Яўстафій Талыш: Жудасныя ўспаміны дзяцінства

 

Яўстафій Талыш: Жудасныя ўспаміны дзяцінства

Оксана ГЕЙБОВИЧ
22.03.2022
1425
Летам 1943 года карны атрад у вёсцы Крыўск спаліў 40 хат з 60. Аб тым, як гэта здарылася, запомнілася на ўсё жыццё ўраджэнцу вёскі Яўстафію Талышу. На той момант яму было 11 гадоў.

IMG_0056.JPG

- Немцы ішлі пехатой, але на падвозе везлі кулямёт і гаручае. Мы баяліся, што нас згоняць у адно гумно і спаляць, як гэта было ў Кражына. Чуткі аб расправе над жыхарамі  вёскі Валожынскага раёна дайшлі і да нас, таму мы па чарзе дзяжурылі ноччу – пільнавалі дарогу, - пачынае свой аповед Яўстафій Юльянавіч. - У Ракаўцах немцы ўзялі чалавека, які павінен быў падвесці іх да Крыўска з боку лесу, каб сяляне іх не ўбачылі і не ўцяклі. Калі ён прывёў іх у вёску з другога боку, карнікі моцна яго пабілі.

Аб тым, што да нас накіроўваюцца немцы, паведаміла жанчына, якая жыла ў Ракуцева, але прыходзіла да бацькоў у Крыўск. Яна прыбегла напрасткі ў вёску і паспела ўсіх папярэдзіць. Таму амаль усім удалося ўцячы. Мой бацька на кані, а мы з мамай з кароўкай і цялушкай пабеглі да кустоў, а затым накіраваліся да сваякоў у Слабаду. Дахі былі саламяныя, таму хаты загараліся вельмі хутка. Некалькі чалавек не паспелі ўцячы, але іх і хаты не чапалі. Распыталі толькі пра Грышку – аднаго з салдатаў-акружэнцаў, якія пасяліліся ў вёсцы ў пачатку вайны. Гэты крыўскі Грышка, як яго называлі ў ваколіцах, абіраў і збіваў простых людзей.  

Наша хата ўцалела. У той дзень згарэлі толькі пара коней і кароў. Але галоўнае, што людзі засталіся жывымі.  

Калі ўсё сціхла, вяскоўцы пачалі вяртацца назад. У многіх уцалелі бані і хлявы, там яны і пасяліліся. Паступова людзі сталі адбудоўваць свае хаты.

Восенню 1944 года бацьку забралі на вайну. Зусім мала не дажыў ён да Вялікай Перамогі - у сакавіку 1945 года загінуў у Венгрыі. Пасля заканчэння вайны прыйшло паведамленне, што тата там пахаваны на гарадскіх могілках. Унучка ў інтэрнэце знайшла магілу і помнік бацьку.

Застаўся я адзін з маці. У 13 гадоў прыйшлося стаць гаспадаром і выконваць усю мужчынскую працу. Цяжкім было жыццё пасля вайны, - зазначае мой суразмоўца.

Пачынаў сваю працоўную дзейнасць Яўстафій Юльянавіч у полі з канём, затым – на гусенічным трактары. Апошнія 20 гадоў, пакуль не пайшоў на пенсію, адпрацаваў на калгасным складзе. 

Яўстафій Талыш вельмі ганарыцца хатай, якую пабудаваў для сваёй сям’і. На прысядзібным участку выкапаў саджалку, у якой разводзіў рыбу, збудаваў баню, летнюю кухню і гараж для машын сваіх дзвюх дачок. І амаль усё гэта сваімі рукамі…

19 красавіка доўгажыхар адзнача вельмі прыгожы юбілей - 90 гадоў. Не кожнаму дадзена столькі пражыць і пабачыць на сваім жыццёвым шляху. Тым больш уражвае аптымізм і маладосць душы гэтага чалавека. 

Аксана ГЕЙБОВІЧ.

Фота аўтара.