У Смаргонскім раённым Цэнтры культуры зладзілі святочнае мерапрыемства да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь
Удзельнікаў свята прывітаў і павіншаваў са святам ад імя раённага выканаўчага камітэта, мясцовага дэпутацкага корпуса старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Кудзеньчук. Ён адзначыў вялікую ролю Канстытуцыі ў развіцці краіны, кансалідацыі грамадства, захавання ў ім грамадзянскай згоды, стабільнасці і міру.
У нашым раёне створаны аптымальныя ўмовы для дзейнасці грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, захоўваецца атмасфера міжнацыянальнай, міжрэлігійнай згоды, умацоўваюцца гістарычныя традыцыі, шануюцца духоўныя каштоўнасці народу.
У Дзень Канстытуцыі найбольш актыўным гарадскім вучням, якім споўнілася 14 гадоў, ва ўрачыстай абстаноўцы пашпарты ўручылі старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Кудзеньчук, намеснік старшыні райвыканкама Ігар Шчасны, начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі райаддзела міліцыі Ала Ігнатовіч.
А юнакам і дзяўчатам, якія вырашылі папоўніць шэрагі членаў раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, першы сакратар РА “БРСМ” Кацярына Цялега ўручыла членскія білеты і пажадала знайсці свой напрамак дзейнасці ў гэтай маладзёжнай арганізацыі.
Самадзейныя артысты выканалі са сцэны песні аб родным краі, а напрыканцы святочнага мерапрыемства з невялікім кацэртам выступіў перад гледачамі народны ансамбль народнай музыкі “Явар” дзіцячай школы мастацтваў імя М. К. Агінскага.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота Дзяніса ЯРОЎСКАГА.