Гараньскі Мэт Дэйман. На Смаргоншчыне жыве самабытны музыка, які адыграў больш за сто вяселляў
Мэт ДЭЙМАН
Пётр ДРАГУН (1965 г.)
Стаць акцёрам першай велічыні, нарадзіўшыся ў Гаранях у гады ваеннага ліхалецця, напэўна, немагчыма. А вось стаць першым гарманістам у сваёй ваколіцы – яшчэ як можна.
Кіно з музычнай паўзай
Такіх, як Пеця, называюць “дзіця вайны”: ён нарадзіўся ў 1943 годзе. У трохгадовым узросце хлопчык захварэў на поліяміэліт. Цяпер ад гэтай хваробы робяць прышчэпкі, а тады – хто іх рабіў? Поліяміэліт – адно самых цяжкіх інфекцыйных захворванняў, якое асабліва не шкадуе малых дзяцей са слабым імунітэтам (а дзе яго было ўзяць пасля вайны?). У выніку хвароба моцна паралізуе чалавека. Часам, пасля яе можна і памерці.
Трохгадовы Пеця выжыў. Але перажыў неймаверныя мукі:
- Калі мясцовы ўрач убачыў, як за ноч мае ногі хвароба выкруціла практычна на 180 градусаў, адразу накіраваў у сталічную бальніцу. Мяне туды завезлі і пакінулі аднаго – бацькам не дазволілі застацца. Там ногі адварочвалі назад. Без наркозу. Балела – горш як пасля аперацыі. Крычаў нема.
Да дванаццаці гадоў я толькі поўзаў. А пасля стаў на мыліцы. Яшчэ нейкі апарацік мне зрабілі: як стаю, замок на калені трэба замыкаць, як саджуся – адмыкаць.
Сяброў у мяне было шмат, ніхто нада мной не насміхаўся. Наадварот, увесь час падтрымлівалі, бывала, складуць рукі крыжам, я сяду зверху – і нясуць мяне куды трэба. Ці на плячах. Калі ў вайну гулялі, я заўсёды камандзірам быў. У маім падпарадкаванні заўсёды быў Аркадзь (вядомы беларускі пісьменнік Аркадзь Жураўлёў родам з Гараняў, менавіта ён прапанаваў напісаць матэрыял пра музыку – аўт.). Калі хлопцы паб’юцца – я іх заўсёды міру, - мой суразмоўца смяецца, успамінаючы былое.
Старэйшы брат Міша, які працаваў асфальтоўшчыкам у Мінску і граў на трубе ў заводскім духавым аркестры, купіў для брата гармонік. Пецю было тады дваццаць гадоў.
- Граць я навучыўся сам праз сябе. Ніхто мне нічога не паказваў – не было каму, -удакладняе мой суразмоўца. – Калі пачаў вучыцца, мяне сталі папракаць: “Надаеў ты, пішчачы, кідай”. Пасля гэтага сядаў вучыцца граць, калі заставаўся дома без людзей. Надумаю песню якую сыграць, пікаю-пікаю – і напікаю. Першай развучыў “Рябину кудрявую”. Па радыё яе пачуў. З патэфона таксама развучваў мелодыі.
Вясковыя танцы (канец 60-х гг.)
Пасля і танцы вясковыя навучыўся граць – польку, вальс, кракавяк, падыспан, факстрот, танга. Польку-Енку дзеўкі надта любілі. А я вельмі любіў вальс з кінафільма “Весна на Заречной улице”. Увогуле, шмат песень з кінафільмаў развучыў, бо ў нашым доме кіно круцілі.
На кухні апаратуру ставілі, а ў сенцах – экран і людзі сядзіліся. Пасля таго, як кіно скончыцца, “кіншчык” апаратуру пакідаў, за ёй прыязджалі іншыя людзі і адвозілі яе ў Смаргонь. Наша вёска крайняя ў раёне, “кіно” аб’язджала па дарозе ўсе вёскі, а ў нас завяршаўся паказ фільма. Апаратуру маглі не забіраць некалькі дзён, тады ў мяне была магчымасць уключыць фільм і некалькі разоў слухаць мелодыі, пакуль не запомню іх.
Аднойчы так сталася, што хлопцы не знайшлі музыкаў для вечарынкі і прычапіліся да Пеці, каб пайграў.
- А я засаромеўся: бабы яшчэ абгавораць. Мне здавалася, як зайграю, яны ўсе на мяне глядзець будуць… Чарку тады не піў. Таму і хваляваўся моцна. Упрасілі. Як пачаў граць польку – усе ў скокі кінуліся. Ну, мне і палягчэла. Пасля гэтага пастаянна на вечарынкі звалі. Меў за гэта нейкую капейку. Праўда, калі ў сваёй вёсцы граў – ніколі грошай не браў.
У гарадах кіначасопіс паказвалі перад фільмам, а ў Гаранях пакуль аператар рыхтаваўся да паказу, дзеці пад Пецеў гармонік танцавалі, бабы частушкі спявалі. Вёска адзначала рэлігійнае свята – гармонік і песні на ўсё Свірскае возера гучалі.
Пан Васалоўскі
Хутка Пётр і на вяселлях стаў граць. У якасці кампаньёнаў меў пяць скрыпачоў. Яны жылі ў розных месцах. Едзе за Свірскае возера – адтуль заве музыку, у Малінаўку – другога, у Вішнева – трэцяга… Усе скрыпачы былі старэйшыя за гарманіста. Пятру было трыццаць гадоў, а яго напарнік Стась Тумаш (самы сталы скрыпач) - пенсіянер.
Скрыпач Стась ТУМАШ і гарманіст Пётр ДРАГУН (1968 г.)
Як заўважыў мой бацька, калі ён быў маладым, важнейшым лічыўся гарманіст, які граў адначасова на дудачцы – невялікай чарацянай трубачцы з доўгім надрэзаным язычком і раструбам. Гэты інструмент Пётр рабіў сам і іншых вучыў. Валя Шкель, пляменніца Пятра, успамінае, як дзеці на ўсе Гарані пішчалі ў гэтыя дудачкі.
Пётр Драгун сыграў больш за сотню вяселляў. Пачаў дзесьці ў сярэдзіне 50-х гадоў мінулага стагоддзя. На вяселлі маіх бацькоў у 1965 годзе гэты музыка таксама граў. Апошні яго вясельны акорд прагучаў у 1976, калі Пецева сястра выдавала замуж дачку. На той час ужо мала хто зваў самабытных музыкаў, папулярнымі сталі інструментальныя ансамблі.
- Помню, на вяселлі граў за Оршай, а там адны жанчыны, мужыкоў амаль няма, так вайна там прайшлася па людзях, - успамінае Пётр Андрэевіч. – У “польскім” баку мяне звалі пан Васалоўскі, там песню “Сто лят” асабліва любілі. А самым папулярным танцам на ўсіх вяселлях была мясцовая полька. Зайграю – госці як дадуць нагамі, пыл слупам!
Вяселле (1973 г.)
«Тяжела и неказиста жизнь «народного артиста», - у гэтым, дарэчы, ёсць праўда. Начаваць нам даводзілася, дзе прыйдзецца: і на падлозе са сватамі, і ў хляве на сене. А бывала і культурна пасцеляць – на ложак. Раніцай заўсёды пахмяліцца прыносілі. Праўда, на самім вяселлі мы спіртным не злоўжывалі. Крыху толькі – каб весялей гралася.
Акрамя танцаў, музыкі гралі на выкупе нявесты, як сустракалі маладую, калі вялі да жаніха і калі маладыя выходзілі з касцёла. Як бабы жалобныя абрадавыя песні спявалі – таксама падыгрывалі.
Вяселле (1967 г.)
Канкрэтную суму за вяселле Пётр не вызначаў. Праўда, існавала адна традыцыя, якая патрабавала ад жаніха пэўных матэрыяльных укладанняў – выкуп у гарманіста гармоніка. Гралі музыкі “за маршы”, падчас якіх трэба было падысці да кожнага госця і павіншаваць замоўленай асабіста ім песняй. Маршы добра вымотвалі музыкаў, бо на некаторыя вяселлі запрашалі па сто і больш чалавек. Некаторыя госці заказвалі па дзве, а то і па тры песні.
Бывала, што з вяселля Пётр вяртаўся ажно ў сераду (ад’язджаў у суботу). Ён быў чалавекам вольным, без сям’і, таму ніякіх папрокаў з боку родных не меў. Наадварот, бацькам падабалася, што іх сын запатрабаваны, заўсёды з людзьмі. А мог бы застацца сам-насам са сваёй хваробай.
Пётр быў яшчэ і заўзятым рыбаком. Ад яго дома да Свірскага возера – рукой падаць. І калі музыка часам для Пятра была пэўнай напругай, то рыбалка – поўны рэлакс.
За жыццё Пётр Андрээвіч адыграў на трох гармоніках. Апошні аддаў у рамонт некалькі гадоў таму. З рамонту інструмент не вярнуўся. Застаўся музыка без сваёй гармошкі… Але любімыя гукі прадаўжаюць гучаць у доме Пятра Драгуна. Толькі не ўжывую, а ў запісы.
Штотыдзень музыка ўключае тэлевізар, галоўную перадачу свайго жыцця “Грай, гармонік” (глядзіць яе больш за трыццаць гадоў) - і, як на машыне часу, вяртаецца ў сваё музычнае жыццё.
Пётр ДРАГУН разам са сваёй старэйшай сястрой цяпер жывуць у адным доме
***
Гаранскія вёсны
Гучыць напеў ля хаты роднай,
Ён для мяне як сон, як зман –
Замуравелай сцежкі тайны
Пятроў разгадвае баян.
Застыла поўня па-над вёскай,
Дзе шмат не свеціцца акон.
Ад роднай хаты сцежка ў вёсны,
Да родных, дарагіх імён.
І возера гайдае лодку
На хвалях роздумаў старых,
Там п’е кахання асалоду
Чыёсь юнацтва да зары.
За вёскай дзесь пяюць дзяўчаты,
І бэз дурманіць сэрца зноў...
А на душы сляпыя хаты,
Самотны жаль глухіх двароў. (Аркадзь ЖУРАЎЛЁЎ)
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара і з архіва Пятра ДРАГУНА.