Сям’я пад крыламі шчасця
Сям’я як асноўны элемент грамадства была і застаецца захавальніцай чалавечых каштоўнасцей культуры і гістарычнай пераемнасці пакаленняў, фактарам стабільнасці і развіцця. Асноўнай мэтай сямейнай палітыкі дзяржавы з’яўляецца забеспячэнне неабходных умоў для рэалізацыі сям’ёй яе эканамічнай, выхаваўчай і культурна-псіхалагічнай функцый.
Дзяржава клапоціцца і аказвае падтрымку шматдзетным сем’ям. Наша сям’я Слабко адчувае ўсебаковую дапамогу. У першую чаргу, гэта субсідыя на будаўніцтва жылля. Якраз цяпер мы робім рамонт у нядаўна набытай новай кватэры. Не трэба забываць пра ільготы ў сферы адукацыі: харчаванне, плата за карыстанне падручнікамі.
Дзякуючы сацыяльнай падтрымцы, у тым ліку і фінансавай, наша маленькая ячэйка грамадства мае магчымасць удзельнічаць у розных конкурсах і мерапрыемствах. Асабліва яркія ўражанні атрымалі падчас конкурсу “Сям’я года”. Мы два разы прымалі ўдзел у гэтым мерапрыемстве. Спачатку ў сваім родным горадзе Смаргоні, дзе занялі другое месца, а пазней наша выступленне ацанілі ў вобласці, дзе мы з гонарам вытрымалі ўсе іспыты.
Старэйшая дачка Валерыя, гледзячы на нашу актыўную жыццёвую пазіцыю, таксама не застаецца ў баку. Яна ўдзельнічала ў конкурсе “Лідар года”, дзе заняла другое месца. Творчая, мэтанакіраваная, выдатніца ў вучобе, захапляецца фатаграфіяй. Дзякуючы паспяховаму ўдзелу ў шматлікіх конкурсах і праектах, Валерыя атрымала пуцёўку ў дзіцячы аздараўленчы цэнтр “Зубраня”, які вельмі яе ўразіў і яшчэ надоўга застанецца ў памяці.
Трэба памятаць, што толькі з роднай зямлі чалавек можа чэрпаць сілу і моц, каб жыць шчасліва, мірна, у дастатку. А як жа інакш? Жыць і працаваць сумленна на зямлі сваёй!
Таццяна СЛАБКО, настаўніца СШ №7.