Людская салідарнасць
Крыўск стаіць на самым ускрайку Крэўскага сельсавета, на мяжы з Валожынскім раёнам, удалечыні ад ажыўленых шляхоў і людской мітусні. Таму не дзіўна, што ў час вайны ў гэтую вёску, не абцяжараную частымі наездамі немцаў і паліцаяў, зрэдку наведваліся партызаны. Яны прыходзілі
сюды, каб крыху адпачыць, каб запасціся харчамі і вопраткай.
І якім бы глухім не было тое месца, да немцаў усё ж дайшлі звесткі пра гэтыя візіты. А быў якраз час, калі акупанты распачалі на нашых землях жорсткія карныя аперацыі супраць партызанаў і мірных жыхароў.
Неяк раз у чэрвені 1943 года ў Крэве з’явіўся абоз фашыстаў. Заўважыўшы на форме немцаў эмблему - чэрап са скрыжаванымі касцямі, людзі занепакоіліся: усе наслухаліся страшэнных гісторый пра дзейнасць карных атрадаў з асобага батальёна СС пад кіраўніцтвам Оскара Пауля Дзірлевангера, якія палілі цэлыя вёскі разам з жыхарамі.
Чаго яшчэ было чакаць ад гэтага спецыфічнага вайсковага фарміравання, якое складалася з колішніх крымінальнікаў і іншых грамадскіх адшчапенцаў? Ды і сам іх кіраўнік быў з таго ж асяроддзя і, больш таго, самімі немцамі лічыўся псіхічна хворым. За два з паловай гады знаходжання карнікаў Дзірлевангера на тэрыторыі акупіраванай Беларусі імі было спалена каля дзвюх соцень населеных пунктаў і знішчана больш за 120 тысяч чалавек. На тэрыторыі суседняга ад нас Валожынскага раёна карнікі спалілі 26 вёсак, сярод якіх было Кражына, а гэта зусім блізка.
Гэтым разам мэтай карнікаў якраз і быў Крыўск. У Крэве фашысты запатрабавалі правадніка, які давёў бы абоз да той вёскі. Відаць, самі яны не змаглі зарыентавацца ў незнаёмай мясцовасці. Той, каму выпала доля быць за правадніка, паспеў перад дарогай шапнуць знаёмым: “Аляксандр Жукоўскі пачуў ад паліцаяў, што немцы будуць паліць Крыўск. Я павяду іх абоз акружнымі шляхамі, а вы паспрабуйце як-небудзь сказаць крыўскім аб небяспецы”.
Калі карнікі з правадніком рушылі ў дарогу, местачкоўцы пачалі вырашаць, каго адправіць
кароткім шляхам у Крыўск з трывожным паведамленнем. Папярэдзіць крыўскіх узялася васямнаццацігадовая Ларыса, дачка Аляксандра Жукоўскага, таго, які падслухаў размову паліцаяў. Вывеўшы каня ў поле, нібыта на пашу, дзяўчына асядлала яго і што ёсць моцы пагнала ў бок вёскі, жыхароў якой чакала вялікая бяда.
Выратавальную эстафету ад Ларысы пераняла жыхарка Ракуцева Марыя Гоман, якая сама была родам з Крыўска. І тая своечасова папярэдзіла былых аднавяскоўцаў аб небяспецы. Пакуль абоз карнікаў дабіраўся кружнымі шляхамі, большасць крыўскіх, прыхапіўшы самае каштоўнае з пажыткаў, паспела схавацца ў лесе. Тым, хто па нейкіх прычынах не змог зрабіць гэтага, давялося перажыць ці не самыя жудасныя моманты ў іх жыцці.
Калі карнікі прыбылі ў Крыўск, то адразу ж пачалі паліць сялянскія хаты. Дні стаялі спякотныя, і пакрытыя саломай стрэхі загараліся як свечкі. Сярод сялян, якія засталіся ў вёсцы, распачалася панічная мітусня - кожнаму хацелася і сябе зберагчы, і ўратаваць хоць што-небудзь з маёмасці. Хутка немцы спынілі ўвесь гэты вэрхал і загадалі ўсім сабрацца ля гумна ў цэнтры Крыўска. Людзі
ішлі туды з абразамі, плачучы і молячыся. Баяліся, што гумно тое, як і ў многіх іншых вёсках, наведаных карнікамі, стане месцам іх смерці.
Тым не менш, падпал дамоў нечакана быў спынены, і камандзір карнага атрада выступіў перад устрывожаным натоўпам з прамовай. Ён казаў пра партызанаў, пра шкоду, якую яны наносяць нямецкаму войску і пра пакаранне за супрацоўніцтва з імі. Прыгразіў, што калі жыхары Крыўска ў далейшым зноў будуць западозраны ў зносінах з партызанамі, то ім усім будзе “капут”.
Пасля гэтага ён загадаў натоўпу разысціся і пачаць тушыць
свае хаты.
Здзейсніўшы акт запалохвання, немцы пакінулі вёску і адправіліся працягваць свае чорныя справы ў іншых мясцінах.
Ад паловы Крыўска ў той раз нічога не засталося. Аднак людзі дзякавалі Богу, што хоць абышлося без людскіх ахвяр.
Што паўплывала на паводзіны немцаў падчас карнай аперацыі ў Крыўску, чаму яны не давялі да канца сваю жудасную расправу - пра гэта застаецца толькі гадаць. Пашкадавалі людзей? Малаверагодна. Такую мелі мэту – толькі прыстрашыць? Магчыма. Не будзем аднак выключаць і таго, што да такога рашэння яны прыйшлі ўжо ў ходзе аперацыі, калі ўбачылі, што пераважная большасць вяскоўцаў паспела схавацца да іх прыходу. Знішчыць меншасць жыхароў вёскі без тых, хто абвёў іх вакол пальца і знік, - гэта абазначала б для карнікаў пэўнае паражэнне ў той жорсткай нялюдскай гульні, якую яны вялі. Не жадаючы прайграваць, яны пайшлі ў гэтай партыі на своеасаблівую нічыю.
Перамагчы ж поўнасцю ім не дала людская салідарнасць, якая выявілася і праз смелае рашэнне абранага правадніка падоўжыць час руху карнікаў да мэты, і праз узятую на сябе адважнымі жыхаркамі Крэва і Ракуцева адказную місію па ратаванні Крыўска і яго жыхароў.
Аляксандр КАМІНСКІ.