Хто хоць раз чуў беларускую мову, не забудзе яе мяккасці і мілагучнасці, плаўнасці і напеўнасці, сціплай прыгажосці і самабытнасці. У гэтым яшчэ раз змаглі пераканацца вучні гімназія і прызнацца ў любові да матчынага слова ў час правядзення мерапрыемстваў, якія былі прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы.
У гімназіі прайшоў Тыдзень роднай мовы
Загадзя былі арганізаваны выставы “Вітаю цябе, беларуская кніга”, “Беларускі алфавіт у малюнках”, на дзвярах вучэбных кабінетаў змешчаны фразеалагізмы ў малюнках, а таксама выказванні беларускіх пісьменнікаў – радкі прызнання ў любові да матчынай мовы.
Урачыста, святочна і натхнёна пачаўся Тыдзень роднай мовы. Вучні з задавальненнем прынялі ўдзел у конкурсах “Самы шчыры беларус”, “Гучы, беларускае слова!”, “Моўныя самацветы”, прадэманстравалі свае веды па беларускай мове і па літаратуры. Інтэлект-батл “Мова родная – мова сэрца”, які быў праведзены сярод вучняў восьмых класаў, садзейнічаў развіццю пазнавальнай актыўнасці, маўленчай культуры, творчых здольнасцей. У выніку перамаглі сяброўскія адносіны і добры настрой.
Вучні старэйшых класаў прынялі ўдзел у інтэлектуальнай гульні “Я ведаю”, трыміно “Краіна па імені родная мова” і літаратурным рынгу “Іван Навуменка: пісьменнік свайго пакалення” (да 100-годдзя з дня нараджэння). У час спаборніцтваў, акрамя глыбокіх ведаў па роднай мове і літаратуры, удзельнікам спатрэбіліся ўважлівасць і хуткасць.
Беларускамоўныя настолкі “Гульнятэка па-беларуску” захапілі вучняў пятых класаў і далі ім магчымасць не толькі праверыць свае веды па беларускай мове, а таксама ўзбагаціць свой слоўнікавы запас. Маўленчы цюнінг “Скарбонка беларускіх слоў” дазволіў школьнікам успомніць словы ветлівасці, рашыць лінгвістычныя і этнаграфічныя задачы, разгадаць шарады і рэбусы. Былі таксама арганізаваны вясёлыя перапынкі “Песні Белай Зямлі”, у час якіх дэманстраваліся відэаролікі па беларускіх прыказках, гучалі песні на роднай мове.
Усе праведзеныя мерапрыемствы праходзілі ў атмасферы шчырасці, сяброўства і дабрыні і пакінулі незабыўны след у душы кожнага вучня і настаўніка, бо гэта не проста святкаванне Дня роднай мовы, а найперш дотык да роднага і спрадвечнага.
Марына Істрацькова, настаўнік беларускай мовы і літаратуры гімназіі