Калі ты бачыш паштальёна - глядзіш з надзеяй на яго...


Все новости


Калі ты бачыш паштальёна - глядзіш з надзеяй на яго...

IMG_5431.JPG

Сёння ў Смаргоні ўжо не раённы, а рэгіянальны вузел паштовай сувязі. Узбуйненне адбылося напрыканцы мінулага года. Паштовыя падраздзяленні ў Ашмянах і Астраўцы перайменаваны ва ўчасткі. І паколькі ў  апошнім з іх ужо няма сартавання пошты, то дабавілася работы смаргонскім паштавікам. Увогуле, у Смаргонскім рэгіянальным вузле паштовай сувязі цяпер 50 паштовых аб’ектаў.

За 2018 і шэсць месяцаў гэтага года Смаргонскі вузел паштовай сувязі (без ашмянскага і астравецкага ўчасткаў) быў прызнаны лепшым сярод такіх жа падраздзяленняў Гродзенскай вобласці па аказанні паштовых паслуг. І цяпер тут справы ідуць нядрэнна, ёсць надзея на тое, што і 2019 год будзе такім жа паспяховым.

“Нас закранулі мадэрнізацыя і новыя тэхналогіі, - падзялілася навінамі начальнік Смаргонскага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Аліцыя Гедройц. – Сёлета ў сакавіку быў ўкаранёны праграмна-тэхнічны комплекс па сачэнні за рэгіструемымі паштовымі адпраўленнямі на ўсіх стадыях апрацоўкі. Напрыклад, калі мы адпраўляем пісьмо ці нешта іншае ў Гомельскую вобласць, то на сайце РУП “Белпошта” ў сістэме сачэння можна вызначыць, дзе, на якім участку знаходзіцца тое, што было адпраўлена з нашай пошты”.

На пошце з’явіўся новы від паслугі, і ў сувязі з гэтым выпушчана ўпакоўка з аплатай перасылкі. Гэта гофракардонная скрынка, якую чалавек купляе, дома кладзе туды нейкія рэчы, запакоўвае і без стаяння ў чарзе аддае на пошце аператару. Ён апячатвае пасылку (без узважвання) і адпраўляе яе да месца прызначэння. 

Дастаўляе пошта і тавары, якія людзі купляюць у інтэрнэт-магазінах. Вага паштовых адпраўленняў – 30 і больш кілаграмаў. Гэта могуць быць будаўнічыя матэрыялы, садовы інвентар, складаная бытавая тэхніка. Адным словам, буйнагабарытныя тавары. Паштовая машына прывозіць іх да дзвярэй дома пакупніка.

Аліцыя Вітольдаўна адзначы­ла, што ў нашым раёне павялічылася колькасць вадзіцеляў-паштальёнаў. Цяпер іх тры. І адна з гэтай групы Рэгіна Гардзевіч у 2018 годзе стала лепшай сярод калег вобласці па продажы паштовых паслуг.

Увогуле, цяпер у сельскай мясцовасці вадзіцель-паштальён спалучае яшчэ і абавязкі сацыяльнага работніка. Паколькі ён мабільны, то можа хутка задаволіць заяўкі жыхароў, даставіць ім тавары народнага спажывання, якія ёсць у аддзяленні паштовай сувязі. Гэта зручна, асабліва для пажылых людзей. Ды і зона абслугоўвання ў паштальёна-вадзіцеля значна большая, чым у яго калегі, які з сумкай праз плячо ходзіць пешшу ад вёскі да вёскі. 

Неўзабаве вадзіцель-паштальён стане яшчэ больш тэхнічна аснашчаным. Ужо распрацоўваецца праграма па забеспячэнні  гэтага работніка ноўтбукам, прыстасаваннем для счытвання інфармацыі з банкаўскай пластыкавай карткі. Гэта дазволіць ажыццяўляць плацяжы ў рэжыме рэальнага часу.

Смаргонскі рэгіянальны вузел паштовай сувязі атрымлівае 26 тысяч экзэмпляраў газет. Паштальёнам неабходна іх пасартаваць, разнесці па хатах. Гэта вялікі аб’ём работы. Таму працу паштальёнаў не назавеш лёгкай. А яшчэ яны прапаноўваюць гарадскім і сельскім жыхарам выпісаць тую ці іншую газету альбо часопіс. Гэтай справай займаюцца і начальнікі аддзяленняў, аператары паштовай сувязі падчас выплаты пенсій ці аказанні іншых паслуг. Яны добра разумеюць:                                                                           людзі павінны ведаць, што робіцца ў раёне і за яго межамі.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

05.10.2019

Возврат к списку