У тандэме з аварыйнай службай

 

У тандэме з аварыйнай службай

Общество
18.07.2019
2399
Рэдка такое бывае, каб усе члены сям’і працавалі на адным прадпрыемстве ці ў адной арганізацыі. У Мікулічаў было менавіта так: у РУП “ЖКГ” праз пэўны час следам за бацькамі працаўладкаваліся двое іх сыноў. Агульны працоўны стаж гэтай сям’і складае 80 гадоў. Муж і жонка адпрацавалі ў камунальнай гаспадарцы па 33 гады, адзін сын – 10 гадоў, а другі – 4.

Васіль Мікуліч не тутэйшы. Ён нарадзіўся ў Вілейскім раёне, з малых гадоў быў прывучаны да працы, цягнула хлопца і да тэхнікі. А як жа інакш, калі бацька - механізатар. Пасля заканчэння школы Васіль працаваў на трактары. Вадзіцельскае пасведчанне атрымаў у Вілейскім ПТВ №16. А потым яго прызвалі на службу ў армію.

У Смаргонскі раён мужчына прыехаў ужо жанатым. Якраз тады каля нашага горада пачыналася будаўніцтва філіяла Мінскага трактарнага завода. Але доўга не затрымаўся на гэтым аб’екце Васіль Мікуліч, перайшоў у РУП “ЖКГ”. Спачатку быў аўтагрэйдэрыстам, потым перасеў за руль аўтамабіля. “Газон”, КамАЗ. І вось ужо 7 гадоў Васіль Анатольевіч працуе на МАЗе.

IMG_8321.JPG

Васіль МІКУЛІЧ абслугоўвае свой МАЗ


Праца нялёгкая і адказная. МАЗ з’яўляецца спецаўтамабілем, на ім устаноўлена ёмістасць, іншае абсталяванне для адпампоўвання каналізацыйных сцёкаў. Таму Васіль Мікуліч цесна звязаны з аварыйнай службай. Нават знаходзячыся дома, чакае сігнал на выезд, калі здарыцца якая-небудзь аварыйная сітуацыя.

У зону абслугоўвання спецтэхнікі ЖКГ уваходзіць не толькі шматпавярховая забудова ў горадзе, але і прыватны сектар, аб’екты ў сельскай мясцовасці. Прыходзіцца многа ездзіць. Як адзначыў Васіль Анатольевіч, у мінулым месяцы яго МАЗ “наматаў” на колы 3980 кіламетраў. А за год выходзіць 150 і нават іншым разам 220 тыс. км.

Вядома ж, РУП “ЖКГ”, як і іншыя арганізацыі, зведала не лепшыя часы. Але касцяк калектыву застаўся. Вопытныя, адказныя, прафесіяналы сваёй справы. Сярод іх і Васіль Анатольевіч. Цяпер Васіль Мікуліч кожны тыдзень наведваецца на сваім МАЗе ў дзіцячы аздараўленчы лагер “Арляня”. Яшчэ адзін далёкі маршрут – аўтазаправачная станцыя на аўтадарозе Мінск - Вільнюс, за Крэвам, у бок Ашмян. Заяўкі паступаюць на вываз сцёкаў і ад жыхароў прыватнага сектара. Каб людзі ведалі, як звяртацца да вадзіцеля, на бачным месцы ў аўтамашыне прымацавана шыльдачка з імем “Васіль”. Ёсць і касавы апарат. Кліент разлічваецца за аказаную паслугу, вадзіцель выдае яму чэк.

“Мне падабаецца ў ЖКГ, - сказаў мужчына. Я ад гэтай арганізацыі атрымаў кватэру, а калі павялічылася сям’я – прапанавалі больш прасторную. Зарплату выдаюць своечасова. Арганізоўваюць экскурсіі. Нядаўна з калегамі вярнуўся з паездкі ў Санкт-Пецярбург, дзе было на што паглядзець: музеі, помнікі архітэктуры, фантаны, развадныя масты”.

З Вілейкі вярнулася дамоў

Са сваім будучым мужам, Васілём Мікулічам, Галіна Зянонаўна пазнаёмілася падчас працы на вілейскім заводзе “Зеніт”. Пры заводзе было вучылішча, куды і паступіла, каб атрымаць прафесію, дзяўчына з вёскі Расла Жодзішкаўскага сельсавета. У Смаргонь маладая пара прыехала, калі тут разгарнулася прамысловае і жыллёвае будаўніцтва. Спачатку Мікулічы здымалі кватэру.

Неўзабаве побач пасяліўся былы дырэктар РУП “ЖКГ” Браніслаў Стурліс, які прапанаваў сваім суседзям працу ў камунальнай гаспадарцы. Галіна Мікуліч спачатку была пашпартысткай у ЖЭСе. Потым жанчыну чакала новая работа у цяпліцы РУП “ЖКГ”. Давялося папрацаваць і кладаўшчыцай. Цяпер Галіна Зянонаўна – лабарант, працуе ў лабараторыі на ачышчальных збудаваннях.

IMG_8368.JPG

Галіна Зянонаўна – у лабараторыі


Прыйшла сюды ў далёкім 2003 годзе і не заўважыла, як хутка мінулі 15 гадоў. “Мне падабаецца працаваць лабарантам, - кажа Галіна Мікуліч. – Справа вельмі адказная. Пробы вады прыходзіцца адбіраць на 22 прадпрыемствах раёна, ачышчальных збудаваннях у сельскай мясцовасці, вадаёмах, якія знаходзяцца ў гарадскім парку і мікрараёне Маладзёжным. Мы правяраем не толькі сцёкавую, але і паверхневую, так званую дажджавую ваду. Праз кожныя 5 гадоў праходзім перападрыхтоўку па спецыяльнасці, павышаем сваю кваліфікацыю”.

Сыны ўжо дарослыя. Старэйшы жанаты, жыве асобна, а малодшы пакуль з бацькамі. І працуе разам з імі ў адной арганізацыі. Ён слесар кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі, завочна скончыў інстытут.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара. 

Статьи по теме: