Майстры дарожных спраў

 

Майстры дарожных спраў

Благоустройство и экология
26.10.2019
1738
Другі год запар кастрычнік з’яўляецца напружаным месяцам для работнікаў ДРБУ-134. Летась яны ў гэты час працавалі на маштабным аб’екце – рэканструявалі ўчастак праспекта Індустрыяльнага. Сёлета ў смаргонскіх дарожнікаў яшчэ больш адказны аб’ект – горад Смаргонь, які неабходна падрыхтаваць да абласных “Дажынак”.

Фронт работ вялікі, адной арганізацыі не справіцца, таму ў гэтай справе дапамагаюць работнікі дарожных арганізацый з суседніх раёнаў. Трэба ўлічваць і тое, што на абслугоўванні ДРБУ-134 знаходзіцца амаль 800 кіламетраў аўтамабільных дарог, якія пралягаюць па ўсім раёне. Амаль 80 кіламетраў вуліц у сельскіх населеных пунктах. Каб выконваць пэўныя дарожныя работы, у арганізацыі ёсць неабходная аўтатрактарная тэхніка.

Сёлета было адрамантавана гравійнае пакрыццё дарогі Смаргонь – Дзевятні – Жодзішкі, на ўчастку каля вёскі Пільці. Дарожнае палатно падсыпана гравіем, нарэзаны кюветы. На дарозе Смаргонь – Шутавічы – Сівіца, ад Байбаў да павароту на Сінькі пакладзены адзін слой асфальтабетону, выканана паверхневая яго апрацоўка.

У належны стан прыведзены ўчасткі дарог Астравец – Тракелі – Солы, Гарыдзеняты – Расла – Жодзішкі, участак дарогі ад моста ў Снігянах да павароту на Валэйкавічы.

Спецыялізаваная арганізацыя “Аўтамост” адрамантавала мост у Жодзішках, які знаходзіцца каля млына.

На тэрыторыі ДРБУ-134 ёсць рамонтная майстэрня, гаражы для аўтатранспарту, склад таварна-матэрыяльных каштоўнасцей. Каля вёскі Міхневічы знаходзіцца асфальтабетонны завод, які належыць гэтай дарожнай рамонтна-будаўнічай арганізацыі, дзе вырабляюцца асфальтабетонныя сумесі. На тэрыторыі прадпрыемства размешчаны драбільна-сартавальны комплекс сыпучых матэрыялаў і ўстаноўка для мыйкі шчэбеню.

На балансе ДРБУ-134 знаходзяцца два кар’еры па здабычы гравію. У адным з іх устаноўлена драбільна-сартавальная ўстаноўка па перапрацоўцы каменнага матэрыялу.

Цяпер дарожнікі ўзмоцнена рыхтуюцца да зімы. Да ўстойлівых халадоў з галаледзіцай ім неабходна назапасіць дастатковую колькасць пясчана-солевай сумесі, правесці апошняе прафіляванне гравіек і грунтовых дарог, выправіць крытычную ямачнаць, устанавіць на абочынах сігнальныя вехі, падрыхтаваць спецыяльную тэхніку: грэйдэры, пагрузчыкі, раскідвальнікі пяску, трактары і аўтамабілі рознага прызначэння.

IMG_8206.JPG

Машыніст асфальтаўкладчыка Валерый МАКРЫЦКІ


IMG_8121.JPG

Аляксандр ЛЕМЕШ, вадзіцель аўтамабіля і па сумяшчальніцтве дарожнік, працуе з бензарэзам. Яго напарнік – дарожны рабочы Іван ГУЛЬБІЦКІ ўлаўлівае пыл прамысловым пыласосам


IMG_8106.JPG

Работнікі ДРБУ-134 загружаюць у коўш пагрузчыка здробненае асфальтавае пакрыццё


Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.