Гэта кнігі пра родны край – своеасаблівыя летапісы, якія, нібы пацеркі, нанізваюцца на нітку часу. Кніга «Смаргонскі раён. Гісторыя. Сучаснасць. Будучыня», якая была створана да 85-годдзя раёна, – несумненна, узор такога летапісу. Урачыстая прэзентацыя выдання адбылася 13 лютага ў раённым Цэнтры культуры.
«Смаргонскі раён. Гісторыя. Сучаснасць. Будучыня». Прэзентацыя новай кнігі прайшла ў РЦК
Кніга мае 18 раздзелаў. У ёй прадстаўлены як гістарычныя, так і сучасныя звесткі развіцця раёна. Дзякуючы кнізе можна даведацца пра апошнія дасягненні нашага раёна ў галіне прамысловасці, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, будаўніцтва, сельскай гаспадаркі, адукацыі, аховы здароўя, культуры, сацыяльнай абароны, спорту і турызму.
Гісторыя Смаргоншчыны ўвабрала ў сябе слаўныя і гераічныя падзеі, якія дазваляюць дакрануцца да мінулага нашага роднага краю, да жыцця і спраў нашых знакамітых землякоў. Пачэснага звання «Ганаровы грамадзянін Смаргонскага раёна» ў розныя гады былі ўдастоены 17 жыхароў горада і раёна. Іх партрэты занесены на старонкі кнігі. Падчас імпрэзы пасведчанне і нагрудны знак «Ганаровы грамадзянін Смаргонскага раёна» генеральнаму дырэктару ААТ «Мінскі электратэхнічны завод імя Казлова» Аляксандру Радзевічу ўручыў старшыня райсавета дэпутатаў Сяргей Кудзеньчук.
Са сцэны прысутных віталі Ганаровы грамадзянін Смаргонскага раёна Аляксандр Радзевіч і харавы дырыжор, кампазітар, кіраўнік народнага ансамбля песні і танца імя Агінскага, аўтар гімна Смаргоні Аляксандр Лях.
Гартаючы старонкі кнігі, вядучыя па чарзе запрашалі на сцэну вядомых людзей Смаргоншчыны. Дырэктар ліцейна-механічнага завода Эдуард Падгайскі, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі, дырэктар КСУП «АграСолы» Вольга Лукьяненка, намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Наталля Максіменка, галоўны рэдактар раённай газеты «Светлы шлях» Алена Барташ, дырэктар Жодзішкаўскай сярэдняй школы Данута Балыш, намеснік галоўнага ўрача Цэнтральнай раённай бальніцы Яўген Кардзіс... Падчас бліц-апытання госці дзяліліся навінамі, планамі і нават прафесійнымі сакрэтамі, якія датычацца кірункаў іх дзейнасці.
Напрыканцы імпрэзы вядучыя звярнулі ўвагу на адну цікавую дэталь кнігі – мабільны дадатак «VG AR», які дазваляе праглядаць дадатковую відэаінфармацыю пра Смаргоншчыну. QR-коды дапамагаюць ажывіць фотаздымкі.
«Кніга будзе карыснай і для маладога пакалення, і для людзей старэйшага ўзросту, у якіх з’явіцца магчымасць вярнуцца ў гады сваёй маладосці, успомніць падзеі, сведкамі і ўдзельнікамі якіх ім давялося быць. Але ў першую чаргу, кніга напісана для нашых дзяцей, якім захоўваць і працягваць гісторыю. Мы спадзяёмся, што будзе напісана яшчэ не адна кніга пра Смаргошчыну, пра яе людзей і ў гэтых выданнях з’явяцца новыя выдатныя імёны, якія праславяць свой родны дом – наш раён», - зазначылі вядучыя імпрэзы.
З новым выданнем можна будзе пазнаёміцца ў бібліятэках горада і раёна. Купіць – у гісторыка-краязнаўчым музеі і музеі-сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.