Вечарына памяці Уладзіміра Шчаснага адбылася ў музеі-сядзібе імя Агінскага

 

Вечарына памяці Уладзіміра Шчаснага адбылася ў музеі-сядзібе імя Агінскага

Культура
14.11.2021
6205
Год таму, 15 лістапада, не стала Уладзіміра Шчаснага, слыннага сына смаргонскай зямлі: беларускага дыпламата, пісьменніка, перакладчыка і публіцыста, ганаровага грамадзяніна горада Смаргоні.

Свой апошні спачын Уладзімір Рыгоравіч знайшоў на могілках ў Кеўлах, побач пахаваны яго продкі, у тым ліку і бацькі. 14 лістапада гэта месца наведалі супрацоўнікі музея М. К. Агінскага, а на сядзібе – зладзілі вечарыну памяці  Уладзіміра Шчаснага. 

Уладзімір Рыгоравіч нарадзіўся 25 лістапада 1948 года ў Смаргоні, скончыў СШ № 2.  Паступіў у Мінскі педінстытут замежных моў. У 1972 годзе стажыраваўся ў Пакістане. 

9.jpg

Працаваў выкладчыкам у Мінскім педінстытуце замежных моў. Скончыў курсы ААН пры Маскоўскім інстытуце замежных моў імя М. Тарэза. Быў супрацоўнік службы рускіх пісьмовых перакладаў Сакратарыята ААН у Нью-Йорку. Затым працаваў на розных пасадах у Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

13.jpg

2.jpg

3.jpg

4.jpg

У яго паслужным спісе - павераны у справах Рэспублікі Беларусь у Літве, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі  ў Вялікабрытаніі і  ў Ірландыі, старшыня Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА.

У 2003 годзе Уладзімір Рыгоравіч быў ініцыятарам правядзення ў Залессі міжнароднай канферэнцыі «Гістарычныя сядзібы. Стан і перспектывы», а таксама падрыхтоўкі пры садзейнічанні ЮНЕСКА дакументаў на рэстаўрацыю былога маёнтка М. К. Агінскага і атрыманне копіі архіва кампазітара з Дзяржаўнага архіва старажытных актаў у Маскве – і гэта далёка не ўсё, што зрабіў Уладзмір Шчасны для аднаўлення музея-сядзібы імя М. К. Агінскага ў Залессі. Пра гэта гаварылі і дырэктар музея-сядзібы Людміла Градзіцкая, і начальнік аддзела культуры райвыканкама Таццяна Ражэва.

1.jpg

“У кожным куточку нашай сядзібы ёсць часцінка душы Шчаснага. Можна асобна расказваць пра музейныя рэчы, гісторыю іх з’яўлення. Практычна ў кожнай гісторыі будзе прысутнічаць асоба Уладзіміра Рыгоравіча. Пасля яго смерці сваякі перадалі нам у музей шмат яго асабістых рэчаў. Яны будуць у нас захоўвацца. Гэта наш гонар, - зазначыла Людміла Градзіцкая. - У маёй памяці назаўсёды застанецца вобраз Уладзіміра Шчаснага. Акуратны, у прыгожым, добра адпрасаваным касцюме, з роўнай спінай. А як ён цудоўна выконваў паланэз – можна было любавацца!” .

Цікавы факт: у юнацтве Уладзімір Шчасны быў удзельнікам ансамбля песні і танца імя Агінскага. У складзе танцавальнай групы выконваў паланэз, “Смаргонскія абаранкі” і іншыя кампазіцыі. З таго часу імя Міхала Клеафаса суправаджала Уладзіміра Рыгоравіча на працягу жыцця.

Людміла Уладзіміраўна зрабіла яшчэ некалькі штрышкоў да партрэта Уладзіміра Шчаснага: “У яго быў прыватны дом пад Мінскам. Уладзімір Рыгоравіч выдатна спраўляўся з гаспадарчымі справамі: гатаваў, прыбіраў, касіў… Калі ён прыязджаў да нас увосень, то заўсёды прывозіў вялікі кошык з яблыкамі і вінаградам”.  

Дапоўніла аповед дырэктара музея і Таццяна Ражэва: “Калі мы пазнаёміліся з Уладзімірам Рыгоравічам, ён падаўся мне недасягальнай вышынёй. Калі пачалі супрацоўнічаць, аказалася, што ён вельмі просты ў зносінах чалавек. Рэдка можна сустрэць людзей, якія шмат дасягнулі ў жыцці, але пры гэтым заставаліся такімі сціплымі. Уладзімір Рыгоравіч, калі штосьці  раіў, то рабіў гэта далікатна, тактоўна. Умеў слухаць. Яго дыпламатычнасць адчувалася ў стасунках з людзьмі.

Ён моцна любіў Смаргонь. Са сваімі аднакласнікамі увесь час падтрымліваў сувязі. Яму хацелася зрабіць нешта прыемнае для людзей. З намі ён шчыра дзяліўся не толькі сваім вопытам, разуменнем таго, як будзе лепш, але і матэрыяльнымі здабыткамі, многія экспанаты ён падарыў музею”.

Сваімі ўспамінамі пра Уладзіміра Шчаснага падзялілася Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Аўстрыі ў Рэспубліцы Беларусь Алаізія Вергэтэр. Яны пазнаёміліся на балі ў Залессі ў верасні 2019 года і пасля гэтага мелі стасункі.

“Ён паказаў аўстрыйцам, у тым ліку і мне, што ў Беларусі так цэняць танцы і танцавальную культуру. Аўстрыйскі баль немагчымы без паланэза. Праўда, што такое сапраўдны паланэз, я даведалася толькі тут, на балі ў Залессі. Уладзімір Шчасны быў элегантным партнёрам па танцах і выдатным знаўцам гісторыі роду Агінскага”, - адзначыла Алаізія Вергэтэр. 

14.jpg

Мерапрыемства адбывалася ў музычнай зале, дзе быў створаны “куток Шчаснага” – сабраны асабістыя рэчы Уладзіміра Рыгоравіча: мэбля, узнагароды, кнігі, фотаздымкі…  

5.jpg

6.jpg

8.jpg

7.jpg

Пасля гэтага прысутныя сталі ўдзельнікамі адкрыцця выставы “Беларусь на геаграфічных картах ХVI-XIX” (экспанаты – з калекцыі Уладзіміра Шчаснага, якія ён у свой час перадаў музею). “Гэта арыгіналы і копіі картаграфічных публікацый, выдадзеных у Заходняй Еўропе. Калекцыя апісвае асноўныя этапы развіцця картаграфічнага аблічча беларускіх зямель на працягу амаль чатырох стагоддзяў. Карты, у асноўным, Уладзімір Шчасны купляў у антыкварных крамах Лондана і на аўкцыёнах, - адзначыў супрацоўнік музея Юрый Шэлег. - Сваю калекцыю ён выстаўляў у многіх музеях Беларусі, аднак канчатковым месцам экспанавання выбраў музей-сядзібу М. К. Агінскага, бо менавіта ў гэта месца Уладзімір Рыгоравіч уклаў часцінку сваёй душы”.

12.jpg

11.jpg

10.jpg

Галіна АНТОНАВА.

Фота і відэа аўтара.