзяцей было бачна, што ім спадабалася ўсё.
Валянціна Трайковіч,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы №5.