Лялечнаму тэатру “Смаргонская батлейка” прысвоена званне “ўзорны”
У творчай скарбонцы калектыву - 25 спектакляў. Штогод юныя артысты рыхтуюць новыя пастаноўкі, асвойваюць новыя ролі. Тэматыка пастановак разнастайная: біблейска-містэрыяльныя сцэны, сямейна-побытавыя і сямейна-абрадавыя сцэнкі, п’есы айчынных і замежных класікаў, а таксама сучаснікаў і аўтарскія – напісаныя кіраўніком калектыву Інай Яновіч. Арыгінальныя рэжысёрскія знаходкі, ігра лялькаводаў, музыка, жывыя народныя інструменты, святло, дэкарацыі дапамагаюць ствараць запамінальныя спектаклі.
“Смаргонская батлейка” складаецца з дзвюх груп першага і другога года навучання, - удакладняе Іна Яновіч. – У трупе – 25 чалавек ва ўзросце ад 6 да 13 гадоў. Усе ўдзельнікі маюць пэўныя творчыя здольнасці, вобразнае мысленне, уяўленне, фантазію, артыстызм.
Мы арыентуемся на нацыянальныя традыцыі беларускага мастацтва, хрысціянскую духоўнасць і агульначалавечую мараль. На занятках вялікую ўвагу надаем развіццю маўленчых навыкаў і крэатыўнасці, асновам сцэнічнага руху і лялькаваджэння. У юных артыстаў назіраецца значны прагрэс у выканальніцкім майстэрстве: узрастае сцэнічная культура, з’яўляецца выразнасць дыкцыі, уменне імправізаваць”.
Лялечны тэатр пастаянна папаўняе свой рэквізіт. Сама батлейка зроблена мясцовым умельцам па эскізе Іны Яновіч. А лялькі і дэкарацыі ўдзельнікі з Інай Уладзіміраўнай на занятках робяць сваімі рукамі.
Дзіцячы тэатр зарэкамендаваў сябе як творчы калектыў, у якім гарманічна развіваюцца здольнасці дзяцей. Пра гэта сведчаць паспяховыя выступленні на фестывалях і конкурсах. За апошнія 4 гады калектыў неаднаразова станавіўся дыпламантам і лаўрэатам адкрытага рэгіянальнага фестывалю батлеечных тэатраў “Чароўны свет батлейкі”, раённага конкурсу тэатралізаваных пастановак “Вясёлы карагод”, абласнога агляду-конкурсу аматарскіх тэатральных калектываў.
Калектыў пастаянна ўдзельнічае ў гарадскіх мерапрыемствах, дабрачынных акцыях, вечарах сямейнага адпачынку, фальклорных святах. За 5 гадоў існавання даў больш за 70 прадстаўленняў для для вучняў і педагогаў устаноў адукацыі Смаргоншчыны, для дзяцей з прыёмных і малазабяспечаных сем’яў, для дзяцец з асаблівасцямі ў развіцці.
Атрымаўшы званне ўзорны, спачываць на лаўрах “Смаргонскай батлецы” не давядзецца. Юных лялькаводаў чакае напружанае, але вельмі цікавае творчае жыццё. А новы сезон пачнецца ўжо ў верасні. У першы дзень восені смаргонскія артысты будуць выступаць на свяце беларускага пісьменства ў Слоніме.
Як адзначыла Іна Яновіч, будучым лялькаводам уваход у тэатр адчынены. Той, хто хоча спасцігнуь чароўны свет батлейкі, можа без сумніву запісвацца ў лялечны гурток. Запрашаюцца ўсе жадаючыя.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.